У Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я рэалізуецца ўнікальны аўтарскі праект «Полацкая набіванка» пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Беларусі ў сферы культуры на 2025 год.

– У музей сталі паступаць рэчы, аздобленыя ўзорамі, зробленымі ў тэхніцы набіванкі з выкарыстаннем дошкі-клішэ. Мяне гэты від дэкаравання тканіны зацікавіў, – расказала аўтар праекта, вядучы навуковы супрацоўнік музея Таццяна Бараненка (на фота). – Пачала збіраць інфармацыю. Напрыклад, у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі ёсць выдатная даваенная калекцыя арыгінальных дошак-клішэ. Захацелася даведацца, ці існавала нешта падобнае на Полаччыне. Так і з’явіўся наш праект.

Набіванка распаўсюдзілася ў XVI – XVII стагоддзях у Віцебску, Магілёве, Полацку, Оршы, Бабруйску. У гэтых гарадах размяшчаліся майстэрні па набіванцы ў XIX ст. Пасля яна стала папулярнай і ў малых населеных пунктах. Але з развіццём тэкстыльнай прамысловасці ручная набіванка паступова становіцца непатрэбнай, ёй займаліся толькі адзінкавыя майстры.
– Галоўная мэта праекта – адраджэнне і папулярызацыя традыцыйнай полацкай набойкі. Менавіта таму мы займаемся не толькі навукова-даследчай дзейнасцю, але і праводзім майстар-класы для дзяцей і дарослых, музейныя заняткі, адкрытыя дыялогі. Да таго ж палачане і госці горада могуць скласці ўяўленне пра гэты від рамяства, калі наведаюць часовую экспазіцыю «Набіванка: традыцыя і сучаснасць», – зазначыла Таццяна Бараненка.

Выстава прадстаўлена ў дзвюх плоскасцях: гістарычнай, якая паказвае ўзнікненне і развіццё набойкі ў XIX – першай палове XX стагоддзя на тэрыторыі Беларусі, і сучаснай, якая адлюстроўвае адраджэнне і пераасэнсаванне старажытнага майстэрства ў працах майстроў нашага часу. У экспазіцыі больш за два дзясяткі музейных экспанатаў з фондаў розных музеяў. Гэта дошкі-клішэ з рэльефнымі ўзорамі для набіванкі, абрусы і ручнік, хусткі, куфар невядомага майстра, аздоблены ў тэхніцы набіванкі.
Праект «Полацкая набіванка» быў прадстаўлены на 27-й Міжнароднай выставе-кірмашы турыстычных паслуг «Адпачынак-2025», падчас IV рэспубліканскай акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся», на Фестывалі навукі — 2025, які прайшоў у Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Мінску.
Фота з архіва Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я






