Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Частаванне мёдам і запальванне вясельных свечак: як рэгіструюць шлюб згодна з традыцыямі продкаў на Сенненшчыне

Праводзіць рэгістрацыю шлюбу з нацыянальным каларытам – рэч даволі модная. Многія маладыя людзі на Сенненшчыне імкнуцца ўзаконіць саюз не толькі «па правілах», але і згодна з традыцыямі продкаў. Нядаўна, напрыклад, рэгістрацыя шлюбу з элементамі народнага абрада прайшла для Анастасіі і Сяргея Юранавых з райцэнтра.

 У 2010 годзе ў выставачнай зале Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея Рэспубліканская моладзевая грамадская арганізацыя “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” размясціла выставу “Беларускае вяселле. Традыцыі і сучаснасць”. Каб зацікавіць маладыя пары народнымі абрадамі і традыцыямі, пры ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу супрацоўнікі музея запрашалі іх яе наведаць. Пасля афіцыйнай цырымоніі ў раённым ЗАГСе дзейства пераносілася ў імправізаваны вясельны пакой. У яго маладыя траплялі, прайшоўшы пад дугой, упрыгожанай лялькай-абярэгам у вясельным строі, каб сужэнцы ніколі не разлучаліся. У пакоі іх знаёмілі з гісторыяй шлюбу на Беларусі.

 —Мы вырашылі зрабіць нешта такое і ў сябе, — расказвае галоўны захавальнік фондаў музея Браніслава Жалтабрухава. — Сучасны вясельны абрад мае ярка выражаны забаўляльны характар Перадвясельны этап  захаваўся слаба. У моцна скарочаным выглядзе прысутнічае сватанне. Тое ж самае можна сказаць і пра заручыны, якія, аднак, захавалі сваю функцыю публічнага абвяшчэння намеру маладых пабрацца шлюбам. Страчана і адно з асноўных абрадавых дзеянняў – пасад нявесты на хлебную дзяжу.

 Таму з’явілася задума стварэння вясельнага абрадавага прадстаўлення на аснове народных традыцый Сенненшчыны. У рамках гэтага праекта пачалі ладзіцца этнаграфічныя экспедыцыі па раёне, у ходзе якіх былі сабраны фотаздымкі, прадметы побыту, рушнікі, запісаны ўспаміны, песні, прыпеўкі, праведзена навукова-пошукавая праца па дакументах і матэрыялах фондаў музея. Гэта стала асновай сцэнарыя стылізаванага мерапрыемства “Вясельны абрад на сенненскі лад”, а таксама выставы “Вяселле на Сенненшчыне. Традыцыі і сучаснасць”.

  Прэзентацыя абраду адбылася ў 2011 годзе  ў рамках міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”. Праз тыдзень ен упрыгожыў урачыстую рэгістрацыю шлюбу першай пары. Вядучыя — фальклорны дуэт “Сенніца” (супрацоўнікі музея) — праводзяць свята з добрымі пажаданнямі, гульнямі, у ходзе якіх маладыя даведваюцца пра значэнне вясельнай сімволікі і абярэгаў.

  Так, пасад нявесты на хлебную дзяжу суправаджаецца словамі: “Хлеб з даўніх часоў — сімвал дабрабыту і багацця, а цеста, якое падыходзіць у дзяжы, — плоднасці і здароўя”. Рукі маладых павязвалі рушніком – гэта  ахова, блаславенне вышэйшых сіл.

 Частаванне маладых мёдам, запальванне вясельных свечак, традыцыйнае перакрыванне дарогі, або “рагатка”, — усе гэтыя абрадавыя дзеянні маюць магічны сэнс і з’яўляюцца чырвонай нітачкай, што звязвае нас, сучасных людзей, з продкамі.

  Распрацаваны сцэнарый вяселля з кожным годам узбагачаецца новымі дэталямі. Паступова былі адноўлены абрады “Заручыны” (праводзіцца з маладой парай на музейнай пляцоўцы перад падачай іх заявы на рэгістрацыю шлюбу) і “Выкуп нявесты”, якія ўвайшлі ў цыкл абрадаў “Вясельны вянок”.

У 2017 годзе на абласным аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства ў намінацыі "Лепшы вядучы па правядзенні ўрачыстага абраду-рэгістрацыі заключэння шлюбу" галоўны спецыяліст аддзела загса Сенненскага райвыканкама Святлана Высоцкая заняла першае месца.

  — Жадаючым упрыгожыць момант нараджэння новай сям’і імпануе, што ў праекце няма нічога прыдуманага, — дадае Браніслава Барысаўна, — усё грунтуецца на традыцыях. Канешне, на ўсе 100% паўтарыць ранейшы абрад у сучасных умовах нельга. Але зберагчы яго аснову можна, бо гэта наша культурная спадчына, асаблівасць, якой можна ганарыцца.

Фото з асабістага архіва А.Юранавай.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ