– У абласнога цэнтра багатае тэатральнае мінулае. І нам, музейшчыкам, было цікава пашукаць больш раннія звесткі пра лялечны тэатр у нашым горадзе. І мы іх знайшлі ў Пецярбургу ў газеце "Витебский пролетарий" за 15 сакавіка 1936 года: “Пры доме мастацкага выхавання дзяцей у студзені арганізавалася першая беларуская студыя кукальнага тэатра”, дзе 100 школьнікаў авалодвалі гэтым майстэрствам пад кіраўніцтвам украінскага артыста-лялечніка Маурэнка, – абвясціў намеснік дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерый Шышанаў.
Нагадаю, што сённяшні Беларускі тэатр "Лялька" створаны ў 1985 годзе пры Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа як лялечная трупа. Прэм’ера першага спектакля "Дзед і Жораў" па п'есе Віталя Вольскага адбылася 20 красавіка 1986 года. І менавіта ў гэты дзень святкуецца дзень нараджэння гэтай установы культуры. Напрацаваўшы рэпертуар, у 1990-м калектыў вылучыўся ў асобны тэатр.
Адным з заснавальнікаў і першым рэжысёрам лялечнай трупы быў Віктар Клімчук. Усе 30 гадоў ён вызначае рэпертуарную палітыку. Першай актрысай, залічанай у штат “Лялькі”, была Вольга Корзун, якая зараз загадвае трупай сталічнага Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. З заснавання і па сённяшні дзень служыць у тэатры Аляксандр Маханькоў.
Жыве лялька толькі на сцэне
За 30 сезонаў у тэатры пастаўлена каля 60 спектакляў, і для кожнага рабіліся лялькі. 70 з іх экспануюцца на выставе ў віцебскай ратушы.
– Усе яны створаны ўмелымі рукамі двух таленавітых мастакоў, якім Беларускі тэатр “Лялька” абавязаны вялікай доляй свайго поспеху. Гэта Аляксандр і Ганна Сідаравы, якія аддалі тэатру 25 гадоў і два гады таму пайшлі на заслужаны адпачынак, – распавяла кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра Людміла Сіманёнак.
Арганізатары стараліся, каб на выставе былі прадстаўлены розныя па стылі спектаклі для дзяцей і пастаноўкі для дарослых, якія сёння ідуць на сцэне “Лялькі”. Адрозніваюцца экспанаты і па сваёй эмацыйнай напоўненасці: адны выпраменьваюць святло, дабрыню, радасць, а іншыя прымушаюць задумацца над сэнсам жыцця. Ёсць тут і рэканструкцыя магілёўскай батлейкі ХІХ стагоддзя, таксама зробленая Аляксандрам Сідаравым.
Як адзначыла Людміла Сіманёнак, 95% лялек, прадстаўленых ў ратушы, – гэта дзеючыя “артысты”, але ажываюць яны толькі на сцэне дзякуючы чароўным рукам таленавітых акцёраў.
На свята – з падарункамі
Юбілейная імпрэза прадоўжылася трохгадзінным капуснікам “Нам 30 год” у самім тэатры. Тут было шмат песень, танцаў і жартаў, успаміны пра мінулае, віншаванні ад калег з розных гарадоў і краін, і, канешне, узнагароды.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў уручыў ганаровую грамату Віктару Клімчуку за шматгадовую плённую працу на ніве культуры, рэжысёрскае майстэрства і прапаганду беларускага тэатральнага мастацтва.
– Для мяне "Лялька" спачатку стала тэатрам для дарослых, куды мы прыходзілі з жонкай вечарамі. Цяпер малодшаму сыну споўнілася чатыры і, спадзяюся, разам з ім паглядзім і дзіцячыя спектаклі, – сказаў Уладзімір Уладзіміравіч.
Ганаровыя знакі Міністрэства культуры Рэспублікі Беларусь атрымалі артысты Ларыса Мартынава і Аляксей Макарскі. Было яшчэ шмат асабістых падзяк, грамат і іншых узнагарод ад розных устаноў.
Фота Алены АЛІМАВАЙ.