Цяпер гэта дзяржаўны каледж, які будзе рыхтаваць спецыялістаў з прафесіянальна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Як расказвае дырэктар навучальнай установы Васіль Любоза, пералік спецыяльнасцяў сфарміраваны на падставе запытаў прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна ў патрэбных кадрах. Традыцыйна каледж будзе выпускаць трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасці, электразваршчыкаў, вадзіцеляў аўтамабіляў, слесараў па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, аператараў жывёлагадоўчых комплексаў, швачак і прадаўцоў.
Навучальнай установе больш высокага статусу патрабуецца адпаведная матэрыяльная база.
Свой уклад у яе ўмацаванне ўнесла галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама. Напярэдадні новага года яно перадало каледжу новы МТЗ-82 як узнагароду за добрую падрыхтоўку кадраў для сельскагаспадарчай вытворчасці. На абласным конкурсе прафесіянальнага майстэрства аратых у мінулым годзе тады яшчэ навучэнец ліцэя Андрэй Бортнік заваяваў першае месца.
Адміністрацыя паклапацілася пра паляпшэнне ўмоў навучання і пражывання навучэнцаў. Летась адрамантаваны фае двух карпусоў, спартыўная зала, вучэбныя кабінеты, інтэрнат, харчблок.
Учарашні ліцэй сур’ёзна рыхтаваўся да змены статусу і, як сцвярджае яго кіраўнік, мае намер заставацца вядучай установай прафесіянальна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі абласнога ўзроўню.