Размову з дырэктарам Міёрскага мясакамбіната Сяргеем Росавым пачалі СА злабадзённай тэмы – выйграў ці прайграў калектыў ад уваходу ў інтэграцыйную структуру і падпарадкавання Полацкаму камбінату хлебапрадуктаў. І хоць на прадпрыемстве Сяргей Мікалаевіч кіраўнік новы, але, адчувалася, у спецыфіку перапрацоўчай вытворчасці ўжо ўнік, эканамічнае становішча камбіната ацэньвае рэальна і разам з холдынгам прадумвае, што належыць зрабіць, кааб прадукцыя калектыву была канкурэнтаздольнай на ўнутраным і знешнім рынках, як забяспечыць вытворчасць сыравінай.
– Дзякуючы інтэграцыйнай структуры, – сказаў дырэктар, – у мясакамбіната пашырылася сыравінная зона, а разам з ёй і аб’ём ялавічыны і свініны, што паступае на перапрацоўку. Але для эфектыўнай работы яго яшчэ не стае. Бо на сённяшні дзень рэканструяваны па апошнім слове тэхнікі халадзільнік, практычна адзіная на ўсю рэспубліку лінія вакуумнай упакоўкі паўфабрыкатаў, якая гарантуе іх захаванасць да 25 сутак, выкарыстоўваюцца не на поўную магчымасць. А гэта дадатковыя выдаткі, якія кладуцца на сабе кошт прадукцыі.
Ёсць і іншыя праблемы. Камбінат патрабуе далейшай мадэрнізацыі. На парадку дня неабходнасць рэканструкцыі забойнага ўчастка. Сёння гэта самае «вузкае» месца, якое прама ўплывае і на закупачныя цэны на сыравіну, і зноў жа на сабекошт прадукцыі.
Сяргей Мікалаевіч прывёў такія лічбы. Цана забою 1 кг буйной рагатай жывёлы на іх прадпрыемстве – 1 рубель 5 капеек. У гэты ж час на шэрагу іншых – 38 капеек. Толькі па гэтай прычыне канкурэнты ўжо выйграюць у міярчан, бо могуць прапанаваць сельгаспрадпрыемствам і прыватнікам больш высокую закупачную цану.
Самастойна, без падтрымкі Полацкага КХП, рэканструкцыя ўчастка камбіната не па сіле. Яшчэ не пагашана пазыка банкам, узятая на рэканструкцыю халадзільніка, пэўны перыяд калектыў не меў выхаду на расійскі рынак – усё гэта не лепшым чынам адбілася на яго фінансавым становішчы.
Бізнес-план рэканструкцыі ўчастка прайшоў не адну стадыю распрацоўкі і ўдакладнення. Вопыт стварэння магутнага, на 500 тон мяса, халадзільніка прымусіў спецыялістаў рэальна падысці да ацэнкі сітуацыі – зменшыць прадукцыйнасць забою з 60 (па першым варыянце) да 20 галоў у гадзіну.
Жыццё не стаіць на месцы, крызісы змяняюцца ўздымам эканомікі, на рост аб’ёмаў вытворчасці скіраваны і шляхі далейшага развіцця сельгаспрадпрыемстваў, агучаныя Прэзідэнтам краіны. Бачныя яны і па выніках работы калектыву Міёрскага мясакамбіната.
Міёрскі мясакамбінат атрымаў выхад для ўсёй сваёй прадукцыі на расійскі рынак, а праз яго ў Сярэднюю Азію і Кітай. У Казахстан, Узбекістан, Таджыкістан адпраўлены першыя фуры з ялавічынай, кожная краіна гатова прымаць штомесяц па два-тры такія грузы.
Наогул, са жніўня назіраецца штомесячны прырост выпуску і рэалізацыі мяса, паўфабрыкатаў, каўбасных вырабаў. Вядучы спецыяліст Жанна Кураш для пацвярджэння прывяла такія лічбы: аб’ём вытворчасці таварнай прадукцыі ў верасні адносна жніўня павялічыўся на 44,4%, у кастрычніку ў параўнанні з вераснем удвая вырас экспарт, за 9 месяцаў выпушчана 564 тоны паўфабрыкатаў, 830 – каўбасных вырабаў. Уся прадукцыя знайшла пакупніка, густ якога на камбінаце вывучаюць пастаянна. З 60 яе найменняў 43 новыя, найбольш папулярныя – з выкарыстаннем мяса індыка.
Дарэчы, у каўбасных вырабах Міёрскага камбіната 70 – 80% натуральнага мяса, што робіць іх запатрабаванымі ў спажыўцоў. Плюс натуральныя спецыі і абалонка – тое, чаму аддае перавагу пакупнік, калі вывучае маркіроўку на прадукце.
– У тым, што прырастаем аб’ёмамі і выручкай, заслуга і інтэграцыйнай структуры, – падсумаваў Сяргей Росаў. — Але я згодны і з меркаваннем дырэктара Полацкага КХП Васіля Хамёнка, што, калі не працаваць самім, ніякі холдынг не дапаможа.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.