Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Праект па адраджэнні аўтэнтычнай кухні стартаваў у Полацкім раёне

У Полацкім раёне стартаваў праект па адраджэнні традыцый аўтэнтычнай мясцовай кухні. Рэцэпты і тэхналогію прыгатавання ўнікальных страў ад старажылаў пераймае моладзь.

- Цыбрыкі нашы смачныя, бо гатуем іх з душой. Мая мама  і бабуля так рабілі, а я вучылася, - распавядае 78-гадовая жыхарка вёскі Багатырская Марыя Міхайлаўна Ракіцкая.

Менавіта яна стала першай гераіняй кулінарнага падарожжа ў мінулае пад назвай “Полаччына гасцінная”. Гэта сумесны праект раённага Цэнтра культуры і рэгіянальнай тэлекампаніі “Скіф”. Ён фіксуе адметнасці рэгіёна, распавядае пра носьбітаў інфармацыі. Пакуль у вёсках яшчэ жывуць захавальнікі традыцый, важна зберагчы іх веды для будучых пакаленняў.

- Супрацоўнікі нашых клубных устаноў сабралі багаты этнаграфічны матэрыял,  адзначыла дэрэктар цэнтра Наталля Дзёміна. – Аналізуючы запісы, мы заўважылі, што адной з ключавых ліній выступае цікавая для ўсіх гастранамічная тэма. Таму ідэя праекта прыйшла сама сабой, прычым  вырашылі адлюстраваць погляд моладзі. Так узнікла задума цыклу перадач “Смачнае падарожжа Надзейкі”.

Ролю Надзейкі таленавіта выконвае метадыст цэнтра культуры Надзея Зайцава. Яна – сучасная дапытлівая гарадская дзяўчына, якая стамілася ад сушы, піц і хот-догаў і захацела пакаштаваць чагосьці асаблівага – такога, як раней гатавалі нашы бабулі. Таму і задумала гэтае падарожжа па раёне Надзейка. Будзе ездзіць з вёскі ў вёску, пераймаць сакрэты традыцыйнай кухні, занатоўваць у дзённік і весці спецыяльныя старонкі ў сацыяльных сетках “ВКонтакте” і “Аднакласнікі”.

Першым прыпынкам на шляху стала вёска Багатырская, дзе здаўна ўмеюць гатаваць  цыбрыкі.

- Мяса ў вясковых людзей, - тлумачыць Марыя Ракіцкая,  - раней было няшмат, затое бульбы хапала. Буйную церлі на дранікі і клёцкі, яшчэ рабілі забеленыя галушачкі. А каб маленькія бульбіны не прападалі, іх адварвалі, таўклі на кашу, дадавалі сырыя яйкі. Потым гэтае цеста фаршыравалі розным начыннем. У нас выкарыстоўвалі грыбы: і сырыя, і сушаныя. Іх малолі, дадавалі цыбулю, кмен, кроп. Камы абсмажвалі ў алеі  і падавалі на стол.

Запіваць ежу продкі любілі незаслужана забытай сёння раўгеняй. Натуральны кісла-салодкі напой рыхтаваўся на аснове жытняй мукі з дадаткам бульбы і мёду, па смаку нагадваў квас. Яго маглі браць з сабой і на працу ў поле.

Узнавіць атмасферу мінулых часоў у працэсе рэалізацыі праекту дапамог народны фальклорны калектыў “Галасы спадчыны” Багатырскага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Алены Лукавіцкай. Яго ўдзельнікі выканалі традыцыйныя народныя песні, якія калісьці суправаджалі жыццё жыхароў  Полаччыны падчас працы і адпачынку.

Даведаўшыся пра раўгеню і цыбрыкі, цікаўная Надзейка паедзе па іншых вёсках раёна, каб навучыцца гатаваць крупяныя бліны, сыр з казінага малака, памінальныя стравы, печанёўкі, вантрабянкі і іншыя прысмакі па-полацку.

Па выніках гастранамічнага тура плануецца падрыхтаваць цыкл тэлеперадач, сістэматызаваць запісы і выдаць своеасаблівы дзённік “Смачнага падарожжа Надзейкі” ў якой-небудзь крэатыўнай форме. Праект, як адзначыла Наталля Дзёміна, дынамічна развіваецца: з кожным днём узнікаюць новыя задумкі, сюжэтныя лініі і формы падачы матэрыялу. Напрыклад, вярнуўшыся дадому са сваёй першай паездкі, Надзея Зайцава паспрабавала самастойна прыгатаваць стравы, якім навучылася ў Марыі Ракіцкай. А вопытам і ўражаннямі зноў падзялілася з  усімі, хто сочыць за ёй у сацыяльных сетках.

Фота Ларысы МАЛАШЭНI


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ