Міёрскі металапракатны завод – адна з найбуйнейшых будоўляў на Віцебшчыне. Ён узводзіцца па самых сучасных тэхналогіях і аснашчаецца сучасным абсталяваннем. Прадукцыю прадпрыемства ўжо чакаюць шматлікія спажыўцы белай бляхі.
– Графік работ вытрымліваем, – канстатаваў генеральны дырэктар ТАА “ММПЗ-груп” Пётр Шымуковіч. – Мы выйшлі з нулявога цыкла на ўзровень зямлі і прыступілі да рэалізацыі новых задач. Калі раней турбавала, як выкапаць катлаван – прайсці падтапленні, пакласці тысячы тон бетону, зманціраваць металаканструкцыі, то цяпер абмяркоўваем афарбоўку цэха ўнутры памяшкання, замену часовага асвятлення на стацыянарныя ліхтары.
Маштабнасць бягучых задач некалькі змянілася, але асноўная ўвага па-ранейшаму надаецца лістапракатнаму цэху.
На стане халоднай пракаткі – першым на вытворчай лініі – мантажнікаў механічнага абсталявання змянілі электрыкі. Пад кантролем нямецкага шэф-мантажніка яны займаюцца злучэннем механізмаў з сілавымі лініямі і прыборамі кіравання.
Большае каўпаковых печаў, дзе шмат трубаправодаў для прыроднага газу. Зварка і мантаж іх павінны быць асабліва надзейнымі.
На стане карэкціроўкі таўшчыні ліста чатыры масіўныя станіны (па 54 тоны кожная), злучаныя ў адзінае цэлае, абрастаюць абсталяваннем.
На вачах расце лінія ачысткі ліста, дзе таксама ідуць мантажныя работы.
У самым вялікім вытворчым памяшканні да канца мая павінны быць устаноўлены і звараны тэхналагічныя трубаправоды.
Паралельна з мантажнымі работамі ўнутры цэха кладзецца падлога. Для яе спатрэбіцца 20 тыс. куб. м пяску, на які зверху будзе пакладзены слой бетону. Выконвае работу беларускі падрадчык.
Але гэта не азначае, сказаў Пётр Мікалаевіч, што будоўля завяршаецца. На ўзвядзенні завода цяпер занята больш за 650 чалавек. Рабочыя размеркаваны па мностве аб’ектаў. Ужо практычна гатовы каркасы апошніх – водападрыхтоўкі і энергацэнтра. Засталося зашыць сцены сэндвіч-панэлямі і накрыць дах.
Працягваецца мантаж галоўнай паніжальнай электрападстанцыі, і не за гарамі час, калі на завод электраэнергія будзе паступаць па пастаяннай схеме. Таксама вядзецца мантаж кампрэсараў, азотнай станцыі. А вадародная станцыя — гэта кантэйнер, паставіць які, па словах Пятра Мікалаевіча, будзе проста.
Крыху затрымаліся будаўнікі з адміністрацыйным корпусам. Але некаторыя кабінеты хутка прымуць гаспадароў.
Больш за палову прадугледжаных праектам работ выканалі чыгуначнікі. Цяпер яны ўстанаўліваюць стрэлкі на адводах. Наперадзе пракладка рэек непасрэдна ў цэхах для дастаўкі сыравіннага металу і вывазкі гатовай прадукцыі.
Генпадрадчык спадзяецца, што будаўнікі да 30 чэрвеня закончаць усе работы.
У чэрвені на заводзе плануюць пачаць пуска-наладачныя работы. Каб запусціць стан халоднай пракаткі, спатрэбіцца 9 тыс. т металу. Скарыстаць яго толькі на рэгуліроўку абсталявання – недазваляльная раскоша, падкрэсліў Пётр Шымуковіч. Таму перад усімі пастаўлена задача: адразу атрымаць прадукцыю, прыгодную для рэалізацыі.
А для гэтага ўжо фарміруюць штат з кваліфікаваных спецыялістаў і рабочых. Падрыхтоўка кадраў ідзе ў розных навучальных цэнтрах. Кампанія-пастаўшчык асноўнага абсталявання правяла ў Германіі вучобу спецыялістаў па электрыцы і аўтаматыцы. 42 дні яны вывучалі тонкасці справы, ноу-хау, якімі дзяліліся работнікі кампаніі SMS, каб скарыстаць іх на практыцы ў Беларусі.
Днямі чарговая група адправілася ў Магнітагорск. Два месяцы яны будуць вучыцца кіраваць тэхналагічным абсталяваннем у якасці аператараў. Крыху пазней у Магнітагорску пройдуць навучанне групы аператараў для працы на іншых участках.
Людзі, якія прайшлі ці яшчэ праходзяць навучанне, лічацца работнікамі завода і атрымліваюць заработную плату.
– Збіраем лепшых спецыялістаў, – адзначыў Пётр Шымуковіч. – Крэтэрый адбору – кампетэнтнасць.