Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Штогод выкладчыкі і студэнты ПДУ ўзбагачаюць скарбніцу традыцыйнай культуры новымі ўнікальнымі матэрыяламі

Першы ў Беларусі Цэнтр вуснай гісторыі стварылі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, які сёння з’яўляецца адным з лідараў па даследаваннях у галіне народазнаўства. Штогод выкладчыкі і студэнты ПДУ ўзбагачаюць скарбніцу традыцыйнай культуры Віцебшчыны новымі ўнікальнымі матэрыяламі, сабранымі ў палявых этнаграфічных экспедыцыях, геаграфія якіх ахоплівае амаль 600 вёсак практычна ва ўсіх раёнах нашай вобласці – ад Браслаўшчыны да Лёзненшчыны, ад Расоншчыны да Докшыччыны.

Пра вынікі гэтай вялікай працы мы гутарым з вядомым айчынным этнолагам, доктарам гістарычных навук, прафесарам кафедры гісторыі і турызму ПДУ Уладзімірам Лобачам – аўтарам больш як 200 навуковых артыкулаў, вучэбных дапаможнікаў і манаграфій, прысвечаных сімвалічна-рытуальным аспектам традыцыйнай культуры, міфалогіі, семантыкі, культурнага ландшафту, народнай медыцыны беларусаў.

– Уладзімір Аляксандравіч, як вы захапіліся даследаваннем вясковай культуры, хаця нарадзіліся і выраслі ў індустрыяльным Наваполацку?

– Адметнасць беларускага культурнага ландшафту заключаецца ў тым, што ўсе гарады краіны, у тым ліку такія маладыя, як Наваполацк, Салігорск ці Светлагорск, арганічна звязаныя з вясковай акругай. Больш таго, практычна кожны гараджанін у першым, другім ці трэцім пакаленні можа засведчыць сваё вясковае паходжанне. Стаўшыся на пачатку XXI стагоддзя гарадской нацыяй, беларусы тым не менш выдатна памятаюць пра свае вясковыя карані. Не з’яўляюся выключэннем і я, бо вёскі маіх дзядоў і бабуль сталі для мяне сапраўднымі ўводзінамі ў свет беларускай этнічнай культуры – непаўторнай і ўнікальнай не толькі ў еўрапейскім, але і сусветным маштабе.

У кожнага чалавека ёсць абавязак перад яго малой радзімай. Сваю задачу я бачу ў тым, каб веды пра нас саміх, пра мудрасць папярэдніх пакаленняў сталі набыткам не толькі вузкай навуковай супольнасці, але і ўсяго грамадства ў цэлым.

– Па вашай ініцыятыве Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт першым у Беларусі ў 1995 годзе пачаў праводзіць не проста фальклорныя, а комплексныя этнаграфічныя экспедыцыі ў фармаце летніх палявых практык для студэнтаў-гісторыкаў. Якія мэты вы перад сабой ставіце?

– Маштабная даследчыцкая праца вядзецца перш за ўсё для таго, каб светапоглядныя і культурныя прыярытэты нашых продкаў сталі нам зарукай у сучасным няпростым жыцці, дазволілі беларусам захаваць сваю сутнасць у час глабалізацыі. Прасцей кажучы, усведамляючы свае культурныя карані, мы лепш разумеем не толькі сённяшні дзень, але і сваю будучыню.

Комплексны падыход дазваляе нам вывучаць традыцыйную культуру рэгіёна як складаную сістэму, дзе фальклор, абрады, народная медыцына і знахарства, этнаграфія дзяцінства і субкультура моладзі ўзаемазвязаныя паміж сабой. Такім чынам культурная спадчына продкаў, якую захавалі да сённяшніх дзён вясковыя бабулі, успрымаецца не як дзіўная экзотыка і выпадковы набор найбольш каларытных элементаў, але як унікальны і цэласны феномен, што адрознівае наш народ ад іншых і робіць яго адметным у сучасным свеце.

Нават на пачатку XXI стагоддзя беларуская традыцыйная культура захоўвае ў сабе мноства старажытных элементаў, якія даўно перасталі бытаваць і зніклі ў краінах Заходняй Еўропы. Невыпадкова нашай этнакультурнай спадчынай актыўна цікавяцца еўрапейскія даследчыкі – навукоўцы Польшчы, Латвіі, Эстоніі і іншых краін, якіх можна сустрэць у вёсках Палесся ці Падзвіння.

– А як за перыяд вашых даследаванняў змянілася сама беларуская вёска?

– На жаль, даводзіцца канстатаваць, што вёска, якой яна была яшчэ 20 год таму, незваротна знікае. Гэта ў першую чаргу звязана з міграцыяй моладзі ў гарады. Працэсы, заканамерныя для ўсёй Еўропы, у Беларусь прыйшлі са спазненнем, але праявіліся надзвычай інтэнсіўна і рэзка.

Калі яшчэ ў 1960 годзе вяскоўцы складалі 62% насельніцтва краіны, то ў 2019-м – менш за 25%. За апошнія тры дзесяцігоддзі ў Беларусі знікла больш за 10 тысяч вёсак. Прычым самы інтэнсіўны працэс ідзе на Віцебшчыне. Разам з тым хаваць беларускую вёску заўчасна.

– На чым грунтуецца ваш аптымізм?

– Яшчэ у канцы ХІХ ст. вядомы этнограф Еўдакім Раманаў бедаваў, што беларуская традыцыйная культура незваротна знікае, але тыя замовы, песні і легенды, якія даследчык запісваў больш за сто гадоў таму, мы фіксуем і зараз. Толькі запісваем не ў сшыткі, а з дапамогай сучаснай аудыёвідэатэхнікі. Адбываецца натуральная пераемнасць паміж пакаленнямі. Нягледзячы на радыкальную трансфармацыю вёскі, яе базавыя каштоўнасці захоўваюцца і дагэтуль.

– Якой бачыцца вам будучыня нашай вёскі?

– Вёска для беларусаў – сакральнае слова, бо там пачынаюцца ўсе нашы радаводы. Адсюль і нязбытная невыкараненая любоў суайчыннікаў да сваёй малой радзімы, куды сучасны гараджанін усё роўна імкнецца вярнуцца, пабудаваўшы дом ці лецішча на беразе возера, дзе калісьці вырас. Зараз прэстыжна мець камфортны дом у сельскай мясцовасці, што адпавядае агульнаеўрапейскім тэндэнцыям.

Вёска будзе заўжды, дакуль будзе праца на зямлі, плён з якой у роўнай ступені неабходны і банкіру, і айцішніку. Ніякая аўтаматызацыя не заменіць працы чалавека на палетках, а гэта значыць вёска будзе вечнай, бо праца земляроба адвеку ўключана ў касмічны рытм з яго сонцаваротамі і фазамі вегетатыўнасці, што робіць быццё на зямлі абсалютна ўнікальным і непадобным на гарадское.

– Чаму сёлета этнаграфічны пошук прывёў вас у Дзісну Міёрскага раёна?

– Старадаўняе места прывабіла сваёй багатай гісторыяй і спецыфічным культурным ландшафтам, сфармаваным не толькі беларусамі, але і яўрэямі, палякамі, рускімі стараверамі.

За два тыдні наша каманда з 10 студэнтаў і трох выкладчыкаў ахапіла не толькі Дзісну, але і каля 30 навакольных вёсак Міёрскага, Верхнядзвінскага і Полацкага раёнаў. Было апытана каля 120 чалавек, зафіксавана больш за 110 гадзін аўдыё- і відэазапісаў. Мноства неверагодна цікавых гутарак давалі нам трывалае адчуванне, што мы ў свой час і на сваёй зямлі.

Знахарскім досведам сваёй маці падзялілася з намі Вольга Паўлаўна Шчарбіцкая з вёскі Парадні. Захапляльныя аповеды пра ваенную і даваенную гісторыю распавядала самая пажылая карэнная жыхарка Дзісны Тэкля-Тэрэза Яжэгаўна Патрымайла, а Генадзь Сямёнавіч Ліль здзівіў непаўторнымі гісторыямі з жыцця мясцовай моладзі ў 1950-я гады.

Душэўнае святло і сардэчнасць нашых дзядуль і бабуль не перастаюць здзіўляць. Людзі, што перажылі жах акупацыі, пасляваенны голад, ажно ззяюць сваёй дабрынёю і чалавечнасцю, захапляюць нязломнасцю духа, якую не здолелі знішчыць ніякія выпрабаванні.

– Ці з’явіліся сёлета новыя напрамкі даследаванняў?

– Упершыню былі праведзены даследаванні ў галіне візуальнай антрапалогіі. Дзякуючы кіраўніцтву Полацкага ўніверсітэта экспедыцыйная група была забяспечана сучасным абсталяваннем, якое дазволіла, вядома, са згоды людзей, адсканаваць старыя фотаздымкі ў палявых умовах. Усяго было апрацавана каля 500 здымкаў 1900 – 1960-х гадоў, кожны з якіх – сапраўдная знаходка, бо выразна адлюстроўвае сапраўдныя пачуцці вясковых людзей. Здабытыя матэрыялы сістэматызуюцца і праходзяць расшыфроўку, выкарыстоўваюцца ў манаграфіях, артыкулах, этнаграфічных зборніках. Дарэчы, выдадзены нашым універсітэтам Полацкі этнаграфічны зборнік, які змяшчае матэрыялы 1995 – 2011 гадоў, надзвычай запатрабаваны не толькі айчыннымі даследчыкамі, але і этнографамі і фалькларыстамі Польшчы, Расіі, Літвы. Зараз ідзе падрыхтоўка трэцяга выпуску зборніка, прысвечанага сямейнай абраднасці беларусаў Падзвіння.

– Заканамерным працягам шматгадовай даследчай дзейнасці стала стварэнне на базе ПДУ цэнтра вуснай гісторыі і палявых даследаванняў. Якія задачы ён вырашае?

– Стварэнне цэнтра было абумоўлена развіццём новых напрамкаў народазнаўства – такіх як гісторыя штодзённасці, мікрагісторыя (гісторыя асобных вёсак і мястэчак), ваенна-гістарычная антрапалогія (разгляд падзей з пазіцыі іх шараговых удзельнікаў). Таксама актуальным стала даследаванне сістэмы жыццязабеспячэння беларусаў, асабліва ў ваенны і пасляваенны час, калі востра стаяла праблема фізічнага выжывання чалавека. Такім чынам, наш цэнтр да класічнай фальклорна-этнаграфічнай праблематыкі дадае абсалютна новыя напрамкі навуковай дзейнасці – у межах яго будуць праводзіцца далейшыя комплексныя даследаванні не толькі ў вёсцы, але і ў сучасным горадзе.

Адна з важных задач – інтэрнацыяналізацыя даследаванняў, усталяванне трывалых прафесійных кантактаў з замежнымі калегамі. І гэтая праца атктыўна праводзіцца. У прыватнасці, быў паспяхова рэалізаваны суместны праект з даследчыкамі Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта па вывучэнні традыцыйнай культуры беларуска-рускага памежжа. У бліжэйшай перспектыве плануюцца сумесныя праекты з цэнтрам вуснай гісторыі Даўгаупілскага ўніверсітэта (Латвія). Безумоўна, прыярытэтам застаецца сусмесная праца з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і іншымі даследчымі цэнтрамі краіны, а таксама рэалізацыя навуковых ідэй пры падтрымцы Рэспубліканскага фонда фундаментальных даследаванняў.

Фота Ларысы МАЛАШЭНІ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ