Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Кожны дзень мог стаць апошнім. Партызанскiя буднi ўспамiнае браслаўскі ветэран

І ў 95 гадоў браслаўчанін Іван Іванавіч Кожар не здае пазіцый: прамая постаць, шпаркі рух, бляск у вачах. Рады гасцям, якія зачасцілі з віншаваннямі з нагоды двух юбілеяў: асабістага і ўсенароднага. Кожны такі візіт – гэта вяртанне ў маладосць, успаміны пра тыя часы прымушаюць часцей біцца сэрца.

Ён памятае, як у яго роднай вёсцы праходзіла калектывізацыя, як раніцай гаспадары зводзілі кароў і коней у агульны хлеў, а вечарам зноў разбіралі па хатах, як пазней жанчыны спрачаліся за дзялянкі на перыяд жніва і цераблення льну – кожнай хацелася зарабіць больш праца­дзён, і не жменямі, а вазамі везлі дадому збажыну і бульбу адпаведна адпрацаваным дням…

І тое, як грымнула вайна і як жыхары яго родных мясцін узняліся на барацьбу з акупантамі, як ішло пасляваннае жыццё. Адным словам, Іван Іванавіч – жывая гісторыя, слухаць якога больш цікава, чым чытаць у падручніках пра мінулае Айчыны.

...Іван разам з аднагодкамі выконваў заданне партызан збіраць зброю, боепрыпасы і перадаваць іх у лес. А зімой 1942-га далучыўся да невялікага атрада народных мсціўцаў, які пазней стаў сур’ёзным вайсковым фарміраваннем.

З-за лініі фронту ў лясы Талачыншчыны прыйшлі сто байцоў рэгулярнай арміі – добра ўзброеных, падрыхтаваных. Падзяліўшыся на дзве групы, яны разам з партызанамі павялі актыўную барацьбу з акупантамі.

Да вясны 1943-га ў іх зоне такіх атрадаў было ўжо шэсць. Іван Кожар быў байцом, сувязным з брыгадай Канстанціна Заслонава, падрыўніком. З такімі ж маладымі байцамі меў статус спецыяльнай групы, якая ваявала ў скла­дзе атрада, але была надзелена правам самастойнага правядзення аперацый па падрыву чыгункі і мініравання шасейных дарог на ўсёй акупаванай тэрыторыі.

– Справа была рызыкоўнай, – расказваў Іван Іванавіч. – І не толькі тым, што мог быць забіты праціўнікам. Здаралася, гінулі ад уласных памылак, праліку пры выплаўцы толу з бомбаў, вырабе мін. Калі машыны сталі ўзлятаць у паветра на дарогах, немцы пачалі ганяць па іх жанчын, якія цягнулі за сабой бароны. Каб зарад не спрацоўваў пад вагой чалавечага цела, спатрэбілася тэрмінова пераразлічыць сілу ціску. І рабілася гэта шляхам спроб і памылак.

Яшчэ цяжэй даваўся падрыў чыгункі. Напачатку вайны ўдавалася пускаць пад схіл саставы, паклаўшы зарады паміж шпаламі. Але немцы таксама не былі дурнямі. Сталі пускаць наперадзе цягніка дрызіну. Потым высеклі лес уздоўж палатна. Не рухаліся ноччу па дарогах партызанскай зоны. У залежнасці ад абставін мяняліся спосабы падрыву – націскны, нацяжны, а часам і агнявы…

За адзін з такіх Іван Кожар быў узнагаро­джаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені.

Партызаны даве­даліся, што па чыгунцы Мінск – Масква пой­дзе састаў з жывой сілай праціўніка. Было вырашана падарваць яго. Але немцы ўзмацнілі ахову дарогі, і ўзрыўнікі не змаглі падысці да чыгункі. Паступіў загад камандзіра групы вяртацца на базу.

Аднак маладыя байцы ўспрынялі яго як прызнанне паражэння і не згадзіліся. Раніцай расцягнуліся ля станцыі ў ланцуг і атакавалі эшалон. Расстраляўшы і закідаўшы гранатамі дзясяткі ворагаў, адышлі ў лес. Івана як арганізатара і актыўнага ўдзельніка той аперацыі камандаванне атрада прадставіла да ўзнагароды.

Лёс бярог хлопца. Ён уцалеў у хо­дзе выканання партызанскіх заданняў, перахварэў на тыф і выжыў, на самым зыходзе аперацыі «Баграціён» пакалечыў нагу. На фронт яго не ўзялі. Пасля вайны скончыў інстытут фізічнай культуры, працаваў спачатку ў Глыбокім, а потым у Браславе.

Выйшаў на пенсію і захапіўся паляўніцтвам. Фізічныя нагрузкі, лічыць, умацоўвалі здароўе. Бо нават у партызанскім атрадзе, дзе неставала ежы і не было камфорту, затое шмат руху, вырас больш чым на паўметра, узмужаў, акрэп.

Іван Кожар збіраецца на сустрэчу з вучнямі школы, дзе адпрацаваў не адзін дзясятак гадоў, бо паабяцаў расказаць, як іх аднагодкі перадавалі партызанам зброю, былі сувязнымі і разведчыкамі, рызыкавалі жыццём, каб толькі вораг быў хутчэй прагнаны з роднай зямлі.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ