На працягу апошніх дзесяцігоддзяў плошча Свабоды ў Віцебску не раз мяняла аблічча. На ёй стаяў Мікалаеўскі сабор, размяшчалася Дошка гонару, праводзіліся канцэрты, на Новы год устанаўлівалася гарадская ёлка, у савецкія часы 1 Мая і 7 Лістапада сюды з трох бакоў сыходзіліся калоны деманстрантаў Першамайскага, Кастрычніцкага і Чыгуначнага раёнаў, каб потым рушыць на пл. Леніна. Па сутнасці, у кожнага пакалення віцябчан ёсць свая плошча Свабоды.
Вось і зараз яна абнаўляецца да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла «Дажынкі», які сёлета пройдзе ў Віцебску.
Тралейбус на змену
На старым здымку ў аб’ектыў фатографа трапіў дэмантаж трамвайных рэльсаў падчас реканструкцыі вуліцы Леніна. Гэта 1973 год. Планавалася, што па галоўнай транспартнай артэрыі горада ад пл. Свабоды да Смаленскага рынку цяпер будуць хадзіць выключна аўтобусы, а ў недалёкай перспектыве і тралейбусы. Аўтапарк пераходзіў на выкарыстанне больш умяшчальных машын – «Ікарусаў». У 1973-м у горад павінна было дадаткова прыбыць 30 венгерскіх аўтобусаў. У той год пачалося будаўніцтва тралейбуснага дэпо для 100 машын. Першапачаткова меркавалася адкрыць два маршруты: вул. «Праўды» – вул. Леніна – пл. Леніна і Вакзал – вул. Шубіна.
Будынкі мінулага
На заднім плане – комплекс старых будынкаў, якія ў свой час з’яўляліся візітоўкай горада, але былі знесены ў першай палове 1980-х. Падчас вайны гэтая частка праспекта Фрунзэ была значна пашкоджана. У 1950-х яе аднавілі, у дарэвалюцыйным Зямельным банку (1) і больш сучаснай пабудове (2) размясцілі фармацэўтычны факультэт медінстытута. Аўдыторыі знаходзіліся і ў паўпадвальных памяшканнях, таму прахожыя па вечарах маглі добра бачыць, як студэнты спасцігаюць навуку. Дарэвалюцыйная фармацэўтычная ўстанова (3) Адольфа Вейгера фон Рэйдэместэра знаходзілася на першым паверсе і выконвала свае функцыі да самага зносу як «Аптэка №1». Другі і трэці паверхі былі жылымі, а ў пентхаўсе яшчэ да вайны працавала фотастудыя. На заходняй сцяне будынка – патрыятычнае пано, яго галоўныя элементы – серп і молат. На даху заклік «Вперед к коммунизму!». Да тарца аптэкі прытулілася кафэ «Віцьба» (4). Пункт грамадскага харчавання стаяў на месцы даваеннага двухпавярховага будынка, дзе размяшчалася ашчадная каса. «Віцьба» была адным з нямногіх кафэ ў тагачасным Віцебску і месцам прыцягнення моладзі.
Супраць солі
Відавочна, што падчас дэмантажу трамвайных ліній па плошчы Свабоды быў абмежаваны рух. Але ўсё роўна сучасны транспартны паток у сотні разоў большы.
У пачатку 1970-х камунальнікі Віцебска пачалі для барацьбы з галалёдам выкарыстоўваць соль замест пяску. Новаўвядзенне не ўсім прыйшлося даспадобы. У «Віцебскім рабочым» 1 лютага 1973-га надрукаваны фельетон, у якім крытыкаваўся такі падыход. Аўтар пісаў, што спецаўтабаза завозіць з Салігорска памол канітна-солевай руды і пасыпае ім тратуары, вуліцы, плошчы. І цяпер у траскучы мароз «яны пеняцца нейкай вадкасцю» замест прыемнага пахруствання пяску пад нагамі. У фельетон трапіла і згадка пра плошчу Свабоды, дзе «аўтамабілі «юзам» прасоўваюцца за светлафор, хоць вадзіцелі акуратна тармозяць на дапушчальнай адлегласці ад яго».
Канешне, пясок лепш. Але дзеля справядлівасці трэба сказаць, што зімой ён бы не справіўся з вялікімі транспартнымі патокамі сучаснага горада. Пры ўсёй нязручнасці рэагенты робяць праезджыя часткі і тратуары чысцейшымі, менш аварыйнымі і траўмабяспечнымі.
Фота Пятра ЧЫМКОЎСКАГА і з адкрытых крыніц.