Пачатак 2018-га стаў у многім знакавым для сістэмы аховы здароўя Ушаччыны. У раённай паліклініцы адбылося афіцыйнае адкрыццё новага рэнтген-кабінета – з добрым рамонтам, сучасным абсталяваннем.
Грошы на ўладкаванне рэнтген-кабінета – а гэта звыш за 150 тысяч рублёў – выдзелены з абласнога бюджэту. А новы стацыянарны лічбавы рэнтгеналагічны апарат “Уніэксперт 3 плюс” коштам каля 250 тыс. руб. атрыманы па цэнтралізаванай закупцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Як патлумачыў галоўны ўрач Ушацкай ЦРБ Сяргей Маісееў, з дапамогай такога абсталявання можна праводзіць рэнтгеналагічнае даследаванне костак, органаў грудной клеткі і брушной поласці, пазваночніка, суставаў, зубоў.
У рэжыме рэальнага часу пад рэнтгенаўскімі промнямі можна правесці скапічнае даследаванне стрававода, страўніка, а таксама ірыгаскапію кішэчніка. Апарат дазваляе таксама зрабіць тамаграфію.
“Па сутнасці, гэта лепшы ў рэспубліцы апарат у сваім класе, – адзначыў Сяргей Анатольевіч. – Пахваліцца такім могуць далёка не ўсе ўстановы аховы здароўя нават абласнога ўзроўню”.
Зрэшты, адкрыццё сучаснага рэнтген-кабінета – не адзіны значны крок Ушацкай ЦРБ на шляху мадэрнізацыі. Вялікае тэхналагічнае перааснашчэнне адбылося летась у кабінеце ультрагукавой дыягностыкі. У жаночай кансультацыі ўстаноўлены фетальны манітор для комплекснай дыягностыкі стану плода і арганізму будучай маці. Кошт такога абсталявання каля 60 тысяч рублёў.
У снежні набыты ажно тры сучасныя ўстаноўкі для лячэння зубоў.
У эндаскапічным кабінеце ўстаноўлены каланаскоп, рэктаскоп, фібрагастраскопам. Дапаўняе тэхналагічную аснашчанасць кабінета нядаўні прыход сюды вопытнага ўрача-эндаскапіста.
Не пакінуты без увагі аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі, анестэзіялогіі-рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі – там з’явіліся тры новыя ЭКГ- апараты.
Абнавіліся рэгістратура і фізіятэрапеўтычнае аддзяленне. На іх рамонт было выдзелена 290 тыс. руб., 60 з якіх пайшлі на набыццё медыцынскага абсталявання і мэблі.
Перамены закранулі і харчаблок, дзе ўстаноўлены новыя пліты і халадзільная сістэма. Закуплены прафесійная патэльня, смажыльныя шафы, мыйкі, прылады для апрацоўкі мяса і агародніны. У бягучым годзе тут і ў цэнтралізаваным стэрылізацыйным аддзяленні запланаваны рамонт.
Папрыгажэла ў апошні час і тэрыторыя вакол бальніцы – ліквідаваны старыя насаджэнні, часткова заменена агароджа. А навядзенне чысціні вакол установы, догляд за кветнікамі сталі добрай традыцыяй.
З новаўвядзеннямі ўстановы асабіста азнаёміўся старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, які прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці рэнтген-кабінета.
— Упэўнены: працаваць у такіх умовах медперсаналу будзе надзвычай камфортна, ацэняць зробленае і пацыенты, – падкрэсліў Уладзімір Паўлавіч. – Ад сябе ж магу адзначыць: фінансаванне такой важнай галіны, як ахова здароўя, сёлета зніжана не будзе. Больш таго, мы дамовіліся з Сяргеем Анатольевічам аб выдзяленні бальніцы дадатковых сродкаў на добраўпарадкаванне. У 2018-м, мяркую, усе рамонтна-будаўнічыя і іншыя работы ў ЦРБ будуць завершаны.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.