У тэатральным фестывалі “ЎMOЎNO” ў Полацку, які праходзіць 11-13 лістапада, прымаюць удзел не толькі аматарскія, але і прафесійныя калектывы, напрыклад, Беларускі тэатр “Лялька” (Віцебск) і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа (Віцебск), паведамляе sb.by.
Апошні прадставіць сатырычны спектакль па п’есе Мікалая Гогаля «Гульцы» «Вытанчаны падман». Сярод разынак, якія прапануюць арганізатары, таксама спектакль Санкт-Пецярбургскага гарадскога тэатра «Дом Бернарды Альбы». У ім удзельнічаюць трынаццаць актрыс. Сцэны з жыцця жанчын у гішпанскіх паселішчах: поўдзень Гішпаніі, Андалусіі, вялікі дом, дзесяць жанчын, ніводнага мужчыны і ўсёпаглынальная прага кахання.
Яшчэ адна адметная рыса “ЎMOЎNO”-2022: падчас тэатральнага фестывалю два калектыва прадставяць розныя спектаклі па адной п’есе. Гэта “Я хачу лятаць” узорнай тэатральнай студыі “Дарослыя дзеці” з Віцебска і «Навучы мяне лятаць» заслужанага любіцельскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага тэатра “Пілігрым” з Полацка. Аснова п’есы - прыгожая гісторыя кахання фатографа і балерыны. І вось як адну і тую ж гісторыю прадставяць розныя тэатральныя калектывы ўжо ацэняць гледачы.
У пластычным спектаклі Тэатра дакумента Ганны Сулімы “Василий Кандинский. Без запятых” (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Мінск) прадстаўлена вольная інтэрпрэтацыя творчай спадчыны рускага мастака ў стылі абстракцыянізму. Пошук сябе, свайго стылю, колер, форма, адчуванне прасторы, адзіноты, прадчуванне новага, магчымасць праз пачуцці, каханне дакрануцца да сапраўднага мастацтва. Майстры перфомансу Народны маладзёжны тэатр “Кола” (Віцебск) прадставяць перфоманс “Дыхаць”.
Пластычны спектакль “Простыя рэчы” заслужанага любіцельскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі ДУ “Цэнтр культуры “Віцебск” – гэта некалькі маленькіх гісторый, расказаных сябру ў розных сітуацыях. Аб чалавечых адносінах, высновах, страхах і лёсах, жыцці і каханні.
Пластычны спектакль «Радзівiл» Народнага тэатра гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз» таксама вельмі своеасаблівы. Гісторыя Барбары Радзівіл і польскага караля Жыгімонта ІІ Аўгуста вядома большасці прыхільнікаў тэатра па п’есе Аляксея Дударава «Чорная панна Нясвіжа», пастаўленай у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Але палачане натхняліся іншай першакрыніцай: пры стварэнні сваёй версіі гісторыі Барбары Радзівіл карысталіся яе сапраўднымі лістамі, выдадзенымі з каментарыямі ў Літве. Ці сапраўды яе атруціла маці караля Жыгімонта Аўгуста? Ці магла Барбара быць з тым, каго кахала? Адказ на гэтае пытанне гледачы атрымалі падчас спектакля.
Фото sb.by.