Трох механізатараў з Пастаўшчыны за высокія паказчыкі на жніве ўзнагародзіла пярвічная прафсаюзная арганізацыя Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам». Такая традыцыя матэрыяльнага заахвочвання найлепшых удзельнікаў уборкі ўжо не адзін год існуе ў шэрагу галіновых прафсаюзаў краіны. Сувязісты выбралі сваіх прэтэндэнтаў у Пастаўскім раёне. Гэта Андрэй Галінскі, Генадзь Казакевіч і Віктар Чыпко з сельгаспрадпрыемстваў «Дунілавічы-Агра», «Ляхаўшчына-агра» і ААТ «Сцяг Перамогі-Агра» адпаведна.
У ААТ “Дунілавічы-Агра” сёлета вырас добры ўраджай збажыны, які ўбіралі 7 экіпажаў. Але найбольшы намалот аказаўся ў Андрэя Галінскага.
— Андрэй вызначаецца на любым участку работы, — пахваліла механізатара старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Тэрэза Пайлак. — Кармы нарыхтоўвае хутка, якасна вядзе ворыва глебы, сяўбу, хімпраполку пасеваў. Цяпер уносіць гліфасаты -- і зноў у лідарах.
У полі працаваў і Генадзь Казакевіч -- рыхтаваў глебу. Механізатарскі стаж у Генадзя Мар’янавіча вялікі. У свой час яго прозвішча значылася сярод найлепшых камбайнераў раёна. Цяпер падчас уборкі збожжавых адвозіць зерне.
-- Фішка Генадзя Мар’янавіча — падрыхтоўка глебы, — расказала галоўны аграном СП «Ляхаўшчына-Агра» Марына Галубёнак. — За змену апрацоўвае да 30 гектараў.
На тэрыторыі майстэрань падарункавы сертыфікат прымаў механізатар ААТ «Сцяг Перамогі-Агра» Віктар Чыпко. Яго можна атаварыць у адным з магазінаў райцэнтра.
Фота postawy.by.