«Гэты дзень мы набліжалі, як маглі» - словы знакамітай песні, якія вельмі трапна адлюстроўваюць ваенную біяграфію кожнага ветэрана Вялікай Айчыннай, у тым ліку і ганаровага жыхара Браслаўшчыны Паўла Бульскага. У гады вайны, нягледзячы на юнацкі ўзрост, ён быў адважным партызанам-разведчыкам, штодзённа рызыкуючы жыццём, набліжаў Дзень Вялікай Перамогі. Баявы характар захаваў і да нашых дзён. Яшчэ летась у 95 гадоў удзельнічаў у майскіх урачыстасцях, а вось сёлета вырашыў застацца дома, не варушыць падчас мітынгу памяць успамінамі, пасля якіх, ведаў, моцна заб’ецца сэрца, падскоча ціск…
21 чэрвеня 1941 года Павел, ураджэнец Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці, адзначыў заканчэнне сямі класаў і свой шаснаццаты год нараджэння. А назаўтра пачалася вайна. І літаральна на трэці яе дзень сям’я была пастаўлена да сценкі, у вочы дарослым і дзецям зазірнула смерць. Раззлаваў няпрошаных гасцей гаспадарскі сабака, які кінуўся на немцаў, што моцна гаргочачы зайшлі ў двор, і ўчапіўся аднаму з іх у нагу. Вось-вось аўтамат плюне агнём. Ад смерці выратавала выпадковасць. Афіцэр, які зазірнуў у двор і даведаўся, у чым справа, спыніў расправу.
– Нам пад страхам смерці навязвалі «новы парадак». Ён забараняў слухаць радыё, чытаць творы рускіх і замежных пісьменнікаў, збірацца разам больш трох чалавек, аказваць дапамогу незнаёмым людзям і тым больш параненым чырвонаармейцам, – узгадваў першыя дні вайны ветэран. – Прыняць і змірыцца з ім савецкія людзі не маглі. Пачалося спачатку стыхійнае, а пазней і арганізаванае супраціўленне.
Вось тады, падчас карнай экспедыцыі супраць партызанаў у 1942 годзе, Павел Бульскі ў другі раз паглядзеў смерці ў вочы. Жыхароў вёскі фашысты і іх памагатыя сагналі ў пуню, а самі пачалі татальны вобыск дамоў і гаспадарчых пабудоў – шукалі партызанаў.
– На шчасце вяскоўцаў, не знайшлі, а маглі, – кажа Павел Канстанцінавіч. – Многія хавалі ў сябе акружэнцаў, параненых, уцекачоў з лагераў. Прымалі такіх і мае бацькі. Але перад карнікамі тыя пайшлі ў лес, дзе ствараўся партызанскі атрад, які пазней перарос у брыгаду імя Ракасоўскага, куды я таксама быў залічаны разведчыкам.
Праўда, у атрад хлопца адразу не ўзялі. Камандзір палічыў, што больш карысці ад юнака будзе ў вёсцы. Хай вядзе назіранне за чыгункай Брэст – Масква і шашой Мінск – Брэст: якія эшалоны, калі і ў якім накірунку рухаюцца, якія перавозкі ажыццяўляюцца аўтатранспартам, спатрэбіцца – пабудзе сувязным з падпольшчыкамі. Гэтым юнак займаўся аж да 1943 года, да часу, калі атрад вырашыў змяніць сваю дыслакацыю. Менавіта ў гэту пару на тэрыторыі рэспублікі апагея дасягнула «рэйкавая вайна». І Павел Бульскі стаў падрыўніком. Два тыдні яго вучылі гэтай небяспечнай справе, пасля чаго ў складзе груп і самастойна пачаў выконваць заданні камандавання свайго атрада, а таксама ў складзе групы ваенных дыверсантаў пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Рыгора Лінькова.
– Самым рызыкоўным было пранесці міны праз нямецкія пасты, – узгадвае ветэран. – Я чапляў на веласіпед кошыкі з рознымі прадуктамі і вёз іх як бы на продаж. Зноў жа выручаў мой дзіцячы выгляд і нахабная рызыка.
Аднойчы пранёс 4 кг толу ў Івацэвічы. Сеў на ганку чыгуначнай управы і рабіў выгляд, што чакае работу. Немцы, якія выходзілі пакурыць, увагі на яго не звярталі. Калі ж выдаўся зручны момант, хлопец юркнуў у падвал, дзе і падклаў міну. Неўзабаве выбух ускалыхнуў гарадок.
Падобным чынам узарваў яшчэ дзве майстэрні па вырабе шпалаў, штабную легкавушку з нямецкімі афіцэрамі, удзельнічаў у дыверсіях на шашы. Напярэдадні аперацыі «Баграціён» асабіста пусціў пад адхон два эшалоны з жывой сілай і тэхнікай праціўніка.
Смеласць не раз дапамагала, а ўдача спадарожнічала юнаку. З дня ў дзень ён уносіў свой уклад у Перамогу над фашысцкай Германіяй, за што ўзнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені і медалём «За адвагу».
На Браслаўшчыну трапіў у 1973 годзе, калі быў прысланы кіраваць мясцовым аддзяленнем Дзяржбанка, а пазней «Бел-аграпрамбанка». На гэтай пасадзе ўнёс важкі ўклад ва ўмацаванне эканомікі раёна, атрымаў званне «Выдатнік Дзяржбанка СССР» і стаў ганаровым грамадзянінам Браслаўскага раёна.