Як дзяўчынка, з маленства ўлюбёная ў гісторыю, стала вядомым краязнаўцам.
Не напісаць пра Людмілу Нікіціну з вёскі Заронава Віцебскага раёна ў Год беларускай жанчыны было б недаравальнай памылкай.
І не таму, што ўнікальнаму музейнаму комплексу, які яна стварыла (канешне ж, разам са сваімі паплечнікамі!), «Гісторыя Заронаўскага краю» ў маі споўнілася 40 год. І не таму, што пра Заронава цяпер ведаюць далёка за межамі рэгіёна дзякуючы няспыннай пошукавай і прапагандысцкай працы Нікіцінай-краязнаўцы. А, можа, больш таму, што гэта жанчына настолькі шчыра любіць людзей і гасцінна іх сустракае, што няма і дня, каб у Заронаўскі народны музейны комплекс не ехалі госці, адусюль, групамі і паасобку.
Прыязджаюць і дзіву даюцца: як у звычайнай вясковай хаце змяшчаецца цэлая эпоха, дзясяткі, тысячы лёсаў, 30 тысяч экспанатаў, восем тэматычных залаў! А ў садзе, што побач з сядзібай, знайшлося месца і для пасадкі бульбы, і ваеннай зямлянкі, у якой зноў-такі можна ўбачыць сапраўдныя рэчы армейскага быту часоў Вялікай Айчыннай.
Заронаўскі музейны комплекс – месца, якое мае асаблівую прыцягальную сілу.
Родныя людзі
Людміла нарадзілася далёка ад гэтых мясцін – у Вольне пад Баранавічамі. З гонарам расказвае, што склала свой радавод, карані якога вядуць да XVII cтагоддзя.
– Мае продкі былі пісьменнымі, – ганарліва падкрэслівае жанчына.
Відаць, ад дзядулі Пятра пераняла Людміла вясёлы нораў. Нядаўна на свой юбілей прымеркавала выданне кніжкі з фальклорнымі смяшынкамі «Забаўлянкі для гулянкі». Там і тосты, і загадкі, і гумарыстычныя прыпеўкі, і задзірыстыя пажаданні ад сяброў.
Урокі гісторыі яна любіла са школьнай пары. Настаўніка Анатоля Іванавіча Качанава ўзгадвае дагэтуль, быццам бы гэта ён пераканаў дзяўчыну, што ў свеце не існуе нічога цікавейшага за гісторыю. Пасля заканчэння школы паступала на гістфак у Гродна. Але не пашанцавала. Тройчы! Тады ёй падалося, што жыццё скончылася, падышла чорная паласа, якая вядзе ў бездань.
Маці Людмілы вырашыла адправіць дзіця да цёткі Валі ў Полацк. Няхай зменіць становішча, а там, глядзіш, і сцяжынка выведзе на прамую дарожку. Увосень Валін муж Юзік параіў Людміле працу сувязісткай у штабе дывізіі. І яна пайшла на службу. І вось упэўнена паступіла на філалагічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, гістарычнага тады тут не было. З таго часу Людміла быццам сэрцам прырасла да паўночных беларускіх краявідаў.
Дыпламаваная настаўніца беларускай мовы і літаратуры з вёскі Асіпова Лёзненскага раёна вазіла тады школьнікаў і ў Оршу ў музей Ул. Караткевіча, і ў Ляўкі на сядзібу Купалы. А потым папрасіла знайсці ёй месца настаўніка бліжэй да абласнога цэнтра. Так Людміла Канстанцінаўна ў свае трыццаць год апынулася ў Заронаве, якое зараз смела называе другой радзімай.
Героі: жывыя і мёртвыя
У 1986 годзе Нікіціну назначылі адказнай за выхаваўча-патрыятычную работу ў Заронаўскай базавай школе Віцебскага раёна. Заронава – месца крывавых баёў, калі фронт стаяў пад Віцебскам з лістапада 1943-га да чэрвеня 1944-га. Пасля вайны ў 1953-м тут на брацкім воінскім пахаванні паставілі абеліск, на які было занесена 2170 імён загінуўшых байцоў. Пазней праходзілі перапахаванні, калі з далёкіх хутароў і вёсак ваенныя могілкі пераносілі ў адзінае цэнтралізаванае месца.
– Памятаю, механізатары саўгаса вясной на трактарах аралі на палях і сутыкнуліся з рэшткамі чырвонаармейцаў, што загінулі на гэтым полі. Прыносяць у школу гэтыя костачкі ў мяшку… – прыгадвае Людміла.
Сёння колькасць адноўленых на Заронаўскім мемарыяле імёнаў складае 11 тысяч. За кожным з іх – вялікі лёс і вялікі подзвіг. Для Людмілы яны ўсе – героі.
Вось Андрэй Іванавіч Усаты лічыўся загінуўшым каля вёскі Тапорына каля Заронава. А ён – выжыў! Прайшоў праз неверагодныя выпрабаванні. Семнаццацігадовым хлапчуком Андрэй папрасіўся на фронт, накінуўшы сабе гадок. На Ніколінай вышыні каля вёскі Тапорына старшы сяржант Усаты акапаўся разам з іншымі байцамі супрацьтанкавай батарэі. Тут і быў моцна паранены. Ачуняў ужо на халоднай цэментаванай падлозе ў палоне. У Асвенціме параненых ваеннапалонных размясцілі ў тыфозных бараках. У Андрэя пачалася гангрэна. Пачарнелі пальцы абедзвюх ног.
Лекар насупраць нумара палоннага паставіў крыжык і загадаў накіраваць у барак перад крэматорыем.
Але жанчына-ўрач з ліку палонных зрабіла яму аперацыю. Без наркозу.
Яму ампутавалі ногі да калена. Дзень Перамогі Андрэй сустрэў у міжнародным шпіталі Чырвонага Крыжа. Толькі ў 1950 годзе ваеннапалонных нарэшце вярнулі на Радзіму.
25-гадовы Андрэй на роднай Кубані не застаў сваіх бацькоў. Стаў жыць у Армавірскім інтэрнаце для інвалідаў Айчыннай вайны. Нечакана атрымаў пісьмо з Беларусі ад вучняў Заронаўскай школы Віцебскага раёна. Яго запрашалі наведаць тыя мясціны, дзе ён быў моцна паранены.
На Дзень Перамогі ён паехаў у Віцебск, дзе яго сустракалі заронаўскія актывісты.
Імя Усатага і сёння значыцца на заронаўскім мемарыяле сярод загінуўшых. Дакументы аб уваскрэсенні воіна так і засталіся нявыпраўленымі.
Гэту гісторыю пра ўваскрэслага воіна Людміла Канстанцінаўна часта расказвае дзецям, гасцям музея, напісала ў сваіх краязнаўчых брашурах.
13 лютага 2024 года Нікіціным патэлефанавалі з Растова-на-Доне. Унучка шукала месца пахавання дзеда. Людміла адкрыла сваю базу дадзеных і ўбачыла, што той, каго шукаюць, – Сяргей Бароўскі – загінуў менавіта ў гэты дзень роўна 80 гадоў таму. Жанчыны не змаўляючыся расплакаліся.
Штогод 9 Мая ў Заронава прыязджаюць родныя тых, хто назаўсёды застаўся ляжаць у брацкай магіле пад Віцебскам.
Яна ўсім рада, усіх сустракае, накрывае стол у садзе каля музея.
– Ды я не адна, – абавязкова ўдакладняе краязнаўца. – Вось сын мой Станіслаў – мая правая рука. Толькі што з Вахты памяці вярнуўся. Дапамагаюць і муж Пётр, і мясцовыя ўлады. Старшыня райвыканкама Сяргей Валер’евіч Ягораў заўсёды цікавіцца, чым нам яшчэ дапамагчы.
Краязнаўчае кола настаўніцы
Сын Станіслаў – гонар Людмілы. Закончыў гістарычны факультэт ва ўніверсітэце і застаўся тут, у Заронаве, працягваць справу маці.
Кім яна сябе больш адчувае – настаўнікам ці краязнаўцам? Адказвае – ужо краязнаўцам. Таму што найгалоўнейшы праект яе жыцця – музей народнай славы – ператварыўся ў цэлы музейны комплекс гісторыі Заронаўскага краю. Яшчэ Людміла Канстанцінаўна падрыхтавала і выдала з дапамогай сяброў пяць краязнаўчых кніг. Усе так ці інакш – пра Заронава і людзей, якія тут жылі і вызвалялі край ад ворага. Актыўная ўдзельніца краязнаўчых канферэнцый «Віцебскі край» ганарыцца, што самастойна зрабіла гістарычны атлас зніклых вёсак Заронаўскага краю.
Калі адбылося канчатковае паяднанне Людмілы Нікіцінай з краязнаўствам? Магчыма, гэта было, калі даследавалі гісторыю выратавання яўрэйскага хлопчыка з Чашніцкага раёна Лёвы Верабейчыка праведнікамі Кузьмінымі з вёскі Машкіна. А магчыма, усведамленне глабальнасці краязнаўчай справы адбылося, калі нечакана ў кучы смецця на могілках знайшлі помнік герою Першай сусветнай вайны Георгію Іванавічу Арлову. Пачала раскручваць клубок, і нітка гісторыі прывяла да яго пляменніка.
Можна толькі дзіву давацца, як тыя ці іншыя факты і рарытэты трапляюць у яе рукі. Людміла шчыра ўсміхаецца: маўляў, вада і камень точыць. Калі займаешся справай з любоўю і непрадузята, яна ўзнагароджвае чалавека сваім плёнам.
Фота Дзяніса ВАСІЛЬЦА







