Удзельнікаў сардэчна вітаў старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Яфрэмаў. Ён нагадаў, што адпраўным пунктам для свята стала скульптурная кампазіцыя Цмока, устаноўленая ў гарадскім парку ў мінулым годзе. А сёлета лепельскі Цмок сабраў ужо шмат гасцей.
У Лепель завітаў і народны гурт «Незабудкі» з вёскі Галавешкі Чавускага раёна Магілёўскай вобласці, чыё спеўнае і танцавальнае мастацтва з’яўляецца нематэрыяльнай спадчынай Беларусі. Таксама, як і народная гульня «Жаніцьба Цярэшкі», для адраджэння якой нямала зрабіла яшчэ адна ўдзельніца фестывалю Валяніна Крыцкая з вёскі Аношкі, што на Лепельшчыне. З Гогалеўкі Чашніцкага раёна прыехаў Віктар Патапаў, з вёскі Стаі – Галіна Фокіна, а яшчэ Соф’я Несцярук з Горак, Алена Пракаповіч з Домжарыцаў і іншыя аматары спадчыны нашых продкаў.
Адным з самых цікавых гасцей быў Алесь Лось – мастак, музыкант, майстар народных інструментаў са сваёй капэлай. Ён спрыяе адраджэнню старадаўніх музычных твораў і беларускіх інструментаў – дуды, скрыпкі, цымбалаў. Менавіта ён адшукаў у вёсцы Свядзіца Лепельскага раёна абрад «Заручыны», калі юнак і дзяўчына запрашалі дудароў, каб расказаць пра сваё каханне. Увогуле, музычна-этнаграфічная праграма была змястоўнай і пазнаёміла лепяльчан і гасцей горада з народнымі творамі, песнямі, вершамі, легендамі і паданнямі.
Вялікую цікавасць выклікалі прэзентацыі аграсядзібаў, а іх на Лепельшчыне шмат. На фестывалі іх гаспадары не толькі распавядалі пра сваю дзейнасць, але і частавалі прысмакамі. У рамках свята адбылося нямала іншых цікавых мерапрыемстваў. Народны клуб «Выток» запрасіў на літаратурную сустрэчу. Тэатр старажытнай культуры «Яварына» пазнаёміў з музыкай і танцамі Вялікага Княства Літоўскага ХIII – XV стагоддзяў. Адбыўся канцэрт ансамбля народнай музыкі, песні і танца «Рэй» з БДПУ імя М.Танка. З поспехам выступіў гурт папулярнай беларускай музыкі «Рэха» разам з салістам і земляком лепяльчан Андрусём Такіндангам. Гэта той самы Андрусь, які вучыць нас правільна гаварыць па-беларуску на тэлебачанні. Дарэчы, ён жа праявіў сябе на свяце і як таленавіты шаржыст.