Рэдакцыя «Витебских вестей» пачынае праект пад умоўнай назвай «Рэтраспектыва». Яго мэта – праз спалучэнне старых і сучасных фотаздымкаў расказаць пра гісторыю гарадоў Віцебшчыны. Запрашаем да супрацоўніцтва ўсіх, хто гатовы яго падтрымаць. А пакуль карэспандэнты «ВВ» паспрабавалі рэканструяваць у Віцебску кампазіцыю фатаграфіі другой паловы ХІХ ст. і адправіліся на правы бераг Дзвіны.
На жаль, дакладны ракурс нам падабраць не ўдалося па аб’ектыўных прычынах. Справа ў тым, што кропка, адкуль здымаў стары фатограф, знаходзіцца на тэрыторыі культурна-гістарычнага комплексу «Дзвіна» (колішнія саляныя склады). А бераг ракі там парослы вялікімі дрэвамі, галіны якіх засланяюць панараму цэнтральнай часткі горада. Прыйшлося фарміраваць кампазіцыю ў самым пачатку гэтых пасадак. У выніку галоўныя арыенціры – ратуша (нумар 1) і Уваскрасенская царква (2) – апынуліся не справа ад Дабравешчанскай царквы (3), як на старой фатаграфіі, а далёка злева. Дарэчы, за 150 гадоў толькі ратушы пашчасціла, і яе абрысы на абодвух здымках зафіксаваны ў амаль нечапаным выглядзе. Напрыклад, Успенскі сабор (яго частка бачна злева) і Уваскрасенская царква былі ўзарваныя ў 1930-х, а Дабравешчанку расцягвалі танкам у 1961 годзе. Гэтыя храмы адбудаваны ў найноўшы час.
А цяпер крыху пра некаторыя будынкі, якія не захаваліся. Бліжэйшы сусед Дабравешчанскай царквы фарны касцёл (4) быў узведзены ў канцы ХVIII ст. У 1840-х гадах яго зачынілі і ў 1858-м перадалі пад цэнтральны архіў актавых кніг Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Тут захоўваліся дзясяткі тысяч дакументаў, якія тычыліся дзейнасці ўладаў і жыцця месцічаў Віцебска, Магілёва, Полацка, Оршы, Мсціслава, Крычава, Ушачаў і г. д.
Будаўніцтва дамініканскага касцёла (5) пачалося ў 1703-м і доўжылася 67 гадоў. Спонсарам выступіў граф Міхаіл Пацей, які дажыў да 1791-га і памёр ва ўзросце 96 гадоў. Пасля ўзвядзення храма частка вуліцы Вялікая – галоўная на той момант транспартная артэрыя Віцебска, якая праз сучасную плошчу Свабоды злучала цэнтр з Узгор’ем – атрымала назву Дамініканская. У 1864-м касцёл згарэў, агонь знішчыў і каля 600 старажытных кніг.
Галоўная харальная сінагога (6) пабудавана ў пачатку ХІХ ст. Пасля рэвалюцыі яе зачынілі, а падчас Вялікай Айчыннай вайны будынак храма знішчылі.
Калі быў зроблены фотаздымак тагачаснага Віцебска? Прыкладна паміж 1862 і 1864 гадамі. Менавіта ў 1862-м Дабравешчанскую царкву пасля вяртання ад уніятаў праваслаўным перабудавалі ў псеўдарускім стылі (у 1990-я яна адрэстаўравана ў сапраўдным абліччы старадаўняй полацкай архітэктуры ХІІ ст.). А дамініканскі касцёл яшчэ не згарэў. Цалкам верагодна, што фотамайстар спыніў імгненне вясной 1863-га, бо летам гэтага года пачалося будаўніцтва Дзвінскага моста (на яго месцы зараз Кіраўскі). Каб фота рабілася годам пазней, былі б бачны нейкія канструкцыі ці работы.
Невядома імя аўтара здымка. Хоць ёсць версія, што гэта Якаў Пашкоўскі, які быў адзіным на той час фатографам у Віцебску і меў атэлье на Смаленскай вуліцы (зараз Леніна). Бадай, назаўсёды застануцца таямніцай асобы, што стаяць на беразе паўнаводнай ракі. Пра што яны думалі на фоне тагачаснага Віцебска? Напэўна, пра тое ж, што і героі сучаснага здымка, бо людская натура – рэч пастаянная, змяняецца толькі антураж.
P. S. Спробу рэканструкцыі старой фатаграфіі рабілі журналісты «Витебских вестей» Кацярына Князева, Алесь Бынькоў, Сяргей Кавалеўскі, Таццяна Гарнова, Сяргей Кочатаў. Па той бок аб’ектыва стаяў Антон Сцепанішчаў.