Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Пастаўская настаўніца Тамара Храпавіцкая напісала вялікі аповед пра халакост

Адна з трагічных старонак Вялікай Айчыннай вайны, названая словам «Халакост», разанула па сэрцы пастаўскай настаўніцы Тамары Храпавіцкай такім болем, суцішыць які яна змагла, толькі калі ўзялася за збор інфармацыі пра яўрэйскую спадчыну на пастаўскай зямлі, пра гвалтоўную смерць ад рук акупантаў, пра кожнага, хто быў пахаваны ў брацкіх магілах у райцэнтры, Дунілавічах, Лынтупах… Гэта, палічыла, стане яе ўкладам у захаванне гістарычнай справядлівасці і ўшанаване памяці бязвінна забітых.

Настаўніца шукала дакументы, збірала сведчанні старажылаў – усё гэта лягло ў аснову вялікага аповеду, што расказвае пра жудасныя падзеі таго часу. Часткай даследаванняў Тамара Аркадзеўна падзялілася з нашай газетай.

– На Пастаўшчыне ёсць даваенныя яўрэйскія могілкі, дамы, сінагога і школа. Не засталося толькі саміх яўрэяў, што жылі разам з нашымі продкамі, працавалі на беларускай зямлі і любілі яе. Як і ўсе, марылі пра спакойнае жыццё, цанілі свае сем’і і спадзяваліся на лепшую долю для дзяцей. Толькі лёс распарадзіўся інакш. Іх мары згарэлі ў полымі вайны. Засталіся жывымі адзінкі. Успаміны можна знайсці на старонках кнігі «Ізкор». У пачатку Вялікай Айчыннай у Паставах нацысты расстралялі першых яўрэяў.

Гершон, сын плотніка, стаяў каля свайго дома і глядзеў, як праходзяць нямецкія салдаты. Без усялякай прычыны афіцэр загадаў схапіць хлопца. Ратаваць сына з хаты выбег бацька,толькі афіцэр загадаў схапіць і яго, і яшчэ траіх дзяцей, якія былі побач.Усіх расстралялі каля агароджы гарадскіх хрысціянскіх могілак.

Пазней у райцэнтры па вуліцы Браслаўскай (зараз – Ленінская) было створана гета. Яго абгарадзілі плотам з дошак, а паверху нацягнулі калючы дрот. Яўрэям далі шэсць гадзін, за якія яны павінны былі перасяліцца ў дамы, пакінутыя мясцовымі жыхарамі. Так, у дом бацькоў, узгадвала пастаўчанка Марыя Ціско (Мейшутовіч), трапіла сям’я пекара Аарона Ліўшына. Яго дом па вуліцы Ленінскай захаваўся да нашага часу. Зараз там размяшчаецца крама «Оптыка».

З сабой можна было ўзяць толькі самыя неабходныя рэчы. Жылі разам па некалькі сем’яў, галадалі. Немцы і паліцалі здзекаваліся з іх. Людзям загадалі насіць на вопратцы жоўтыя латы, забаранілі хадзіць па тратуарах. Але больш за ўсё прыгнятала невядомасць. Калі выходзілі на працу за межы гета, развітваліся з роднымі, бо не ведалі, ці давядзецца ўбачыцца зноў.

У гета быў створаны юдэнрат — адміністрацыйны орган яўрэйскага самакіравання. У яго ўвайшлі дантыст Рубінштэйн, Міхаэль Таўбус (Тойбэс), Шымон Лубоцкі, Песах і Шыа Шубіц. Міхаэль Таўбус трапіў у гета разам з жонкай Дворай і дачушкамі Сарай і Рыўкай. А сястры Блюме пашчасціла перад вайной: яна выйшла замуж і выехала ў Палесціну. Сям’я Міхаэля загінула. А нашчадкі Блюмы зараз жывуць у Ізраілі. Некалькі гадоў таму яны наведалі Паставы, дзе захаваўся на вуліцы 17 Верасня дом іх прадзедаў.

У канцы 1942 года пастаўскія яўрэі былі забітыя нацыстамі. З кнігі «Ізкор»: «…У гета яшчэ заставалася ў жывых каля
1 500 чалавек. У тры гадзіны ночы яўрэі пачулі галасы. Паліцаі загадалі тэрмінова пакінуць гета. Разбудзілі дзяцей. Усе вельмі спалохаліся, бо адразу зразумелі, што гэта азначае. Было загадана пастроіцца ў шэрагі па чатыры чалавекі. Немцы загадалі ісці да чыгуначнага пераезду. Некалькі чалавек, карыстаючыся цемрай, пабеглі ў розныя бакі. Немцы стралялі ім услед. Астатніх прыгналі да вялізнай ямы…» Яна і стала брацкай магілай. Фаіна Пронька 1932 года нараджэння ўспамінала: «Мне было ўсяго дзесяць гадоў, але тое, што я ўбачыла тым днём 1942 года, назаўсёды засталося ў маёй памяці. Мы з бацькам на кані ехалі ў Паставы. Каля горада нас спынілі паліцаі. Стаяла ачапленне з немцаў і паліцаяў. Гналі яўрэяў. Яма за чыгуначным пераездам ужо была выкапана. Навокал – жахлівы плач, стогн, крык. Відовішча было страшным. Людзей падганялі да ямы і забівалі. Сама была сведкай, як маленькае дзіця закалолі штыком. Не дай Бог такое ўбачыць нікому».

З гэтай ямы ўдалося выбрацца параненай дзяўчынцы Славе Цымер. Сваім целам у момант расстрэлу яе закрыла маці. Калі дзяўчынка апрытомнела, болю не адчувала. У шоку не адразу зразумела, што параненая. Паўсюль стагналі акрываўленыя, яшчэ жывыя людзі. Слава з цяжкасцю вылезла з ямы і пайшла ў кірунку хутара Лыпушына (цяпер Шаркаўшчынскі раён), дзе ў сям’і Пятра Бялевіча хавалася яе старэйшая сястра. Акрамя Славы Цымер, усе дзеці пастаўскага гета загінулі. Частка дарослых, хто выжыў , трапіла ў партызанскія атрады. Некаторыя пасля вайны аказаліся за мяжой, пераважна ў Ізраілі.

21 лістапада нацысты забілі і насельнікаў гета ў Дунілавічах. У канцы снежня 1942 года былі знішчаны лынтупскія яўрэі. Да вайны жылі яўрэі і ў Камаях. Дакладна невядома, дзе яны знаходзіліся ў час вайны: у пастаўскім гета альбо ў Кабыльніку. Аднак відавочна, што ўсе загінулі, бо пасля Перамогі ніхто з іх не вярнуўся ў роднае мястэчка. Пра іх напамінаюць толькі даваенныя могілкі, адноўленыя камайцамі пад кіраўніцтвам ксяндза Яцэка Хутмана. На камені, што размешчаны ля падножжа меноры ў Камаях, напісаны словы з талмуда «Ведай, адкуль ты прыйшоў і куды ідзеш…» А мне хочацца дадаць: «Чалавек, прапусці праз сваё сэрца чужы боль, як свой, і свет стане лепшым».


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ