Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Былыя жыхары Латвіі пераехалi ў Беларусь i не шкадуюць

Так склалася, што журналісцкая дарога ў адзін дзень звяла з дзвюма жанчынамі — былымі жыхаркамі Латвіі.

 

Розныя жыццёвыя аб­ста­віны прымусілі іх змяніць месца жыхарства, але абедзве знайшлі ў Беларусі прытулак і пачалі жыццё, як кажуць, з чыстага ліста. Адна з маіх гераінь мае від на жыхарства, жыве на Браслаўшчыне ўжо некалькі дзясяткаў гадоў, настаўнічала ў гарадской школе, цяпер пасялілася ў вёсцы. Кажа, што родны бацькоўскі дом літаральна ў некалькіх кіламетрах, праўда, з другога боку мяжы. Там цяпер бывае рэдка. Браслаўшчына ж стала другой радзімай. Маюць тут з мужам у прыгожай мясціне свой дом. Жыццём задаволены. Ва ўспаміны пра мінулае ўдавацца не захацела. Сказала коратка: «Ужо ў 90-я гады было зразумела – нічога добрага ў Латвіі не чакаецца па прычыне агалцеласці кіраўніцтва, што прыйшло да ўлады. Тады мая сям’я, каб жыць спакойна, у асяроддзі, дзе берагуць спрадвечныя маральныя каштоўнасці, і пераехала ў Беларусь, пра што ніколі не пашкадавала».

Праз дваццаць гадоў, лічы, па той жа прычыне з прыгараду Рыгі ў вёску на Браслаўшчыне перабралася ў Беларусь яшчэ адна латышская сям’я. Бацька Міхаіл Лаўроў з дачкой Аляксандрай ужо маюць від на жыхарства, жонка Алена – яшчэ ў чаканні гэтага важнага для яе дакумента.

З Аленай і Аляксандрай сустрэліся вечарам у Браслаўскай дзіцячай школе мастацтваў, куды маці прывезла на заняткі дачку.

– Калі першы раз ішла ў клас, трывожылася, – прызналася дзяўчынка. – Настаўніца Наталля Аляксандраўна прад­ста­віла мяне вучням і прапанавала заняць свабоднае месца. Яно аказалася на апошняй парце. За ёй і прасядзела тыдзень. А потым маім суседам стаў Цімафей. Мы пасябравалі. Пакуль мне вучыцца лёгка. У латвійскай школе многае з таго, што цяпер вучым у Беларусі, ужо праходзіла. Люблю матэматыку, чытанне, у тым ліку беларускае. З другой чвэрці мяне і па гэтым прадмеце пачалі атэстоўваць.

 Празвінеў званок. Дзяў­чынка заспяшалася ў клас. А маці падзялілася, што сталі з мужам сведкамі таго, як іх дачка, прыціснуўшы руку да грудзей, спявала адной раніцай беларускі гімн.

– Уразіла не столькі яна, колькі муж, – паведаміла жанчына. – Неверагодна расчуліўся і сказаў, што толькі дзеля гэтага трэба было пераязджаць у Беларусь. Жаданне пакінуць Латвію выспявала не адзін год. У мужа беларускія карані. Дзед – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, вызваляў Прыбалтыку ад фашыстаў. Мы выраслі на павазе да подзвігу савецкіх салдат. Дзясяткі гадоў 9 Мая было самым светлым святам. Сям’ёй (у мяне ёсць і старэйшыя дзеці) мы ездзілі ў Рыгу, ускладалі кветкі да помніка, ганарыліся, што і нашы продкі маюць дачыненне да таго, што Латвія свабодная, а не знаходзіцца пад ціскам акупантаў. Мала таго, што ўлада перагнула з патрабаваннем аб ужыванні толькі нацыянальнай мовы, адмовіўшыся ад зносін на рускай, дык пачала знішчаць помнікі. Інакш, як вандалізмам, стратай розуму, назваць гэта не магу.

 – Гісторыю перапісаць нельга, – упэўнена Алена. – Гэта не раз ужо даказвалася. Час расстаўляе ўсё па сваіх месцах. Але сённяшнюю моладзь адурманіць можна.

І гэта была адна з прычын таго, каб і іх дачка не страціла арыенціраў у жыцці, не стала чалавекам, які не памятае сваяцтва.

Па словах субяседніцы, гэта была не адзіная падстава. Так, са школ пачалі выціскаць рускамоўных педагогаў, загаварылі пра экзамены па латышскай мове для тых, у каго няма грамадзянства, і магчымае высяленне з краіны тых, хто не вытрымае іспыту. Урэшце дайшлі да таго, што ў школе адмовіліся ад паняццяў «тата» і «мама», замест іх з’явіліся «бацька № 1» і «бацька № 2».

– У такім грамадстве жыць стала трывожна. І мы прынялі рашэнне пакінуць Латвію – сабраліся і выехалі ў Беларусь, – прызналася жанчына. – На Браслаўшчыне купілі дом, які, дарэчы, прыгледзелі раней, калі прыязджалі адпачыць у гэты цудоўны край. Дом стаіць, лічы, на беразе возера Струста. Таму ёсць перспектыва заняцца агратурызмам, развіваць падсобную гаспадарку.

 Здараецца на першым часе: трапіўшы ў новае асяроддзе і сутыкнуўшыся з турботамі па ўладкаванні жыцця, людзі губляюцца, узнікае сумненне, ці трэба было здымацца з абжытага месца. У Міхаіла і Алены быў добры дом, гаспадарка, уладкаваны быт. Жыццё ў Еўропе, куды імкнуцца трапіць многія. А яны падаліся ў адваротным накірунку – у Беларусь, і не расчараваліся ў прынятым рашэнні.

 – З дачкой і маёй маці мы стала жывём на Браслаўшчыне пяты месяц, муж пакуль наездамі, ёсць яшчэ справы ў Латвіі, – сказала жанчына. – У Беларусі мы не адчуваем сябе замежнікамі. Усюды прымаюць прыветліва, стараюцца дапамагчы. Што тычыцца гандлю, то асартымент тавараў у магазінах нас задавальняе. А вось медыцына ўражвае ўзроўнем аказання дапамогі, а яшчэ больш – даступнасцю. Гэта ведаем ужо па ўласным вопыце. Давялося звяртацца ў паліклініку. У Рызе задавальнення патрэбнай для Сашы дапамогі чакалі б не адзін месяц. А ў Браславе нам прапанавалі аказаць яе без аплаты, можна сказаць, у дзень звароту. Скажу за ўсіх членаў сям’і – нам падабаецца жыць у Беларусі, шкадуем пра адно: трэба было пераехаць раней. Дарэчы, пра гэта задумваецца ўсё больш нашых знаёмых.

Фота з адкрытых крыніц 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ