На тэрыторыі Пастаўскага раёна паблізу граніцы з Браслаўскім з’явілася незвычайная будаўнічая пляцоўка. З васьмі раніцы і да шасці вечара без выхадных шчыруюць на ёй людзі ў яркай спецвопратцы. Гэта работнікі з далёкага Кітаю, якія прыехалі на Пастаўшчыну, каб пабудаваць ля вёскі Бірвіта размеркавальную станцыю, што звяжа існуючыя электрычныя сеткі з будучай беларускай атамнай станцыяй у Астраўцы.
Кітайцы ўжо пачалі рыхтаваць пляцоўку пад аб’ект, вытворчую базу і жылы комплекс на 200 чалавек. Менавіта столькі іх будзе задзейнічана на работах на гэтай пляцоўцы. Падстанцыю плануецца здаць у 2016 годзе. З уводам яе ў эксплуатацыю для жыхароў рэгіёна будзе створана каля трыццаці рабочых месц.
— Працаваць будуць замежнікі, але без дапамогі пастаўчан ім не абысціся, — пракаменціраваў намеснік старшыні райвыканкама Павел Станюш. — Ужо цяпер, пры правядзенні падрыхтоўчых работ, кітайцам дапамагае тэхніка з ДЭУ-33, аўтатранспартнага прадпрыемства №17, Пастаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Калі разгорнецца будоўля, аб’ём сумеснай работы ўзрасце ў некалькі разы.
Несумненна гэта будзе сучасная высокатэхналагічная падстанцыя. Кітайцы ўжо праявілі сябе на будаўнічых пляцоўках Беларусі. Не так даўно ўзвялі энергаблокі на Мінскай ЦЭЦ-5 і Новалукомльскай ГРЭС. А яшчэ адна з кітайскіх кампаній да канца 2016-га года пабудуе гідраэлектрастанцыю на рацэ Заходняя Дзвіна — з імі заключыла кантракт РУП «Віцебскэнерга».