ААТ «Навасёлкі-Лучай» – лідар па вытворчасці малака на Пастаўшчыне. У першыя месяцы лета з гаспадаркі штодзень яго адгружаюць на малаказавод па 45 тон. У сярэднім ад кожнай каровы дояць па 20 літраў. Найбольшыя надоі на рабатызаванай ферме “Коўзаны” – па 25,8 літра ў дзень, дзе ўтрымліваецца 660 галоў з 2200, што мае сельгаспрадпрыемства. Малако – асноўная крыніца атрымання даходаў. Таму тут не адзін год робяць стаўку на развіццё малочнай галіны.
– Сучасныя малочнатаварныя комплексы вырашаюць шмат праблем, якія цяпер перажывае жывёлагадоўля, – гаварыў падчас размовы дырэктар ААТ Юрый Шымчык. – Перш-наперш вырашаецца праблема недахопу рабочых рук. Гэта новыя падыходы і да вытворчасці малака – бяспрывязнае ўтрыманне кароў круглы год у памяшканні ажыццяўляецца па сучасных тэхналогіях. Павышаецца якасць прадукцыі. Таму і прынята дзяржаўная праграма па мадэрнізацыі малочнай жывёлагадоўлі на 2023 – 2024 гады, у якой знайшлося месца і нашаму сельгаспрадпрыемству.
ААТ “Навасёлкі-Лучай” пачало ўзвядзенне яшчэ адной малочнатаварнай фермы. Ля вёскі Пагарцы пад яе ідзе падрыхтоўка пляцоўкі. Пакуль тут задзейнічана ў асноўным дарожная тэхніка, якая вывозіць грунт, выраўноўвае месца пад будоўлю. Электрыкі пераносяць лінію электраперадачы, працуюць іншыя спецыялісты. Прадстаўнікі прадпрыемства «Камплект Наладка» з Наваполацка рыхтуюцца заліваць фундамент.
— Мы яшчэ толькі на старце маштабнага будаўніцтва, — удакладніў дырэктар Юрый Шымчык. — Каля Пагарцоў будуць узведзены ў першую чаргу два памяшканні на 320 галоў кожнае, малочна-даільны блок, усталявана сістэма гноевыдалення. У даільнай зале ўстановім сучаснае абсталяванне «Паралель» для даення адначасова 40 кароў. Яго ўжо набылі праз «АСБ Лизинг». Такім жа чынам плануем купіць малочны танк з халадзільным агрэгатам для астуджэння малака і іншае абсталяванне.
На будаўнічую пляцоўку пачалі завозіць матэрыялы. Пліты перакрыцця знялі са сваіх будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца. Штосьці прыдбалі ў суседнім раёне. Частку жалезабетонных вырабаў заказалі ў Беларускай цэментнай кампаніі. Галоўным генпадрадчыкам выступае дзяржаўнае прадпрыемства «Расвет Пастаўскі». ДРБУ-132 зоймецца будаўніцтвам васьмі траншэй для сенажу, сіласу і сучаснага гнаясховішча, дзе выдаленне гною будзе ажыццяўляцца з дапамогай дэльта-скрэпера. Яшчэ адно памяшканне на 320 дойных кароў і цэх для сухастойных будуць ўзведзены гаспадарчым спосабам. Пад прафілакторый прыстасуем памяшканне, мантаж якога быў распачаты ў мінулыя гады, але так і не завершаны.
З уводам у эксплуатацыю новага аб’екта дойны статак гаспадаркі вырасце, што дазволіць павялічыць вытворчасць малака і павысіць эканамічную эфектыўнасць сельгаспрадпрыемства.
Перспектывы пралічаны, ажыццяўленне іх прадумана. Павелічэнне пагалоўя жывёлы, тым больш на круглагадовым утрыманні ў памяшканні, патрабуе і назапашвання большай колькасці кармоў. Ужо сёння ў гаспадарцы самая вялікая плошча адведзена пад шматгадовыя травы – 2300 га. Палова іх убрана першым укосам.
– Травастой слабаваты, – канстатуюць механізатары, занятыя на касавіцы. — Як нядаўна чакалі сонца, так цяпер дожджыка. Але і прамаруджваць нельга. Зялёную масу закладваем у траншэі, рыхтуем таксама сена.
Як заўсёды, у лідарах “зялёнага” жніва ў раёне навасёлкаўскія механізатары Юрый Гваздоў і Сяргей Саланінка, якія на “Ягуарах” падабралі больш за 3 тысячы тон правяленай травы.
Фота Тамара ПАШКЕВІЧ