15 год таму ў праграме “Браслаўскіх зарніц” з’явіўся блок, прысвечаны сярэднявечнай культуры. Шматлікія клубы гістарычнай рэканструкцыі дэманстравалі побыт нашых продкаў, ваярскія баі, культуру славян і іншых народаў, што суседнічалі адзін з адным. Праз некалькі год ён перарос у фестываль і стаў адной з папулярнейшых частак “Зарніц”.
Селета фестываль “Меч Брачыслава” сабраў 14 клубаў, якія нягледзячы на дождж разбілі на месцы заснавання горада свой лагер і разгарнулі інтэрактыўнае дзейства. Зброю, узяцце крэпасцей і арганізацыю іх абароны, рыцарскія баі дэманстравалі ваяры, лучнікі клубаў “Нагльфар”, “Варгенторн”, “Труварынг”, “Жалезны жолудзь”, “Сфагнум” і іншыя. Рамеснікі паказвалі, як у сяроднявеччы выраблялі посуд з гліны, дрэва, як уладкоўвалі сваё жытло, прапаноўвалі набыць сувеніры. Людзей цікаўных вабіла кожная з пляцовак, але усё ж большасць чакала паказу здабычы жывога агню. Без яго, як асновы жыцця, фестываль на Замкавай гары не пачынаўся. Моцныя ваяры закруцілі стрыжань спецыяльнага прыстасавання, падкладвалі пад яго востры канец мох да той пары, пакуль не з’явіўся тоненькі струменьчык дыму. Агонь распалілі і кожны клуб атрымаў жбанок гарачых вугольчыкаў. Лагер ажыў. Ваяры правяралі зброю, народны гурт архаічных спеваў “Княжыч”, гурт КАS запрасілі аматараў спеваў на сваю пляцоўку. Клуб гістарычнай і ролевай рэканструкцыі “Ростань” і міфалагічны тэатр UROBOROS пакакзалі міфалагічную пастаноўку. Вучыў старажытным танцам і паказваў забавы калектыў CHORUS TEMPORA.
Толькі познім вечарам горад на Замкавай гары заціх. Разыйшліся яго госці, а члены клубаў падаліся ў Леснічоўку, дзе шумела моладзевая праграма.
Фото Аляксандр АЗЕРСКІ