Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Бизнес

Валёнкі звычайныя і «на выхад» робяць муж і жонка з Міёрскага раёна

Лія і Павел Кудрашовы жывуць у вёсцы Малая Кавалеўшчына Міёрскага раёна. Яна – сацыяльны работнік, ён – пенсіянер. Абодва ўмеюць выштукоўваць валёнкі. Навучыліся гэтаму рамяству гадоў пятнаццаць назад у такіх жа, як зараз самі, вальшчыкаў – ад кожнага пакрысе, заўважае Лія Іванаўна. Першы ўрок правёў аднавясковец Віталь Гугала. Да таго вопыту дадалі нешта ўласнае. Раней, калі Павел Паўлавіч працаваў, браліся за гэтую справу зрэдку, рабілі для сябе, а зараз аформілі хатнюю вытворчасць афіцыйна.

Авечак Кудрашовы не гадуюць, воўну даводзіцца купляць па наваколлі. Выбіраюць толькі якасную і чыстую, часаць яе возяць у Верхнядзвінск або Дзісну. Кажуць, гэтая паслуга сёлета ўдвая падаражэла. Валяць ваўняныя боты па замовах – мужчынскія, жаночыя і дзіцячыя, розных памераў. Каму валёнкі патрэбны на кожны дзень, каб тэпаць па гаспадарцы, на якую вясковую працу або для дачы, каму – святочны варыянт, «на выхад». Зазвычай чорнага ці шэрага колеру, з белай воўны просяць радзей, пераважна гараджане.

Шэраг пакупнікоў звяртаюцца да Кудрашовых зноў, хаця валёнкі ад іх – носкія, хапае зімы на чатыры, а то і больш. Лія Іванаўна паказала самую першую пару сямейнай вытворчасці – белую, зробленую для яе самой 15 гадоў назад. Паднасіліся, канечне, але хадзіць па хаце можна. Гаспадыня звязала на іх спецыяльныя «галёшы» з трывалых нітронавых нітак. Дарэчы, яна і паўшарсцяныя шкарпэткі вяжа, якія няхутка пратоптваюцца. Ніткі прадзе сама. Адзін калаварот перайшоў у спадчыну ад маці, другі падарыла жанчына, якую даглядала Лія Іванаўна, а трэці – электрычны.
І валёнкі, і шкарпэткі – зімовы занятак, бо цёплай парой хапае клопату па гаспадарцы, ды і попыту амаль няма. Праўда, летась быў тэрміновы заказ ажно на Германію. Патэлефанавала колішняя сынава аднакурсніца, да якой з-за мяжы прыязджалі родзічы. Для падарунка гасцям ёй спатрэбілася тры пары валёнак.

Сынам пакуль некалі вучыцца гэтаму рамяству. Абодва жывуць у Міёрах: Мікалай – прараб у ПМК-55, Сяргей – экскаватаршчык у прадпрыемстве меліяратыўных сістэм. Старэйшы жанаты, для першага ўнучака дзядуля з бабуляй падрыхтавалі ў падарунак зграбныя беленькія валёначкі.

Каб валёнкі атрымаліся цёплыя, мяккія, лёгенькія і разам з тым трывалыя, апрача ўмельства, трэба сіла ў руках і добры настрой. Тады людзі будуць насіць іх з задавальненнем. Як тыя, што зроблены Ліяй і Паўлам Кудрашовымі.

ФотаГаліны Шпакоўскай


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ