Паданне сведчыць, што дужа даўно, калі Хрыстос з Пятром хадзілі па зямлі, адбыўся такі выпадак. Неяк галодны Пятро, які насіў у торбачцы пасілак, адламаў крадком кавалачак хлеба ды паклаў сабе ў рот. Але не паспеў праглынуць, як яго запытаў Хрыстос: што яшчэ добрае можна зрабіць для людзей? Збянтэжаны Пятро выплюнуў хлеб, і з яго пачалі расці грыбы. Да сёння яны з’яўляюцца адной з любімых страў і ці не самай запатрабаванай падчас пастоў, асабліва ў Пятроўку.
Як зваліся першыя на свеце грыбы, у паданні не ўдакладняецца. Можа, з цягам часу яны сталі вядомыя пад назвай шампіньёны, што ў перакладзе з французскай мовы значыць «грыб»? Як бы там насамрэч ні было, на беларускіх абшарах мала аматараў ціхага палявання, якія б не бачылі шампіньёнаў, або пячурак па-нашаму. Але ў кошык такія грыбы кладуць толькі знаўцы, таму што знячэўку можна зблытаць з падобнымі да іх ядавітымі. Аўтару гэтых радкоў пячуркі трапляліся ў цэнтры Віцебска, нездарма ж кажуць, што яны «рэкардсмены ў пад’ёме цяжкасцяў» – прабіваюцца нават праз асфальт.
Гісторыя вырошчвання шампіньёнаў бярэ пачатак у Рымскай імперыі і налічвае амаль тысячу гадоў. Сёння ж гэтым займаюцца ў многіх краінах свету. Аднак нягледзячы на сваю распаўсюджанасць, у айчынным продажы да нядаўняга часу шампіньёны былі рэдкасцю, і то зазвычай імпартныя – польскія, літоўскія. Прадпрыемствы па вытворчасці іх у Беларусі можна пералічыць па пальцах. Што тычыцца нашай вобласці, дык тут калі хто і заняты грыбаводствам, то ў аматарскіх маштабах. І ўсё ж сітуацыя пакрысе змяняецца. Адчувальна ўплывае на яе маладое таварыства з абмежаванай адказнасцю «Майстар-грыб», першае такое ў Віцебскім раёне. Цікавую экскурсію ў прыгарадную вёску Васількі, дзе размешчана прадпрыемства, для карэспандэнтаў «ВВ» арганізаваў намеснік старшыні Віцебскага райвыканкама Віктар Дарожкін.
Гэты будынак – былое зернясховішча, якое неаднаразова выстаўлялі на аўкцыён, аднак пакупнікі не знаходзіліся. Пасля доўгіх пошукаў віцяблянін Юрый Альфер звярнуўся ў райвыканкам з прапановай: вырошчваць у пустуючай мураванцы шампіньёны. Дзеля развіцця малога прадпрымальніцтва яе аддалі бясплатна. У закінутым памяшканні з земляной падлогай новыя гаспадары ўласнымі сіламі зрабілі рэканструкцыю, па прынцыпе тэрмаса абсталявалі камеры для вырошчвання грыбоў. Тут пастаянныя тэмпература паветра, вільготнасць, вентыляцыя.
Дырэктар ТАА «Майстар-грыб» Юрый Альфер і яго намеснік Юрый Фомчанка – заядлыя грыбнікі, праўда, шампіньёны куплялі ў краме. На іх самастойнае вырошчванне натхніла тэлеперадача, прысвечаная культываваным грыбам. Пачытаўшы спецыяльную літаратуру, цёзкі-аднадумцы прыйшлі да высновы, што грыбаводства магчыма і на Віцебшчыне. За вопытам яны з’ездзілі на Украіну, дзе зараз нямала такіх прадпрыемстваў і існуе сапраўдная школа па вытворчасці шампіньёнаў. Зрэшты, па адукацыі абодва Юрыі – урачы, а Юрый Фомчанка нават кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, так што біялогія з хіміяй – блізкія ім навукі. Падабаецца і прадпрымальніцтва, бо, кажуць, гэта захапляючы працэс. Вывучыўшы тэхналогію шампіньённага грыбаводства, адпаведна падрыхтавалі персанал.
Спачатку ўраджайнасць грыбоў была нестабільнай, «скакала», частку нават даводзілася выкідваць. Запрашалі на дапамогу ўкраінскіх кансультантаў, і пакрысе справа пайшла.
Шампіньён расце хвалямі, штомесячна можна здымаць 2-3 такія хвалі. Першая дае найбольшую колькасць грыбоў, астатнія менш.
У грыбаводстве на склад працаваць нельга, такую далікатную прадукцыю трэба своечасова збываць.
Добры, канкурэнтаздольны прадукт пастаўляе «Майстар-грыб» з Васількоў у Віцебск, Мінск. Можна прапанаваць і на расійскі рынак. Попыт расце, за тыдзень абласны цэнтр раскупляе іх больш за паўтоны.
Нашы гурманы ўпадабалі не толькі гатаваць шампіньёны, як след рассмакавалі і сырыя. Вось найпрасцейшы рэцэпт. Дробна парэзаць грыбы і цыбульку, паліць маянэзам, крышку пасаліць і – намазвай на лусту чорнага хлеба. А калі варыць, то, у адрозненне ад звычайных грыбоў, зусім нядоўга – 15-20 хвілін. Калі смажыць ці тушыць, дык папярэдне абварваць не трэба. Тады шампіньён захавае смак, пах і ўсе астатнія якасці.
Яго нездарма называюць каралеўскім грыбам. Па колькасці бялку роўны мясу, па вітамінах абганяе свежую гародніну. Так што Юрый Мікалаевіч і Юрый Аркадзьевіч раяць яго і з медыцынскага пункту гледжання. Васількоўскія пячуркі нічым не адрозніваюцца ад прыродных – растуць на натуральнай сыравіне, без хімічных угнаенняў, у «кампост» дадаецца толькі вада. Такія шампіньёны чысцей за тыя, што растуць пад адкрытым небам, бо ў памяшканні ні радыяцыі, ні таксічных рэчываў, якія можа назапасіць прыродны грыб, няма. І па цане яны танней за імпартныя.
Зараз якраз фаза актыўнага росту грыбоў. Гэта цікава і па-свойму прыгожа. На стэлажах у некалькі ярусаў – густы россып бялюткіх капялюшыкаў на фоне цёмнага субстрату.
– А для нас яшчэ немалаважна адчуванне, што ўласнымі рукамі створана нешта вартае. Працуем згодна з найважнейшымі накірункамі дзяржаўнай эканамічнай палітыкі: занята пустое памяшканне, створаны новыя рабочыя месцы (у калектыве 6 чалавек, пры неабходнасці запрашаем дадатковыя сілы). І, па-трэцяе, наш прадукт не саступае замежнаму, – зазначае Юрый Фомчанка.
І пытанне са старадаўняй легенды мы адрасавалі намесніку дырэктара: што яшчэ добрага можна зрабіць для людзей? Зараз тут заклапочаны павышэннем ураджайнасці грыбоў. Праз месяц будзе гатова трэцяя камера па вырошчванні, а на восень запланаваны ўвод чацвёртай. Васількоўскімі шампіньёнамі змогуць ласавацца ўсё больш жадаючых. З пашырэннем вытворчасці з’явяцца дадатковыя рабочыя месцы. І яшчэ: добры прыклад ТАА «Майстар-грыб» варты пераймання. Як паведаміў Віктар Дарожкін, у вёсцы Цішкава Віцебскага раёна другі прадпрымальнік узяў у арэнду будынак колішняй крамы і ў хуткім часе пачне вырошчваць вешанку, таксама смачны і карысны грыб.