Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч віншуе хрысціян са святам Божага Нараджэння

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, паважаныя суайчыннікі!

«Яны пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю, і Юзафа, і Немаўля, Якое ляжала ў яслях» (Лк 2,16).

«Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць..., бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца...» (Лк 2, 10-11).

Гэтыя словы Анёла да бэтлеемскіх пастушкоў скіраваныя сёння да нас, людзей ХХІ стагоддзя. Да людзей, якім часта вельмі няпроста ў жыцці. Да тых, хто, падобна да малых, пакінутых дзяцей, шукае бяспекі, упэўненасці ў заўтрашнім дні, шукае міру, справядлівасці, праўды і, канешне ж, любові. Мы шукаем таго, што магло б зрабіць нас шчаслівымі.

На гэты пошук чалавека хрысціянства не дае адразу гатовага рэцэпту, «выратавальнай пілюлі» ці ўсёвырашальнай праграмы. Яно прапануе шлях, напрамак, дарогу, якую накрэсліў, якой прайшоў і, больш за тое, якой з’яўляецца сам Езус Хрыстус – уцелаўлёнае Божае Слова, Божы Сын, нараджэнне Якога мы зараз з вамі і святкуем.

На першы погляд, вера ў Езуса Хрыста выглядае складана і таямніча, аднак яна вельмі простая і даступная. Яе сутнасць – у асабістых адносінах з Тым, Хто стварыў гэты свет, – з жывым Богам, Катораму належаць найвышэйшая ўлада, канчатковы суд і апошняе слова. З Тым, Хто мае моц змяніць гэты свет на лепшы. Але гэтая перамена можа распачацца толькі ў людcкім сэрцы, не наадварот. І пажадана, каб не ў адным-двух. Гэтай перамены, гэтага аднаўлення людcкога сэрца паводле Божага вобразу Бог чакае ад кожнага з нас. «Будзьце святыя, таму што Я – святы» (1П 1,16), «навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў» (Мц 11,29), «любіце адно аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян13,34).

Прыняцце сэрцам словаў Евангелля – гэта наш шлях у Бэтлеем. Той шлях, на якім выпраўляюцца шматлікія складанасці нашага жыцця і ствараецца атмасфера прыязнасці, прымірэння і адкрытасці ў адносінах з бліжнімі. Напэўна, мы ведаем, наколькі важна мець такую атмасферу любові і згоды ў сваіх сем’ях, сярод найбліжэйшых да сябе людзей і, што актуальна, як ніколі, сёння, між краінамі. Як важна ўмець дараваць крыўды і прасіць аб прабачэнні, бо гэта той ключ, што заўсёды адчыняе дзверы да паяднання. За гэтым ідуць Божае бласлаўленне і перамена ў свеце тых рэчаў, якія нам самім не пад сілу ці ад нас не залежаць.

Таму паспрабуем разам з бэтлеемскімі пастушкамі паверыць у гэта і адшукаць Езуса, прыняўшы Яго ў свой дом разам з Яго Маці Марыяй і Юзафам. Паспрабуем у сваім жыцці ісці тым шляхам, які вызначае Божае Слова, бо яно не толькі кажа пра веру, пра надзею і любоў, яно з’яўляецца іх крыніцай. Паспрабуем паверыць у моц той ласкі і святла, якое заззяла нам праз нараджэнне Езуса Хрыста. А гэтая вера няхай дапаможа нам атрымаць Божую дапамогу і бласлаўленне: кожнаму з нас, нашай Бацькаўшчыне – Беларусі і ўсяму сучаснаму свету!

Бласлаўлёных святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага, 2026 года!

Алег Буткевіч – біскуп Віцебскі.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ