Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

У Полацку адзначылі 30-годдзе Музея беларускага кнігадрукавання

Адзіны ў краіне Музей беларускага кнігадрукавання — філіял Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адзначыў сваё 30-годдзе. Юбілейныя выставы працягваюць працаваць для наведвальнікаў.

Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы», – пісаў заснавальнік беларускага і ўсходнеславянскага кнігавыдання Францыск Скарына. 500-годдзе славутага асветніка-гуманіста адзначалася на яго радзіме ў Полацку як вялікая агульнарэспубліканская падзея. Свята наведаў нашчадак першадрукара ў 14-м пакаленні, доктар навук з Канады Стэнлі Скарына. Менавіта тады і адбылося адкрыццё музея, які адлюстроўвае шматвекавую гісторыю нацыянальнай кніжнай культуры.

Экспазіцыя размешчана ў 15 залах адрэстаўраванага будынка XVIII ст. – былога келейнага корпуса Полацкага Богаяўленскага манастыра. Тут можна пазнаёміцца з помнікамі пісьменства ад рукапісных скруткаў да сучасных фаліянтаў, зазірнуць у старажытны скрыпторый, дзе схіліўся над сталом манах-перапісчык, пабачыць узноўленыя інтэр'еры друкарні XVI–XVII стст. і кабінета вучонага XVII–XVIII стст., даведацца, якую вялікую каштоўнасць мела кніга на працягу пяці стагоддзяў і чаму асабістыя бібліятэкі лічыліся знакам прыналежнасці да эліты грамадства.

«Ваш музей – адзін з цудаў Беларусі», – такі запіс можна прачытаць у кнізе водгукаў. На кожнай яе старонцы людзі самых розных узростаў, прафесій, нацыянальнасцей пакідаюць шчырыя падзякі супрацоўнікам за цікавую экспазіцыю, высокі прафесійны ўзровень, добразычлівасць, адданасць высакароднай справе.

 – Кожны, хто прыйдзе да нас, абавязкова адчуе ўвагу і клопат, – пазначыла адносіны да наведвальнікаў загадчыца філіяла Славіна Гаўрылава. Сёння, падкрэсліла яна, Музей беларускага кнігадрукавання з’яўляецца істотным складнікам культурнай прасторы горада і абавязковым пунктам наведвання ў праграме афіцыйных дэлегацый. Ён стаў адным з самых папулярных сярод турыстаў, набыў шырокую вядомасць у краіне і далёка за яе межамі як сапраўдная скарбніца нацыянальнай спадчыны, дзе адчуваеш гонар за Беларусь.

Павіншаваць палачан з юбілеем прыехалі шматлікія госці – афіцыйныя асобы, калегі, сябры. Начальнік упраўлення культуры абл­выканкама Пётр Падгурскі ўзнагародзіў калектыў музея ганаровай граматай за захаванне спадчыны і шматгадовую дзейнасць па папулярызацыі беларускай культуры, выказаў упэўненасць у далейшым плённым развіцці.

– Нельга не захапляцца ўнікальнасцю гэтага музея, перапаўняе пачуццё ўдзячнасці ўсім, хто яго ствараў, – сказаў старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч і таксама ўручыў супрацоўнікам узнагароды, а ў якасці салодкага падарунка – торт у выглядзе кнігі.

Успамінамі падзяліліся непасрэдныя стваральнікі музея. Многае тады, 30 гадоў назад, рабілася ўпершыню, важна, што закладзеная аснова захавалася, калекцыі застаюцца сучаснымі і запатрабаванымі, традыцыі папярэднікаў натхнёна працягвае моладзь.

Прыкладам для пераймання назвалі высокі ўзровень развіцця музейнай справы ў Полацку кіраўнікі найбуйнейшых музеяў Мінска і Віцебска. У сваіх прамовах на ўрачыстасці яны жадалі калегам новых творчых здабыткаў, невычэрпнай энергіі ў рэалізацыі цікавых праектаў і крэатыўных ідэй.

Да юбілею музейшчыкі падрыхтавалі шэраг цікавых мерапрыемстваў. Адным з іх стала правядзенне круглага стала «Камунікатыўныя практыкі актуалізацыі помнікаў кніжнай культуры», у якім прынялі ўдзел вядомыя даследчыкі з Мінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева, Будапешта. З тэзісамі і прэзентацыямі выступоўцаў можна пазнаёміцца на афіцыйным сайце Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Да 15 лістапада ў музеі кнігадрукавання працягне працу выстава выданняў з дароўнымі надпісамі, якія пакінулі на старонках іх аўтары, мастакі, выдаўцы, афіцыйныя асобы. Варта заўважыць, што назву экспазіцыі – «У самы жывы з усіх музеяў з пажаданнямі...» – далі словы нашага земляка Сяргея Рублеўскага. Яго празаічны зборнік «Азярод» прадстаўлены на выставе побач з кнігамі вядомых пісьменнікаў Беларусі.

Яшчэ адна адметная выстава «Служэнне роднаму слову» прысвечана  беларускім пісьменнікам, юбілеі якіх адзначаюцца ў 2020 годзе. Яна працуе ў анлайн-фармаце. Разам з аўдыягідам наведвальнікам прапануецца пазнаёміцца таксама з творчасцю маладых літаратараў Полаччыны.

І наогул, дзейнасць музея шырока прадстаўлена ў інтэрнэт-прасторы. Дзякуючы сучасным інфармацыйным тэхналогіям ёсць магчымасць здзейсніць 3D-падарожжа па экспазіцыі ў любы зручны час, паўдзельнічаць у віртуальных квэстах, гульнях, віктарынах. Але найлепей наведаць музей асабіста, каб адчуць повязь часоў і пераемнасць мудрага досведу продкаў, пераканацца, што запаветы Францыска Скарыны захоўваюцца, а кніжнае слова працягвае лучыць мінуўшчыну з будучыняй, сілкаваць духоўнае сталенне мільёнаў людзей.

Фота Ларысы МАЛАШЭНІ.

 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ