Курсы валют НБРБ
Доллар США
2.5475
Евро
3.0986
100 российских рублей
3.4261
Погода в Витебске
1 oC пасмурно
Давление:
753мм рт. ст.
Влажность:
98%
Скорость ветра:
3.69м/с юго-восточный

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Вандроўка па творах Караткевіча, або Чаму кнігі класіка папулярныя і ў ХХI стагоддзі

Мне пашчасціла ў сваім жыцці сустрэцца з гэтым легендарным чалавекам у 1982 годзе на чытацкай канферэнцыі ў Мінску. Уражанні незабыўныя: я і сёння помню, як яго добрыя вочы для нас нібыта ператварыліся ў два маленькія сонейкі і сагравалі прысутных на працягу ўсёй сустрэчы. А як жа інакш: ён не толькі выйшаў з самай гушчы народа, але і заставаўся з гэтым народам разам заўсёды. Беларускасць для яго была найвышэйшай малітвай, а народнасць — найвышэйшай пробай.

26 лістапада 2020 года знакамітаму празаіку, публіцысту, паэту, перакладчыку, драматургу, сцэнарысту, самаму папулярнаму класіку айчыннай літаратуры Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 90 гадоў. Ён сапраўдны Майстра: яго ведае ўся Беларусь – у вялікіх гарадах і маленькіх вёсачках.  Няма наогул ніводнай бібліятэкі, тэатра, культурнай установы, дзе б яго імя ніколі не ўзгадвалася.

Уладзімір Караткевіч любіў падарожнічаць — з сябрамі і жонкай, у складзе здымачных груп і навуковых экспедыцый ён наведаў шмат рэгіёнаў Беларусі. І не проста наведаў, ён размаўляў з беларусамі, а потым па гарачых слядах нараджаліся творы. Усё жыццё ён быў верны свайму ж выказванню: «Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў».

Малая радзіма Караткевіча – Орша. Яго бацька Сямён Цімафеевіч скончыў гарадское вучылішча ў Оршы, працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім фінансавым аддзеле. Маці Надзея Васілеўна, з роду Грынкевічаў, пасля заканчэння Марыінскай гімназіі ў Магілёве некаторы час працавала настаўніцай у сельскай школе пад Рагачовам. Вялікі ўплыў на пісьменніка аказаў дзед Васіль Юльянавіч Грынкевіч, чалавек з багатым вопытам, які быў дасціпным апавядальнікам. Ад яго ўнук пачуў шмат казак і паданняў, пераняў любоў да прыроды-матухны. Пісьменнік потым скажа: «Народная творчасць наогул, а беларуская…  увасобку – гэта мора, якое хавае ў сабе незлічоныя скарбы. Трэба толькі ўмець гэтыя скарбы дастаць». І ён усё жыццё даставаў, выязджаючы і выхо-дзячы ў народ!

А дзед стане прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане «Каласы пад сярпом тваім». Ад дзеда Уладзімір пачуў і легенду «Маці ветру» пра падзеі Крычаўскага паўстання 1743 – 44 гг.

Мне захацелася здзейсніць літаратурнае падарожжа па некаторых творах Караткевіча.

Назва яго папулярнага нарыса «Зямля пад белымі крыламі» даўно стала крылатым выразам. Надзвычай скрупулёзна распавёў Караткевіч пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду ў гэтым творы, дзе ён здолеў ахапіць беларускую гісторыю ад старажытнасці да 1970-х гадоў, закрануўшы найбольш важныя моманты, такія як гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, Грунвальдская бітва 1410 г.,  Люблінская унія 1569 г., і іншыя. Майстра сцвярджаў: «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае – асуджаны зноў перажыць яго».

У 1938 годзе Уладзімір пайшоў у школу ў Оршы. Да пачатку вайны паспеў скончыць тры класы. У пасляваенны час аршанскі школьнік Караткевіч змясціў на старонках рукапіснага часопіса «Званочак» некалькі сваіх вершаў, а таксама прыгодніцкую аповесць «Загадка Неферціці». Яшчэ ў восьмым класе ён ужо амаль цалкам напісаў першы варыянт п’есы «Млын на Сініх Вірах».

Улетку 1950 года ў Оршы, пасля першага курса філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта, Караткевіч стварыў першы варыянт знакамітай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха». У аршанскай раённай газеце ў 1951-м годзе былі на-друкаваны два яго вершы: «Тут будзе канал»  і «Якубу Коласу».

У 1958 годзе Караткевіч напісаў сатырычна-гумарыс-тычную аповесць «Цыганскі кароль», пры напісанні якой быў выкарыстаны факт існавання на Гарадзеншчыне ў канцы XVIII ст. цыганскага «каралеўства». Радасцю жыцця напоўнена яго апавяданне «Дрэва вечнасці», асабліва месцы, прысвечаныя Палессю, якое пісьменнік палюбіў, і палешукам. У апавя-данні пісьменнік выказаў зачараванне палескімі краявідамі і веліччу палескіх песень. Продкі Караткевіча  паходзілі з беларускага Падняпроўя, з Рагачова, Мсціслава, Магілёва. Адзін са сваякоў пісьменніка па матчынай лініі Тамаш Грыневіч браў удзел у паўстанні 1863 – 64 гг.  Паўстанцы пад яго камандаваннем былі разбіты, а Тамаша расстралялі ў Рагачове. Пра гэта напісана ў эпілогу аповесці «Перадгісторыя» і ў пралогу рамана «Нельга забыць».

Незадоўга да смерці  Караткевіч наведаў  дарагія сэрцу мясціны. З’ездзіў у Рагачоў. 12 ліпеня 1984 года з сябрамі, фотакарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым, адправіўся ў паход па Прыпяці, дзе яму стала дрэнна, і ён 20 ліпеня вярнуўся дадому. Пахаваны класік на Усходніх могілках у Мінску.

Уладзімір Караткевіч прафесійна вывучаў гісторыю паўстання 1863 – 64 гг., што паслужыла асновай для апавяданняў «Паляшук», «Сіняя-сіняя», рамана «Каласы пад сярпом тваім», драмы «Кастусь Каліноўскі». У гісторыка-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» майстра адлюстраваў падзеі 1880-х гадоў у адным з глухіх куткоў Беларусі. Дарэчы, Караткевіч першым з айчынных пісьменнікаў звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. 

У рамантычнай аповесці «Сівая легенда» праз карціны сялянскага паўстання на Магілёўшчыне ў першай палове XVII ст. Караткевіч асэнсоўвае лёс Бацькаўшчыны.

Трагедыю і веліч нацыянальнай гісторыі ён адлюстраваў у п’есах «Кастусь Каліноўскі», «Званы Віцебска», «Маці ветру». Мне пашчасціла пагля-дзець спектакль па «Званах Віцебска» ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа. Пастаноўка атрымалася глыбокай.

Чаму кнігі Караткевіча папулярныя і ў ХХІ стагоддзі? Аўтар быў верны свайму крытэрыю: «Кожную кнігу трэба пісаць так, нібы гэта твая лепшая і апошняя».

Сябры, давайце часцей вандраваць па творах Уладзіміра Караткевіча. Дарэчы, у 2011 годзе сталічнае  выдавецтва «Мастацкая літаратура» распачало ажно 25-томнае выданне твораў пісьменніка, дзе тэксты друкуюцца з адмененымі рэдактарскімі і цэнзарскімі праўкамі. У гэты збор будуць уключаны творы, якія не друкаваліся пры жыцці пісьменніка, малюнкі, лісты, дзённікі, сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, інтэрв’ю, выступленні.

Канстанцін КАРНЯЛЮК, Віцебск.
Фота з адкрытых крыніц.


При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ