Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Што робяць з бытавымі адходамі на гарадскім сметніку ў Віцебску

Сучасны гараджанін настолькі аблашчаны разнастайнымі дабротамі, што нават не ўсведамляе, які ён шчаслівец. Мы рэгулярна напаўняем смеццевы бак, нават не задумваючыся, як выглядала б наша жыццё без яго. Думаю, дакладна не пахла б ружамі.
Натуральна, самі кантэйнеры — толькі інструмент у барацьбе за чысціню. Іх эфектыўнасць, як і іншых элементаў сістэмы, залежыць ад прафесіяналізму камунальнікаў. Да прыкладу, у абласным цэнтры задачы па перавозцы і пахаванню бытавых адходаў ускладзены на даччынае прадпрыемства гарадскога ЖКГ «Спецаўтабаза г. Віцебска». У распараджэнні арганізацыі каля 70 смеццявозаў. Аўтапарк рэгулярна абнаўляецца і папаўняецца: у гэтым годзе набыта чатыры спецмашыны, у тым ліку адна з задняй загрузкай.

Навінку будуць выкарыстоўваць для абслугоўвання еўракантэйнераў — пластыкавых аналагаў звыклых нам смеццевых бакаў, якія зручней у выкарыстанні, ахайней і даўгавечней. У бліжэйшы час на вуліцах абласнога цэнтра з'явіцца каля чатырохсот падобных вырабаў.

Усё смецце, якое штодня вывозяць з горада, адпраўляецца на палігон цвёрдых бытавых адходаў у раёне Воранаўскага кальца. У мінулым годзе тут было пахавана 280 тыс. т ЦБА, за 9 месяцаў бягучага — 190 тыс. т. З трасы, якая праходзіць непадалёку, звалка нагадвае курган і, па сутнасці, сапраўды з'яўляецца могілкамі — толькі замест парэшткаў людзей там спачываюць вынікі іх жыццядзейнасці. Першае смецце з горада трапіла сюды ў 1974 годзе, і з дарогі відаць менавіта ўзвышша, якое пачало фармавацца яшчэ тады. Зараз палігон ўяўляе з сябе шэраг бугроў, якія прафесіяналы называюць картамі. Гэта не стыхійныя ўтварэнні, ёсць дакладны парадак іх закладкі, акультурвання і неабходная інфраструктура.

Спачатку рыецца катлаван, а затым ідзе яго напаўненне. Праз кожныя 2,5 метра прадугледжана ізаляцыя — пласт грунту для супрацьпажарнай бяспекі. Фармаваннем кучы займаюцца механізатары: паказваюць вадзіцелям смеццявозаў, дзе выгружацца, ушчыльняюць, робяць адхоны. У выніку ўзвышша мае правільную форму і азеляняецца, — расказала начальнік палігона Алена Зыбіна. — Акрамя пахавання, мы прымаем адходы на выкарыстанне. Так, будаўнічае смецце ідзе на рамонт пад'язных дарог і ізаляцыю.
Надзённай праблемай для спецаўтабазы застаецца збор другаснай сыравіны, і цалкам вырашыць яе атрымаецца, мабыць, толькі калі ў Копцях пабудуюць смеццеперапрацоўчы завод. Дарэчы, ён ужо праектуецца.

А пакуль калектыў Алены Зыбінай вымушаны ўручную сартаваць смецце, каб у агульную кучу не трапіла тое, што яшчэ можа прынесці карысць ці тармозіць працэс утылізацыі. Да прыкладу, каб перагнілі ПЭТ-бутэлькі, патрабуюцца гады, таму калі не пазбавіцца ад іх, то звалка перастане асядаць, што адбываецца натуральным чынам у выпадку з пахаваннем арганікі. А значыць, яна будзе разрастацца паскоранымі тэмпамі.

Таму работнікі палігона робяць усё магчымае, каб адсартаваць другасную сыравіну (пластык, паперу, шкло). У далейшым яна прэсуецца і адпраўляецца на перапрацоўку.

Вялікую дапамогу ў клопаце пра экалогію і належнае выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў камунальнікам аказваюць грамадзяне, якія выкарыстоўваюць кантэйнеры для паасобнага збору смецця, іх у горадзе ўстаноўлена больш за 1 тыс.. Жорсткія патрабаванні ў гэтым плане існуюць і для прадпрыемстваў, што самастойна прывозяць адходы на палігон. Каб транспарт прапусцілі на яго тэрыторыю, юрыдычныя асобы абавязаны атрымаць дазвол у экалогічнай службе і санстанцыі. А калі яны ўсё ж такі паспрабуюць падмануць і незаконна пазбавіцца, напрыклад, ад кардонных каробак, ім пагражаюць вялікія штрафы.

Многія думаюць, што палігон ЦБА — месца збору асоб без пэўнага месца жыхарства. Гэта няпраўда, падчас знаходжання там мы бачылі ўсяго дваіх валацугаў. Яны патлумачылі, што большасць іх таварышаў аддае перавагу сметнікам у горадзе і “здымаюць вяршкі” яшчэ да прыезду камунальных службаў. Акрамя таго, тут побач няма ні крамы, ні аптэкі, дзе можна набыць нешта спіртазмяшчальнае.
Таксама існуе меркаванне, што на сметніку можна адшукаць грошы і каштоўнасці, забытыя ў рэчах гаспадароў, або дарагія рарытэты. Доля праўды ў гэтым ёсць, але падобныя падарункі лёсу хутчэй выключэнне. Больш-менш істотная знаходка за апошнія гады, пра якую ўспомнілі мясцовыя старажылы, гэта каля 2 млн руб., схаваныя ў канапе. Значна часцей сустракаюцца прадметы даўніны (гаршкі, калаўроты і т. д.). Іх рэальным ніхто ніколі не цікавіўся, іх выкарыстоўваюць выключна ў якасці дэкаратыўных упрыгожванняў на тэрыторыі КПП.

Фота Дзмітрыя Осіпава.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ