Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Народны клуб «Расіца» з Верхнядзвінскага раёна падзяліўся рэцэптамі велікодных кулічоў ад сталых гаспадынь

Здаецца, шматлікія абрады ды традыцыі беларусаў стараннямі людзей, жадаючых не страціць народнай мудрасці, вернуты да жыцця. Але людзі дапытлівыя знаходзяць усё новыя элементы таго, як нашы продкі рыхтаваліся, скажам, да Вялікадня, займаліся дабрадзействам, ачышчалі душу і цела, каб урэшце пачуць «Хрыстос уваскрос!» і з чыстым сумленнем адсвяткаваць галоўнае хрысціянскае свята.

Бігосаўскі народны клуб нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Расіца» Верхнядзвінскага раёна ў чарговы раз здзівіў землякоў сваімі знаходкамі. У экспедыцыях па краі яго ўдзельнікі запісалі ад сталых гаспадынь рэцэпты велікодных кулічоў, якімі і вырашылі падзяліцца з маладымі жыхаркамі аграгарадка. Але перш самі апрабавалі іх. Сабраліся ў сваёй «Хатцы» і строга па запісах замясілі цеста. Выпечы кулічы простыя і заварныя даручылі сяброўкам, якія ў аб’яднанні славіліся кулінарным майстэрствам. А калі велікодны хлеб быў гатовы, разам ацанілі яго смак, знешні выгляд. Такім, прызналі, не сорамна пачаставаць любога госця, што завітае ў хату. Значыць, можна праводзіць і майстар-клас для ўсіх гаспадынь, якія жадаюць парадаваць на свята родных смачнай выпечкай.

Майстар-класы па прыга­таванні нацыянальных страў ды выставы-дэгустацыі ад «Расіцы» папулярныя сярод жанчын Верхнядзвіншчыны.

– Запісаныя намі ў экспедыцыях рэцэпты сучасныя гаспадыні зноў выкарыстоўваюць з ахвотай, – адзначае кіраўніца народнага клуба Валянціна Паршута. – Аказваецца, добра вядомыя ўсім дранікі маюць толькі ў нашай мясцовасці больш за дзясятак рэцэптаў. У сям’і Тамары Шкуновай пяклі «Вялікі дранік». У Алены Новікавай начынялі мясам ці грыбамі, у Марыны Кіч – тварагом. Былі нават «Заварныя дранікі». На раённым свяце аматарскай творчасці нашы гаспадыні прыгатавалі іх па самых розных рэцэптах, здзівілі верхнядзвінцаў іх колькасцю і смакам. Члены нашага клуба паспрыялі і таму, каб «Дранікі з мясам» былі ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Віцебшчыны.

Даўняя нацыянальная кухня вяртаецца на сталы беларусаў. Яе стравы рассмакавалі турысты, і гастранамічныя туры набываюць усё большую папулярнасць. Працуем і ў гэтым кірунку. Стравы па старадаўніх рэцэптах «прыпраўляем» народнымі песнямі, жартамі – тым, што робіць бяседу за сталом цікавай і вясёлай.

Вось і да Вялікадня падрыхтавалі цікавую праграму. У клубе запланавана паказаць святочны абрад, правесці забаўляльныя конкурсы для дарослых і дзяцей, пачаставаць іх удзельнікаў велікоднымі стравамі.

– Вопыт арганізацыі розных святаў, у тым ліку народных, маем вялікі, – кажа Валянціна Паршута. – Акрамя велікодных, праводзім згодна з традыцыямі гулянні «Ішла Каляда калядуючы» і «Мы гадалі, калядавалі, свята сустракалі», збіраем жыхароў аграгарадка на грамнічны абрад, калі зіма сустракаецца з вясною, распальваем вогнішча і водзім карагоды на Купалле. Бігосаўцам палюбілася і фальклорнае свята «Жаваратушкі», падчас якога праводзіцца абрад абуджэння прыроды ад зімовага сну, выпякаецца здоба ў выглядзе птушкі…

Верхнядзвінская «Расіца» спалучыла кухню, фальклор і гульню і такім чынам зрабіла сваю дзейнасць цікавай для сябе і для тых, хто разумее глыбокі сэнс народных традыцый, святаў і абрадаў з адпаведнымі кожнаму стравамі ды забавамі.

«Пасха заварная багатая» ад Тамары Шкуновай.

Спатрэбіцца: 1200 г тварагу, 600 г смятаны, 100 г сметанковага масла, 4 – 5 яек, 0,5 шклянкі разынак, 100 г цукру, соль па смаку.

Усе інгрэдыенты перамяшаць, пакласці ў каструлю з тоўстым дном, паставіць на агонь і нагрэць, пастаянна перамешваючы. Зняць з агню і зноў перамешваць, пакуль не астыне. Перакласці пасху ў форму, засцеленую марляй, зверху прыціснуць гнётам. На дзень пакінуць у халодным месцы. Калі маса застыне, перакласці ў талерку і ўпрыгожыць.

«Велікодны вянок» ад Тамары Хітрыкавай.

Спатрэбіцца: 2 кг мукі, 300 г малака, 50 г дрожджаў,  10 яек, 350 г цукру, 300 г алею, 200 г разынак, 1 чайная лыжка солі.

З 1,5 шклянкі малака і 1,5 шклянкі мукі заварыць рашчынку на маленькім агні, пастаянна перамешваючы да стану гладкасці. Дрожджы развесці ў паўшклянцы цёплай вады і ўліць у цеста. Старанна размяшаць і даць узняцца. Расцерці 10 жаўткоў з цукрам, бялкі ўзбіць у пену. Усё ўвесці ў рашчынку, усыпаць частку мукі, вымесіць, даць узняцца.  Дадаць 300 г разагрэтага алею і чайную лыжку солі. Замяшаць астатнюю муку. Дабавіць разынкі і ўсё старанна вымешаць. Раскласці
ў формы, даць узняцца, выпякаць на невялікім агні пры тэмпературы 180 градус
аў.

Фота з архіва народнага клуба «Расіца».


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ