У Мяжанах Браслаўскага раёна зверагадоўляй заняліся яшчэ ў канцы 1980-х. Разводзілі трусоў айчынных парод, а нейкі час і пясцоў, чарнабурых лісіц. Падчас так званай перабудовы ферма была зачынена. А 8 гадоў назад яе ўзнаўленню пасадзейнічала асацыяцыя «Белпушніна», выдаткаваўшы тутэйшаму сельгаспрадпрыемству сродкі на пакупку трусінага племпагалоўя. Пачыналі са 120 асобін, завезеных з Еўропы, узброіўшыся вопытам практыкаў-аматараў. І па сённяшні дзень гэта адзіная ў нашай краіне племянная трусаферма. Амаль увесь час загадвае ёй Іосіф Варанецкі. Па прафесіі ён аграном, а да «зайцоў», кажа, пацягнулі сімпатыя і цікавасць. Сам селекцыю робіць, пагалоўе сарціруе, толькі за доктарскія абавязкі не бярэцца.
Зараз на трусаферме ААТ «Мяжаны» – прадстаўнікі 14 хуткаспелых бройлерных парод. У спрыяльны год, калі абыходзіцца без моцных маразоў (трусы і зімуюць у клетках пад навесам), прыплод дасягае ад 3 да 6 тысяч, бо кожная самка пры добрых умовах утрымання прыносіць патомства 4-5 разоў. Максімальны матачны ўзрост – 2,5 гады.
– Галоўная наша мэта – продаж жывых племянных трусоў насельніцтву, фермерам, арганізацыям у межах Беларусі, а таксама ў Расію (пакупнікі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Калінінграда, Калугі). Добра бяруць лапавухіх на браслаўскіх кірмашах. Кошт кілаграма жывой вагі асобіны звычайнай пароды – 88 тыс. руб., а фландра і французскага барана – па 110 тыс. руб., – расказвае Іосіф Казіміравіч.
Калі самкі спачатку служаць для развядзення пагалоўя, то самцоў адкормліваюць на мяса. (Дарэчы, іншым разам здараецца так, што ў памёце адны «хлопчыкі»). Іх мэтазгодна расціць 4-5 месяцаў. Апетыт у лапавухіх зайздросны: за суткі трусік падыходзіць да «абедзеннага стала» 70-80 разоў. Любіць камбікорм, сена і, вядома ж, гародніну. Аматары трусагадоўлі ўпэўніліся, што не адмовяцца пушысцікі і ад гаспадарскіх страў. Галоўнае, каб ежа і вада былі чыстымі. Штомесячная прывага асобіны – 1 кг 100 г.
Зазвычай на ферме заняты 6 работнікаў, а як пагалоўе памнажаецца – паўтара дзясятка.
– Усё ў гэтай галіне залежыць ад чалавечага фактару, – упэўнены загадчык. – Трусік любіць добры догляд, таму стараемся захоўваць тэхналогію.
Даводзіцца турбавацца ў сельгаспрадпрыемстве і наконт збыту трусяціны, шкурак.
– Частку мяса адпраўляем для мінскіх кафэ. Складаней са шкуркамі, бо пакуль попыт на трусінае футра малаваты. Але не выкідваем іх, бяруць прадпрымальнікі, футравы камбінат, – засведчыў Іосіф Казіміравіч.
Так што ў вядомым жарце «Трус – гэта не толькі каштоўнае футра…» доля праўды адносна мяжанскай фермы – стопрацэнтная.