На Пастаўшчыне бульбу вырошчваюць тры гаспадаркі. Але калі ААТ «Камайскі-Агра» і «Хацілы-Агра» садзяць яе толькі па 5 гектараў, то ў “Навасёлках-Лучаі” – 37 га. І ўраджай збіраюць традыцыйна высокі. Сёлета, праўда, ён ніжэйшы за леташні, гаспадарка накапала ўсяго 600 тон, затое клубні гладкія, вялікія – такія, як любіць пакупнік. І попыт на іх ужо ёсць. Сельгаспрадпрыемства выйграла тэндар на забеспячэнне другім хлебам дзіцячых устаноў і школ. Пэўная колькасць патрэбна свайму перапрацоўчаму цэху, астатняе – на продаж насельніцтву. Самыя клапатлівыя з іх ліку па выхадных прыязджалі ў Навасёлкі і дапамагалі ўбіраць ураджай.
— Спачатку бульбу капалі толькі механізавана, — расказаў начальнік навасёлкаўскага аддзялення Дзмітрый Лібоза. — На камбайне першы год працаваў Казімір Віннік. Дапамагалі яму Юрый Нямірскі і Сяргей Рубан. Яны збіралі каменне, смецце. Пазней з капалкамі ўключыліся ў работу Алег Чумакоў і Славамір Пястун.
— Алег і Славамір — нашы «хімікі», — патлумачыла галоўны аграном ААТ Алена Касцюк. — Яны ўдвух уносяць гліфасаты і мінеральныя ўгнаенні пад азімыя, падкормліваюць пасевы азімага рапсу і праводзяць апрацоўку супраць шкоднікаў. А паміж гэтым паспяваюць разагнаць барозны, каб забяспечыць работай юных памочнікаў з каледжа. Дзве групы яго выхаванцаў працавалі ў гаспадарцы да абеда, дзве – пасля. Маладыя памочнікі выканалі вялікі аб’ём работ. Акрамя заработнай платы гаспадарка аддзячыць ім падарункамі і да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі.
Пасадзіў жа бульбу на ўсёй плошчы Віталій Смолка. даглядалі Алег Чумакоў і Славамір Пястун.
— З усіх гатункаў мяне больш радаваў ранні «эвалюшн», — паведаміў Славамір. — Яго пачалі капаць з пачатку лета. Выкарыстоўвалі для патрэб мясцовай сталовай. Праганю баразну — а яна аж чырвоная ад клубняў. Неблагі ўраджай даў і «брыз».
Хутка навасёлкаўская бульба знойдзе сваіх спажыўцоў. Яна завезена ў фірменныя магазіны гаспадаркі, будзе і на рынку.