Асвойваць новы від дзейнасці – аказанне экааграпаслуг – пачалі ў пастаўскім ААТ “Сцяг Перамогі-агра” восенню мінулага года.
Як гаворыць дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Борыс, палічылі, што можна зарабіць на экскурсіях выхаднога дня. А што яны менавіта на базе іх гаспадаркі будуць запатрабаваныя, не сумняваліся, бо збіраліся прапанаваць усім жадаючым катанне на конях – у брычках і верхам, а магчыма, і іпатэрапію.
Сёння можна сцвярджаць, што многае з задуманага Юрыю Борысу і яго памочнікам удалося ажыццявіць. На конным двары “Сіўка-бурка”, што знаходзіцца ў Рамельках, 14 коней, даглядаюць іх вопытныя работнікі на чале з Віктарам Далецкім, а попыт на паслугі канюшні расце зкожным месяцам.
Сярод пастаўчан знайшлося шмат прыхільнікаў верхавой язды. Вопытныя адпраўляюцца на прагулку па маляўнічых мясцінах наваколля, навічкі напрацоўваюць навыкі на спецыяльна абсталяваных пляцоўках, дапамагаюць карміць ці чысціць жывёлу. Акрамя таго, у канюшні ёсць цір, месца для кідання ножыкаў і тапорыкаў.
— У Беларусі імкліва набірае папулярнасць стыль вестэрн, — сцвярджае загадчык коннага двара Віктар Далецкі. — Праводзіцца шмат мерапрыемстваў, дзе можна і акунуцца ў жыццё Дзікага Захаду. Таму ў нас узнікла ідэя развіцця гэтага напрамку, стварэння жаночага “Вестэрн-клуба”, дзе прадстаўніцы прыгожай паловы маглі б не толькі вучыцца катацца на конях, але і авалодваць іншымі каўбойскімі навыкамі.
Дапамагчы ажыццявіць гэты план гатовы Яўгенія Зінчанка, якая цяпер працуе поварам у дзіцячым садзе аграгарадка Кураполле, і пляменніца яе мужа Дзіяна Вілюліс. Практычна ўвесь вольны час яны праводзяць на конным двары. Яўгенія раней была інструктарам на канюшні пад Мінскам і памочнікам дрэсіроўшчыка ў Белдзяржцырку.
У Паставы пераехала да бацькоў мужа, які праходзіць тэрміновую службу ў райцэнтры. Дзяўчына хоча падзяліцца сваімі ведамі пра коней з тымі, каму гэта цікава.
Каўбойства прадугледжвае не толькі ўменне трымацца ў сядле, але і добрае валоданне халоднай і агнястрэльнай зброяй. Гэтаму таксама абяцаюць навучыць на конным двары «Сіўка-бурка». А праверыць сябе і пасапернічаць з іншымі прапануюць на штомесячных спаборніцтвах або на чэмпіянаце «Залатая шпора», які праходзіць у Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Восенню, кажа Юрый Борыс, пастаўчане плануюць паўдзельнічаць у ім.
З нядаўняга часу на конным двары “Сіўка-бурка” пачалі аказваць паслугі па іпатэрапіі. Гэта разнавіднасць лячэбнай фізкультуры, якая карысная ў першую чаргу дзецям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а ў якасці бонуса – зносіны з высакароднай і прыгожай жывёлай. Сумесна з мясцовым шпіталем, які выступае кампаньёнам у развіцці іпатэрапіі, два разы на тыдзень пад наглядам урача тут праводзяць спецыяльныя заняткі з дзецьмі.
«Сіўка-бурка» — праект малады, які актыўна развіваецца. Яго арганізатары ўпэўнены, што попыт на паслугі будзе стабільным круглы год.