Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Спорт

Браслаўскі лыжнік Глеб Шакель стаў сцяганосцам беларускай каманды на закрыцці юнацкай Алімпіяды

З Глебам Шакелем пазнаёмілася мінулым летам. Юнак прыязджаў на спаборніцтвы па трыятлоне, якія разам з Беларускай федэрацыяй арганізоўвалі ў Браславе яго бацькі.

– Вучуся, трэніруюся, – толькі і сказаў пра сябе. І, прыхапіўшы ролікі, заспяшаўся на чарговую трэніроўку.

З яго бацькамі Кацярынай і Юрыем Шакель дамовіліся, што наступная сустрэча адбудзецца, калі Глеб прыедзе ў Браслаў перадыхнуць паміж заняткамі, трэніроўкамі, спаборніцтвамі. На жаль, такога выпадку не здарылася. Напружаны рытм жыцця маладога спартсмена дазваляе яму толькі зрэдку гасціць у бацькоў. Часцей яны едуць да яго ў Віцебск ці на базы, дзе праходзяць зборы. У дзень майго візіту Кацярына збірала «перадачу» для сына: напякла бліноў, нагатавала іншых любімых ім страў. Вечарам Глеб ад'язджаў на зборы ў Аўстрыю, пасля якіх будзе выступаць за Беларусь на юнацкім чэмпіянаце свету ў Германіі.

У склад каманды краіны Глеб Шакель трапіў па выніках выступлення ў швейцарскай Лазане на ІІІ зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульнях. Бег чатыры гонкі, дайшоў да паўфінала. На закрыцці гульняў, з гонарам паведаміла маці, нёс сцяг Беларусі. Рыхтавацца да спаборніцтваў у Аўстрыі будзе самастойна. Яго трэнер Юрый Амбросімаў дакладна распісаў Глебу праграму трэніровак, бо за гады сумесных заняткаў упэўніўся, што юнак кантролю не патрабуе, усё выканае належным чынам.

Ужо шмат гадоў жыццё бацькоў падпарадкавана рытму спартыўнай кар'еры сына. На лыжы бацька паставіў яго ў тры гады, а ў няпоўныя чатыры Глеб стаў самым маладым удзельнікам гарадской лыжнай гонкі, якая праводзілася ў латвійскім Даўгаўпілсе, дзе яны тады жылі. Хлопчык нават атрымаў бласлаўленне ў вялікі спорт ад чэмпіёна свету па трыятлоне Анатоля Леўшы.

Першым трэнерам быў бацька – спартсмен-аматар, які выступаў за гарадскія каманды па зімніх і летніх спаборніцтвах, па футболе і валейболе.

– Глеб быў у нас з Кацярынай доўгачаканым, – расказаў бацька. –Хацелі, каб вырас здаровым, без шкодных звычак. У гэтым мог дапамагчы спорт. Самі трэніравалі Глеба і тады, калі вярнуліся на малую радзіму ў Браслаў. Вазілі на самыя розныя спаборніцтвы, у тым ліку ў Прыбалтыку, дзе іх праводзіцца багата менавіта для дзяцей. Лыжы, ролікі, веласіпед змяняліся на працягу года.

Па сасновым лесе, які пачынаецца літаральна за парогам іх дома, Юрый праклаў трасы для лыжных і веласіпедных гонак, стаў арганізатарам розных аматарскіх спаборніцтваў, на якія з'язджаюцца ў Браслаў беларускія і расійскія спартсмены. Каб прыцягнуць да спорту браслаўскую моладзь, выгадаваць з іх ліку хаця б некалькі прафесіянальных спартсменаў, арганізоўваў клубы. Знайшоў такіх жа, як сам, нераўнадушных людзей. На базе Слабодкаўскай СШ адкрылі лыжную секцыю, разжыліся інвентаром. Толькі на адной ініцыятыве праіснаваць доўга не змаглі.

Была яшчэ адна спроба. Разам з заслужаным трэнерам Беларусі Уладзімірам Маркашанскім зарэгістравалі спартыўны клуб «Вікторыя». Пачалі выязджаць на спаборніцтвы ў Германію, Фінляндыю, Аўстрыю… Аднак зноў без падтрымкі ўлады пратрымацца не ўдалося. Але ўсё ж карысць ад тых клубаў была. Набываўся вопыт прапаганды здаровага ладу жыцця, арганізацыі спаборніцтваў, а ў Глеба – асабісты. Ён многаму вучыўся ў старэйшых таварышаў. 

Пасля заканчэння девяці класаў Глеб паехаў у сталічную школу алімпійскага рэзерву,але праз год заняткаў перабраўся ў Віцебск. Менавіта тут з дапамогай трэнераў у поўную сілу раскрыўся талент браслаўчаніна. Ён пачаў паказваць высокія вынікі на спаборніцтвах у Беларусі, паехаў на ІІІ зімовыя юнацкія Алімпійскія гульні.

Наперадзе Глеба Шакеля чакае шмат новых стартаў. Няхай і надалей яму спадарожнічае ўдача. 

Здымак с сайта НАК Беларусі.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ