У мінулым годзе супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі абвясцілі сапраўдную вайну матацыклістам: спынялі іх для праверкі дакументаў, запісвалі на відэарэгістратары парушэнні байкераў, вялі тлумачальную працу, на аўто без апазнавальных знакаў таемна пераследвалі ліхачоў, пакуль тыя не спыняцца. Татальны кантроль даў свае вынікі, але пра канчатковую перамогу праваахоўнікаў казаць пакуль рана. У гэтым пераканаўся карэспандэнт «ВВ» у ходзе рэйду з інспектарамі батальёна ДПС УДАІ УУС аблвыканкама Сяргеем Лукашэвічам і Аляксандрам Дайлідзёнкам.
— Не ўсім матацыклістам прыйшлася даспадобы такая пільная ўвага з нашага боку, але я ўпэўнены, што ліберальным шляхам парадку на дарогах не навесці, — лічыць Сяргей Адамавіч. — Прафілактычныя гутаркі і вялікія штрафы будуць дзейсныя толькі ў тым выпадку, калі чалавека пераканаць, што верагоднасць пазбегнуць пакарання мінімальная.
Раней аматары паганяць на двухколавым транспарце ведалі, што патрульныя аўтамабілі наўрадці будуць іх пераследваць, таму здымалі нумары і на патрабаванні дзяржаўтаінспектараў спыніцца толькі дадавалі газу. Чаму не даганялі?
— Справа не ў магутнасці матораў, а ў наступствах, якімі пагражае пагоня, — удакладняе Аляксандр Сяргеевіч. — Адзін няправільны рух на велізарнай хуткасці ў грамадскім месцы — і можа загінуць не толькі гоншчык, але і тыя, хто знаходзіцца побач з ім.
Сёння супрацоўнікамі ДАІ апрабаваны і даказалі сваю дзейснасць больш бяспечныя схемы прыцягнення ліхачоў да адказнасці. Акрамя таго, у распараджэнні абласной Дзяржаўтаінспекцыі з'явіліся два магутных матацыклы, што значна ўскладніла жыццё байкерам.
Падчас дзяжурства ўпэўніўся, што на дарогах горада сапраўды шмат мотатранспарту. Вядома, большасць уладальнікаў жалезных коней законапаслухмяныя і максімум, што сабе дазваляюць — гэта трохі перавысіць хуткасць. Аднак бяспраўнікі і тыя, хто ездзіць без страхоўкі, усё ж сустракаюцца, як і аматары адрэналіну, якія стартуюць на заднім коле са светлафораў. Аднаго з іх заўважаем на вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Загараецца зяленае святло — і хлопец прымушае свайго «каня» шалёна зарыкаць і падняцца на дыбкі. Перадаём адпаведную інфармацыю калегам. Яшчэ адзін нахабнік пранёсся міма інспектараў, якія загадвалі яму спыніцца, быццам і не бачыў выцягнутай у яго кірунку паласатай палачкі.
— Калі байкер не спыніўся, значыць, у яго няма належных дакументаў, — сцвярджае Сяргей Лукашэвіч. — Яму на перахоп выехалі нашы матацыклы. Паспрабуе схавацца ад пагоні — транспартны сродак будзе канфіскаваны.
З кожным днём жадаючых ісці на такую рызыку і застацца без сродку перамяшчэння дзеля дозы адрэналіну становіцца ўсё менш, таму што цяжка выйсці сухім з вады. Напрыклад, афіцэры спыняюць спартыўную «Ямаху» і не вераць вачам: за рулём іх даўні знаёмы і злосны парушальнік па сумяшчальніцтве.
— Яшчэ ў мінулым годзе ён і не падумаў бы затармазіць перад намі, — кажа Аляксандр Дайлідзёнак. — А цяпер, бачыце, выправіўся...
— Ад вас ужо нікуды не падзецца, — адказвае мужчына. — Прасцей прайсці тэхагляд і застрахаваць байк.
Фота Эдуарда КАРАЛЕВІЧА.