Першы раз яны сустрэліся ў школе. Яна – першакласніца Туркоўскай сярэдняй школы у Міёрскім раёне, ён – выпускнік, якому да «малявак» не было ніякай справы. На апошнім званку Аляксандр пранёс Наталлю на руках, апусціў на зямлю і забыўся пра існаванне маленькай дзяўчынкі. Хлопцу падабалася аднакласніца і думкі былі пра тое, як правядуць вечар, як будуць будаваць адносіны далей.
Толькі ў лёса былі свае планы наконт Наталлі і Аляксандра. Праз дзесяць гадоў ён звёў іх у мясцовым магазіне, куды кожны прыйшоў па сваёй патрэбе. Іх вочы сустрэліся, і кожны зразумеў: вось яна, яго палавінка. Што гэта так, Наталля не сумняваецца і праз гады сумеснага жыцця. Паміж імі захаваліся цёплыя адносіны, спакойная закаханасць, не ўзнікае жадання самага бяскрыўднага флірту на баку. Яны – сям’я, а дом – тая крэпасць, дзе знойдзеш разуменне, абарону ад усялякіх нягод.
Праўда, тады пра гэты бок жыцця Наталля не задумвалася. Аляксандр ужо скончыў універсітэт імя
П. Машэрава, працаваў ў Дзісненскай школе-інтэрнаце, дзе выкладаў дзецям гісторыю. А будучая жонка толькі збіралася паступаць. Стаць студэнткай Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта бачылася ёй больш важным, чым выйсці замуж.
Так думала, а на справе на стацыянары адвучылася толькі год, перавялася на завочнае, стала жонкай і маці. А ў сям’і аказаліся два студэнты-завочнікі. Школу-інтэрнат закрылі, паблізу навучальным установам настаўнікі не патрабаваліся. І Аляксандр зноў падаўся ва ўніверсітэт, цяпер ужо па спецыяльнасці эканаміста.
Працаваць пачалі ў СУП «Чарэсы», дзе маладой сям’і далі «прэзідэнцкі» домік. У гаспадарцы Аляксандр прайшоў па прыступках кар’ернай лесвіцы. Пачынаў эканамістам, стаў намеснікам дырэктара, і вось ужо чатыры гады кіруе ААТ «Дрыгучы».
За гэты час у Дуброўскіх нарадзіліся тры дачкі. Старэйшай Насці 11 гадоў, яна ўжо памочніца ў маці. Прыгледзіць за меншымі сёстрамі, дапаможа прыбраць у доме, выпалаць кветнікі і агарод.
– А яшчэ яна здольная да танцаў, – кажа Наталля. – Вучыцца ў харэаграфічным класе Міёрскай школы мастацтваў, выступае на канцэртах.
Ксенія добра малюе, але пакуль абыходзіцца толькі ўрокамі школьнай настаўніцы.
Дзяўчынкі вучацца ў СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Ягора Томкі. У райцэнтр іх возіць школьны аўтобус. А вось забіраць Анастасію часцей даводзіцца маці. Тры разы на тыдзень у яе заняткі па харэаграфіі.
Меншая Сафійка ходзіць у дзіцячы сад. Ён побач з домам, што вельмі зручна для маці. Работа бухгалтара, асабліва ў перыяды справаздач, не ўкладаецца ў працоўны дзень. Тады дзяўчынку забіраюць і бавяць сёстры. Анастасія гатуе вячэру. Яна паспяхова асвойвае маміны ўрокі па кулінарыі.
У апошнія гады службовых абавязкаў у Наталлі прыбавілася. Акрамя бухгалтэрыі, якую па прычыне недахопу спецыялістаў вядзе ў двух гаспадарках, ёй даручылі займацца ідэалагічнай работай у «Чарэсах». А каб выхоўваць іншых, самой трэба быць актывісткай у грамадскім жыцці. Так Дуброўскія сталі ўдзельнікамі спаборніцтваў на лепшую шматдзетную сям’ю ў раёне, на званне «Уладар сяла» – у вобласці. Іх каманда з агульнага кола ўдзельнікаў вылучалася інтэлігентнасцю, уменнем паказаць сябе і свае здабыткі, зладжанасцю дзеянняў пры выкананні заданняў. Жыць у вёсцы і не ўмець нарыхтоўваць дровы, касіць; мужчыне не ўмець спавіваць дзяцей, а жанчыне – забіць цвік – гэта не пра іх.
– Цяпер мы жывём у доме з газавым ацяпленнем, вадой, каналізацыяй – лічы, як у горадзе, – расказваюць муж з жонкай. – А напачатку ацяплялі дом дровамі, ваду насілі з калодзежа, абкошвалі траву касой, а не трымерам. Навыкі карыстання пілой, сякерай, касой засталіся, што і дапамагло падчас спаборніцтваў.
Лепшага за Аляксандра касца на лузе ў сваім раёне і ў Падсвіллі, дзе праходзіў абласны этап конкурсу, не знайшлося. Хоць першага месца Дуброўскія не заваявалі, але былі лепшымі ў трох намінацыях.
– А яшчэ з’явіўся азарт, – кажа Наталля. – Першы вопыт набылі і цяпер гатовы сям’ёй выступаць у самых розных спаборніцтвах – прафесійных, мастацкіх, творчых…
Так склалася, што ў сям’і Дуброўскіх клопат па доме на жаночых плячах. Аляксандр ад’язджае на працу пасля
5 гадзін раніцы і вяртаецца часцей за ўсё, калі цямнее. Але пасадзіць сад, паэксперыментаваць у ім з вырошчваннем персікаў ды абрыкосаў, накасіць трусам травы – паспявае.
Вялікай гаспадаркі не трымаюць. Яна патрабуе сіл і часу, якога ў Аляксандра і Наталлі не стае. Трусоў падарыла Насці бабуля, вось і завялі «фермачку», ды яшчэ курэй. Затое гародніны вырошчваюць столькі, што з ахвотай дзеляцца яе лішкамі са сваякамі і знаёмымі. А яшчэ ў палісадніку буяюць кветкі.
Муж і бацька хваліць сваіх «дзяўчат» за працавітасць. А яны, адчуваючы шчырую зацікаўленасць да іх поспехаў, спяшаюцца па вечарах падзяліцца з ім сваімі радасцямі.
Сёння і ў вёсцы хатнія справы не дзеляць на мужчынскія і жаночыя, хто мае час і навык, той і робіць. Такому сямейнаму ўкладу вучацца ў бацькоў і дочкі.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.