Старэйшае ў краіне міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” адным з першых у краіне адкрыла сезон летніх фестываляў.
Сёлета яно сабрала больш за паўсотні творчых калектываў, якія прыехалі ў Браслаў, каб на пляцоўцы азёрнага краю папулярызаваць культуру сваіх народаў, абмяняцца яе традыцыямі і разам з гаспадарамі адсвяткаваць шматлікія юбілеі браслаўчан – 960-годдзе заснавання горада, 30-годдзе ўтварэння музея традыцыйнай культуры і іншыя круглыя даты падзей і праведзеных тут мерапрыемстваў.
Лейтматыў фестывалю “Ад мінулага да сучаснасці”, тэма дружбы народаў праходзілі праз шматлікія конкурсы, выступленні аматарскіх і прафесіянальных калектываў. Былі яны з усіх абласцей Беларусі, з Белгародскага Ліпецкага, Арлоўскага, Смаленскага, Пскоўскага рэгіёнаў Расіі. Тысячы кіламетраў пераадолелі мастацкія калектывы з казахскай сталіцы і кітайскага горада Цзінчжоу. З радасцю ўдзельнікі фестывалю сустрэлі творчыя калектывы беларусаў, што жывуць у Латвіі. Нягледзячы на цяжкасці перасячэння мяжы з Еўрасаюзам, яны прыехалі ў Браслаў, каб падсілкавацца моцай малой радзімы. Два дні жыхары края захапляюцца песнямі і танцамі, далучаюцца да культурных традыцый блізкіх і далёкіх рэгіёнаў нашай планеты.
Фота Аляксандр АЗЕРСКI