Прырода шчодра адарыла талентам Злату Ярашэвіч з невялікай пастаўскай вёскі Стары Двор. Дзяўчынцы толькі 12 гадоў, а яна ўжо мае шмат узнагарод за сваё вакальнае майстэрства.
Яе сяброўкі яшчэ гулялі ў лялькі, а Злата ўжо займалася ў Навасёлкаўскай сярэдняй і музычнай школах і выступала на сцэне, вучылася вакалу ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя У. Мулявіна ў Мінску, а крыху пазней і ў Акадэміі Ігара Крутога ў Маскве. У такім рытме жыве чатыры гады, а разам з ёй і бацькі.
– У нас не стаіць пытання, купіць новы тэлевізар ці замяніць халадзільнік, – сур’ёзна і ў жарт гаварыла мама Златы Вольга Францаўна. – Для выступлення на сцэне неабходны новыя касцюмы. Час і грошы патрабуюць паездкі на заняткі ў сталіцу. Дзякуй, Злата першымі пакарыла талентам сваякоў, знаёмых. Усе гатовы дапамагчы, каб яна змагла рэалізаваць свае здольнасці.
Толькі за мінулы год скарбонка юнай спявачкі папоўнілася дзясяткам новых перамог і ўзнагарод. Яна стала фіналісткай нацыянальнага адбору на ХХ Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе «Віцебск-2022», лаўрэатам першай ступені – пераможцай ад нашай вобласці ў намінацыі 12 – 16 гадоў – II Рэспубліканскага творчага конкурсу «Вытокі», уладальніцай Гран-пры на анлайн-фестывалях Holy Land. Summer Joy (Ізраіль), Tallinna Gold Mix-Summer 2022 у Эстоніі. Шмат прыемных хвілін перажыла, калі атрымала спецыяльны прыз ад папулярнага спевака Пятра Ялфімава на Міжнародным фестывалі эстраднай песні «Твой голас» у Маскве. Але самыя незабыўныя ўражанні засталіся, кажа, ад удзелу ў «Дзіцячай Новай Хвалі – 2022», якая праходзіла восенню мінулага года ў Крыме.
Міжнародны лагер «Артэк» не адзін год з’яўляецца вялікай сцэнай для выканаўцаў папулярнай музыкі. Быць сярод іх марыла і Злата. Вясной мінулага года яна падала заяўку на ўдзел у конкурсе, прайшла адбор. З тысяч юных выканаўцаў з розных краін свету журы ў паўфінале, які праходзіў у Акадэміі Ігара Крутога, выбрала лепшых. У лік іх трапіла і наша зямлячка. У кастрычніку 12 фіналістаў з Грузіі, Арменіі, Расіі, Кыргызстана, Казахстана, Кіпра, Эстоніі адправіліся ў «Артэк». Стылісты падабралі для спявачкі ўбор ад брэнда BebaKids, у якім Злата выканала песню «Навек» на словы і музыку Канстанціна Меладзэ.
Як расказала Вольга Францаўна, зала з некалькімі тысячамі гледачоў падпявала дачцэ і доўга апладыравала. Журы ў складзе папулярных артыстаў – Дзмітрыя Малікава, Сасо Паўліашвілі, Юліаны Караулавай, Вані Дзмітрыенкі, блогера і спевака Хабіба – яе выступленне таксама спадабалася. На пытанне вядучай Леры Кудраўцавай «Што атрымалася ў Златы?» Сасо Паўліашвілі сказаў: «Яна змагла захаваць у песні сябе, сваё я, свае адносіны да свету. Гэта яна зрабіла выдатна. Дзякуй Беларусі, дзе нараджаюцца такія таленавітыя дзеці!»
Злата прывезла з Крыма прафесіянальны мікрафон, пуцёўку ў «Артэк» на гэты год і, як кажа, вялікі вопыт выступлення на сцэне. Гэта варта таго, каб на канікулах даганяць аднакласнікаў па школьнай праграме, дадаткова займацца вывучэннем англійскай, нямецкай, французскай моў, на якіх збіраецца спяваць, а яшчэ рэпетыраваць і выступаць для сваіх землякоў, удзельнічаць у мясцовых конкурсах. Дарэчы, на дыяцэзіяльным фестывалі «Зорка Бэтлеема», што праходзіў у Міёрах, у сваёй узроставай групе Злата зноў стала пераможцай. Яна выканала тры песні на розных мовах, пакарыла гледачоў і журы. Наперадзе ў дзяўчынкі новыя вышыні, яе зорка разгараецца ўсё ярчэй.