Сёлета спаўняецца сто гадоў з часу пабудовы касцёлаНараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў гарадскім пасёлку Відзы Браслаўскага раёна. «Белпошта» рыхтуе да выпуску мастацкую маркіраваную картку, прымеркаваную да гэтай падзеі. У абарот яна павінна паступіць 27 сакавіка.
Адзін з самых высокіх храмаў нашай краіны ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Ён пабудаваны з чырвонай цэглы ў 1914 годзе ў цэнтры мястэчка Відзы, гістарычна вядомы як Троіцкі. Аднак цяпер у храме прыход Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, таму і ўзгадваецца ён пад гэтым імем.
Падчас Першай сусветнай вайны з-за сваёй вышыні каталіцкі храм стаў ахвярай артылерыйскіх снарадаў. Прабоіны ад баявых дзеянняў можна пабачыць і сёння. Другая сусветная вайна таксама пакінула нядобры след на святыні. Потым савецкія ўлады зрабілі ў касцёле склад ільну, збожжа, а пазней у ім была спартыўная зала для моладзі, дзе нават гулялі ў футбол.
Падчас перабудовы ў 1989 г. касцёл перадалі вернікам. Пачалася рэканструкцыя святыні. Паступова адрамантавалі вежы, вялізнае акно-ружу над галоўным уваходам і агароджы.
Неагатычнае дойлідства і цяпер заварожвае многіх сваёй манументальнасцю і экзатычнасцю.