Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Маладому полацкаму музыканту давялося спець на адной сцэне з «Начнымi снайперамi»

Спець з расійскай рок-зоркай Дзіянай Арбенінай даўно марыў малады полацкі музыкант Ігар Палынскі. І лёс даў яму такі шанец на юбілейным канцэрце, што прайшоў у Маскве 5 снежня і быў прысвечаны 20-годдзю вядомай рок-групы «Начныя снайперы».

Ігару 20 год, ён завочна вучыцца ў Інстытуце журналістыкі БДУ і працуе ў газеце «Полацкі веснік». А ў вольны час захапляецца рок-музыкай: піша песні, грае на гітары і спявае ў гурце «Горад N», які быў створаны ў Полацку ў 2009 годзе і ўжо паспеў заявіць пра сябе на айчынных і замежных фестывалях.

Да творчасці Арбенінай малады музыка ставіцца з асаблівай пашанай. Распавядае, што ўсё пачалося з Бродскага. Аднойчы пачуў, як зорка расійскага року спявала на словы любімага паэта. Потым паслухаў яе дыск і зразумеў, што захапленне – на ўсё жыццё. Бо Дзіяна – цікавая, шматгранна таленавітая асоба, тэксты яе песень напоўненыя глыбокім сэнсам, а канцэрты – неверагоднай энергетыкай.

А яшчэ палачаніну вельмі імпануе цёплае стаўленне спявачкі да Беларусі і беларусаў. Яна нарадзілася ў Валожыне, потым сям’я пераехала ў Барысаў, бацька і цяпер жыве ў Мінску. У інтэрв’ю Дзіяна прызнаецца, што адчувае настальгію па радзіме, бо з цягам часу кожнага чалавека ўсё больш цягне да сваіх каранёў.

Магчыма, гэтае кранальнае пачуццё адыграла сваю ролю і ў гісторыі з Ігарам Палынскім. Пачуўшы пра тое, што лідар «Начных снайпераў» збірае дзеля юбілейнага канцэрта адмысловы «Снайперскі хор», ён, вядома ж, не прамінуў падаць туды заяўку. І не проста быў запрошаны на праслухоўванне, а прайшоў адбор і здолеў уразіць Арбеніну.

– Што будзем слухаць? – запытала яна.

– Напэўна, тое, што вы час­та выконваеце на канцэртах у Беларусі, – адказаў Ігар. – «Засі­ялі зоркі, заспявалі пеўні, зашумеў зялёны лес».

Урэшце рок-зорка пачала яму падпяваць, а пазней сказала: «Ён зацягнуў, і мне было так прыемна, проста немагчыма!». Больш таго, менавіта гэты хлопец навучыў яе правільна выгаворваць наступныя радкі песні: «Вось (а не вот, як спявала ра­сійская беларуска – Л. М.) яна якая, наша доля». Пакуль што доля яму спрыяла, таму Ігар папрасіў Арбеніну сфатаграфавацца разам і нават сціпла запытаў: «А можна вас узяць за руку?». І палачанін павёз дадому сімвалічны для яго фотаздымак. А потым зноў паехаў у Маскву на рэпетыцыі, якія ўрэшце завяршыліся грандыёзным канцэртам у клубе «Crocus City Hall».

– Мы стаялі і спявалі на адной сцэне – «Начныя снайперы» і хор са ста чалавек. Перад залай, што па колькасці змяшчае дзясятую частку Полацка. Раней Дзіяна Арбеніна была для мяне недасягальна касмічнай, а цяпер мы пазнаёміліся з ею як з простым, шчырым, сапраўдным чалавекам, – гаворыць Ігар.

І ўспамінае, як яна плакала ад светлых пачуццяў на апошняй рэпетыцыі. Бо толькі дзеля таго, каб сабраць такіх творчых і высокакультурных прыхільнікаў, а потым здзейсніць з імі такі феерычны праект, варта было чакаць 20 гадоў.

Палачанін падарыў Дзіяне Арбенінай медыятар для гітары, а яна паабяцала ім паіграць. Іншыя ўдзельнікі «Снайперскага хору» таксама прыхільна паставіліся да Ігара, прасілі яго пагаварыць па-беларуску і захапляліся меладычнасцю нашай мовы. Дарэчы, і ў сям’і, і ў сяброўскім асяродку наш герой карыстаецца беларускай мовай. Лічыць, што гэта лагічна і натуральна для беларуса. Жонка Дар’я падзяляе такія перакананні.

– Калі-небудзь хацелася б спець з Арбенінай дуэтам, – працягвае марыць Ігар. І гэта не проста мара, бо ён збіраецца ўпарта працаваць над сабой, удасканальвацца, каб дасягнуць узроўню свайго куміра.

Творчы псеўданім – Вожык – Ігар Палынскі таксама пазычыў з песні «Начных снайпераў». Гэты вобраз для яго азначае шчырасць і сапраўднасць. У жыцці малады чалавек імкнецца быць справядлівым і грунтоўным, не любіць крыўдзіць лю­дзей, а калі памыліўся, абавязкова просіць прабачэння. Жартуе, што ягоны Вожык – дэкаратыўны, з мяккімі калючкамі. Але ён не зварочваецца ў клубок пры любой небяспецы, не хаваецца ад праблем і стараецца дасягаць сваёй мэты.

 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ