Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Інтэрактыўны квэст, інтэрнэт – віктарына, інтэлектуальныя гульні. Чым яшчэ здзівіць Полацк на Дне беларускай пісьменнасці

Падрыхтоўка да свята, якое адбудзецца 4 верасня ў Рагачове, ідзе поўным ходам.  І ўжо вядомы адрас наступнага свята – Полацк.

7936

Полацкі выток

Гэтаму ёсць надзвычай важкая падстава: у 2017-м айчыннаму кнігадрукаванню, запачаткаванаму слынным палачанінам – асветнікам, гуманістам, вучоным-медыкам, пісьменнікам і грамадскім дзеячам Францыскам Скарынам, – споўніцца 500 год. Як сведчыць гісторыя, ён пераклаў «Біблію» на царкоўнаславянскую мову ў беларускай рэдакцыі – набліжаную да зразумелай тагачаснаму простаму люду, і надрукаваў у Празе, аздобіўшы гравюрамі. Раней за нямецкую, амаль на паўстагоддзе апярэдзіўшы польскую. Скарынава «Біблія» стала першай друкаванай Кнігай кніг у гісторыі ўсходне- і паўднёваславянскіх народаў, а яго «Псалтыр» выйшаў на 47 гадоў раней за кнігу «Апостал» Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, з якой пачалося расійскае кнігадрукаванне. Спадчына, пакінутая чалавецтву Скарынам, – 22 кнігі, якія выйшлі ў яго пражскім выдавецтве, і 3 – у заснаванай ім віленскай друкарні. У трох кнігах асветнік змясціў свой партрэт. Першым ва Усходняй Еўропе на кніжных застаўках і гравюрах адлюстраваў і асабісты друкарскі знак: сонца, прыкрытае сярпом месяца, – у выглядзе чалавечых твараў. Праз амаль ці не паўтысячу гадоў гэты знак стаў сімвалам Дня беларускага пісьменства.

7919

Вядучы навуковы супрацоўнік Вольга Шульчанка дэманструе кнігу «Псалтыр» (XVII ст).

У Беларусі ёсць ордэн і медаль Францыска Скарыны. Яго імя нададзена навучальным установам, вуліцам, бібліятэкам і грамадскім аб’яднанням. Помнікі выбітнаму земляку стаяць у Полацку, Мінску, Лідзе, Калінін­градзе, Празе. Партрэт вісіць у мемарыяльнай зале Падуанскага ўніверсітэта (Італія), прысвечанай 40 слынным яго выпускнікам. А ва ўнутраным дворыку самага старога корпуса Полацкага дзяржуніверсітэта ёсць гадзіннік, з нішаў пад якім у суправаджэнні студэнцкага гімна «Гаўдэамус» і гімна ПДУ выхо­дзяць фігуркі асветнікаў, у тым ліку Скарыны. Па скарынаўскай тэме выдаюцца паштовыя маркі і канверты, серыя юбілейных манет ад Нацыянальнага банка мае назву «Шлях Скарыны».

Напісанае сапраўды застаецца

Хаця свой зямны шлях Францыск скончыў у Празе, памяць пра яго на радзіме жыве, а справа мае вартасны працяг. Нездарма ж кажуць, што напісанае застаецца. Гэты слушны тэзіс з 1990 года, калі па рашэнні ЮНЭСКА адзначалася 500-годдзе з дня нараджэння нашага першадрукара, сцвярджае справай полацкі Музей беларускага кнігадрукавання.

– Тады самае вялікае свята адбылося ў Полацку. На адкрыцці музея ў колішняй Брацкай школе мужчынскага Багаяўленскага манастыра, помніка архітэктуры XVIII ст., прысутнічаў нашчадак Скарыны ў 14-м пакаленні – Стэнлі (Станіслаў) Скарына з Манрэаля (Канада). Дарэчы, ён дасканала валодаў беларускай мовай. У яго ёсць сын і дачка, так што скарынаўскі род працягваецца, – распавядае вядучы навуковы супрацоўнік музея Вольга Шульчанка, палачанка, улюбёная ў свой горад і асветніцкую працу.

У навуковай бібліятэцы-музеі больш за 25 тыс. адзінак захавання, якія адлюстроўваюць гісторыю кнігі ад світкаў да сучасных яе варыянтаў, лаўрэатаў штогадовых рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў, вынікі якіх падводзяцца падчас Дзён беларускага пісьменства. Асобная зала прысвечана жыццю і дзейнасці Скарыны. Тут ёсць копіі яго кніг галоўным чынам пражскага выдання. Некаторыя арыгіналы з Нацыянальнай бібліятэкі прывозілі ў Полацк на святкаванне 1150-годдзя горада і летась, да 25-годдзя адкрыцця Музея беларускага кнігадрукавання. У складзе полацкай Скарыніяны – першая грунтоўная манаграфія пра першадрукара (1888 г.), створаная ў Санкт-Пецярбурзе гісторыкам Пятром Уладзіміравым, «Гісторыя крэўскай кнігі» Вацлава Ластоўскага (1926 г.), з больш сучасных – «450 год беларускага кнігадрукавання», зборнікі матэрыялаў пра Скарыну. «Полацкая рэвізія 1552 года» – дакумент накшталт перапісу насельніцтва, дзе ўзгадваецца і род асветніка. Сярод рарытэтаў кніга­збору – «12 прамоў» Іераніма Фалецкага (1558 г.), «Імшал рымскі» (Полацк, 1826), кніга «Псалтыр» (XVII ст.), падараваная настаяцелем мясцовай абшчыны Дрэўле­праваслаўнай (стараверскай. – Аўт.) Паморскай Царквы Пятром Арловым, і інш.

7968

Дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева са знакам-сімвалам «Залаты фаліянт».

Музей падтрымлівае сувязі з мінскай літаратурнай суполкай «Полацкае зямляцтва», мясцовымі творчымі аб’яднаннямі – «Наддзвінне», якое мае ганаровае званне народнага, і «Полоцкая ветвь». Раз у пяць гадоў прахо­дзяць навуковыя канферэнцыі кнігазнаўцаў, даследчыкаў дзейнасці Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага.

Тут, згадваючы паэтычны выраз Янкі Купалы, «усякая рэч як гавора з табою…». Цішыня пад белымі скляпеннямі падманлівая, бо Музей кнігадрукавання – адзін з самых наведвальных у Беларусі. І падчас нашай камандзіроўкі па залах гэтага своеасаблівага кніжнага храма няспешна хадзілі турысты з фотаапаратамі напагатоў.

 – Бывае, за дзень праводжу па 7 груп экскурсантаў плюс самастойныя наведвальнікі. На канікулах гэта часцей беларускія школьнікі, а ўвогуле прыязджае шмат расіян, турыстаў з бліжэйшага і далёкага замежжа. Апрача экскурсій, сустрэч з літаратарамі, выстаў «Лепшыя кнігі Беларусі», праходзяць музейна-педагагічныя заняткі, на якіх паступова далучаем да чытання дашкалят, – працягвае экскурсію Вольга Шульчанка.

Па выніках 46-га Рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі» падчас Дня беларускага пісьменства – 2006 у Паставах полацкі Музей беларускага кнігадрукавання быў узнагароджаны ганаровым знакам-сімвалам – бронзавай статуэткай «Залаты фаліянт» – за ўклад у захаванне духоўнай спадчыны. За гэта ж, па вялікім рахунку, Полацк трэцім разам абраны сталіцай нацыянальнага свята пісьменства на 2017 год.

Повязь часоў

Да Дня беларускага пісьменства на радзіме першадрукара прымеркаваны адметны культурна-асветніцкі праект – 2 і 3 верасня адбу­дзецца II Нацыянальны дзіцяча-моладзевы форум «Скарынаўскія дні ў Полацку – 2016». Па словах галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірыны Страленка, у гімназіі №1 імя Францыска Скарыны запланавана «Скарынаўская алімпіяда», у СШ №18 імя Еўфрасінні Полацкай – турнір па інтэлектуальных гульнях «Скарынаўскія гульні». Пленэр «Знакамітаму земляку прысвячаецца…» пройдзе каля помніка Скарыне і каля Сафійскага сабора. Яшчэ ў праграме форума – інтэрнэт-віктарына ў межах інтэрактыўнага края­знаўчага квэста «Брама гісторыі» www.kraeved.ihb.by і экскурсія з наведваннем устаноў адукацыі, вечар сустрэчы сяброў «Маладосць! Эрудыцыя! Дружба!» і святочная праграма «Спадчына Скарыны».

7945

З імем полацкага асветніка ў Год культуры на Беларусі звязаны і іншыя падзеі. Напярэдадні Дня пісьменства чакаецца 10-ы міжнародны «круглы стол» з удзелам літаратараў Беларусі, Азербайджана, Вялікабрытаніі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Расіі, Сербіі, Славакіі, Таджыкістана, Украіны, Чарнагорыі па тэме «Сугучча: слова Скарыны ў сучасным свеце». 31 жніўня ў Мінску скончыцца прыём твораў на конкурс п’ес «Францыск Скарына і сучаснасць». Выдадзены факсімільны 11-томнік «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Пабачыла свет кніга Анатоля Клышкі для дзяцей «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга». Да свята пісьменства выйдзе таксама адрасаваная юным чытачам кніга Алены Стэльмах «У гасцях у Францыска Скарыны». Абмяркоўваюцца прапановы пра наданне Нацыянальнаму аэрапорту Мінск імя Францыска Скарыны – беларуса, палача­ніна, які сваёй нястомнай асветніцкай працай адрасаваў з далёкага XVI стагоддзя наступным пакаленням найважнейшы маральны запавет: «Усякаму чалавеку трэба чытаць, бо чытанне – люстра нашага жыцця, лекі для душы».

Фота Дзмітрыя Осіпава.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ