Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

У Віцебску прайшла прэзентацыя новай кнігі Вольгі Русілкі “Котра”

Тваё застаецца тваім, – гэты радок з верша даў назву творчай сустрэчы з паэтам, лаўрэатам літаратурных прэмій імя Уладзіміра Караткевіча і Петруся Броўкі, літаратуразнаўцам, дацэнтам, педагогам Вольгай Русілкай, якая адбылася ў Віцебскай абласной бібліятэцы.

Да творчай імпрэзы прымеркавана прэзентацыя новай кнігі Вольгі Русілкі – “Котра”, якая выйшла ў мінскім выдавецтве “Звязда”.

– Нараджэнне кнігі – гэта заўсёды радасная падзея, - заўважыла аўтар, – свята. Таму сёння асаблівая нагода сустрэцца з аднадумцамі, пагартаць старонкі майго жыццяпісу, перачытаць найбольш знакавыя і дарагія сэрцу вершы.

Нарадзілася паэтэса ў 1959 годзе ў вёсцы Бершты Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, аспірануту пры Інстытуце літаратуры імя Я.Купалы Акадэміі навук Беларусі, абараніла дысертацыю на званне кандыдата філалагічных навук. Многія гады выкладала ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава, загадвала кафедрай беларускай літаратуры, аўтар каля 200 навуковых і навукова-метадычных публікацый.

– Для мяне надта важна ў юбілейны год Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прыгадаць маіх абодвух дзядоў, якія ваявалі. З вайны вярнуўся адзін з іх – Аляксандр Аляксандравіч Русілка, быў паранены падчас фарсіравання ракі Одра.

Расказваючы пра свае карані, Вольга Іванаўна адзначыла, яе мама – настаўніца таксама пісала вершы, дагэтуль жыве ў бацькоўскай хаце ў Берштах. А бабуля Гандзя любую раку называла Котрай. У маладыя гады Вольга прыехала на малую радзіму з Віцебска. Бабуля пацікавілася: а Котра там ёсць? - Есць, толькі Дзвіной завецца, - адказала дзяўчына.

Вось і новую кнігу Вольга Русілка вырашыла назваць “Котра”.

Паэтка верш назвала “Мая Котра”,

а я заўсёды думала: мая…

Бо тут майго маленства свежы водар,

мая, яшчэ вялікая, сям’я.

Бабуліна сядзіба над ракою,

і я лячу на бераг праз гарод

і адчуваю вечнае, святое:

матуля, дом, радзіна і народ.

(з верша “Вечнае”)

Вядомы беларускі літаратурны крытык, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гніламёдаў адзначыў, што Вольга Русілка – тыповая прадстаўніца таго пакалення, для якога пазбаўлены вычурнасці верш абавязкова павінен мець сэнс, звязаны з адносінамі да ісціны, дабра і прыгажосці. Сапраўды, яе паэзія – мудрая, тонкая, лірычная, часам з густам прыпраўлена ноткай гумару, іроніі.

Я – коска,

я нямодная прычоска.

Ды так, бывае, сказы запляту,

што нож-працяжнік пратэстуе:

– Адрэж лухту!

У зборнік увайшлі і празаічныя абразкі аўтара, якія таленавіта ўвасабляюць на сцэне артысты Беларускага тэатра “Лялька”.

Фота Аляксея Вронскага.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ