У Пастаўскім раённым краязнаўчым музеі экспануецца слуцкі пояс — сучасная копія, створаная рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Слуцкія паясы».
Вырабы ткацкай мануфактуры, якая працавала ў Слуцку ў другой палове XVIII — пачатку XIX стагоддзя, лічацца здабыткам беларускага і агульнаеўрапейскага мастацтва выключнага ўзроўню. Паясы з’яўляліся прыкметай высакароднага паходжання яго ўладальніка.
Акрамя Слуцка, іх ткалі ў майстэрнях у Гродне, Слоніме, Ружанах, Карэлічах, Шклове, а таксама ў Паставах пры Антоніі Тызенгаўзе. З XIX стагоддзя паясы сталі калекцыяніраваць як творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Слуцкі пояс, прадстаўлены на выставе, як паведаміла навуковы супрацоўнік музея Марыя Лапніцкая, унікальны менавіта тым, што ў ім дакладна паўтораны гістарычныя ўзоры, выкарыстаны адноўленыя прыёмы ткацтва, сапраўдныя шаўковыя і залатыя ніткі, характэрная арнаментацыя і колеры.
Фота: http://www.belarus.by