Настаўнік Даўжанскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Канстанцін Гайдукоў – педагог у чацвёртым пакаленні, амаль 20 год ён працягвае педагагічную справу прадзедаў. А яшчэ Канстанцін Пятровіч – нашчадак Георгіеўскага кавалера і Героя Савецкага Саюза. Магчыма, гэта акалічнасць паўплывала на яго краязнаўчы выбар – ужо шмат год педагог складае сваеасаблівы пантэон ратнай славы Віцебшчыны. У яго хатніх архівах сабрана многа рэдкай і малавядомай інфармацыі, якая можа паслужыць асновай для некалькіх энцыклапедый.
– Канстанцін, як сталася, што вы пачалі цікавіцца краязнаўствам?
– Памятаю, для мяне, школьніка пачатковых класаў, энцыклапедыя «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне» стала настольнай кнігай. Потым у студэнцкія гады прыйшло ўсведамленне, наколькі цікава весці пошук, адкрываць новыя імёны, якія часта адсутнічалі ў айчынных выданнях, класіфікаваць і дапаўняць інфармацыю. І гэта захапленне не пакідае дагэтуль.
У студэнцкія гады нарадзілася ідэя скласці своеасаблівы пантэон герояў Беларусі (поўных Георгіеўскіх кавалераў, Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сацыялістычнай Працы, поўных кавалераў ордэнаў Славы і Працоўнай Славы). А ўжо пазней пошук інфармацыі засяродзіўся на ўраджэнцах Віцебшчыны. Мая мара – падрыхтаваць шматтомнае выданне «Беларусы – героі». Так, пра поўных Георгіеўскіх кавалераў быў цыкл публікацый у «Краязнаўчай газеце», артыкул у «Витебских вестях». Біяграфічныя артыкулы пра беларусаў, якія былі адзначаны званнем «Герой Сацыялістычнай Працы», выстаўляліся на расійскім сайце «Героі краіны». Ужо дзесяць год, як вяду даследаванне «Беларусы і ўраджэнцы Беларусі – кавалеры двух ордэнаў Славы». Агульная колькасць ветэранаў вайны, узнагароджаных двума «салдацкімі» ордэнамі, перавысіла лічбу ў 1600 імёнаў.
– Вы часта выступаеце ў друку і перад рознай аўдыторыяй на беларускай мове. Свядомае выкарыстанне беларускай мовы таксама пачалося з дзяцінства?
– Першыя зярняткі, напэўна, заклаў мой школьны настаўнік Аляксей Іванавіч Піменаў, які выкладаў беларускую мову і літаратуру, а ў старшых класах таксама быў класным кіраўніком нашага класа. Я вучыўся ў СШ № 34 Віцебска. А далучыўся да шчырага роднага слова падчас вучобы ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце. Менавіта тады вялікае ўздзеянне аказаў на мяне выкладчык нямецкай мовы і куратар студэнцкай групы Уладзімір Антонавіч Папковіч, паэт і перакладчык.
– Калі вы даведаліся пра свайго траюраднага дзядулю Пятра Лук’янавіча Далбешкіна, Героя Савецкага Саюза? Што ўдалося высветліць на працягу пошукаў?
– Пра дзядулю Пятра ведаю колькі сябе памятаю. Наш род паходзіць з вёскі Паўлавічы, яе ўжо не існуе, зараз гэта тэрыторыя ў межах Віцебска. Тым больш, што майго бацьку Пятра Мікалаевіча назвалі ў памяць аб ім. Пра гераічны лёс Пятра Лук’янавіча сваякі і вяскоўцы даведаліся толькі ў пачатку 1960-х гадоў. У нашым сямейным архіве дагэтуль захоўваецца нумар абласной газеты «Віцебскі рабочы» за 18 сакавіка 1962 года. У гэтым нумары быў надрукаваны цікавы і змястоўны артыкул Рыгора Шакулава, яго аднавяскоўца, які ў той час пражываў у Ленінградзе. Менавіта інфармацыя з гэтага артыкула складае асноўны масіў біяграфіі героя. Штосьці ведаю праз расказы цёткі Лідзіі Рачкоўскай (яна таксама ўжо пайшла з жыцця), якая мела стасункі з жонкай Пятра Далбешкіна – Вольгай Фёдараўнай Сопатавай, заслужанай настаўніцай Беларускай ССР. Усе дакументы, што датычацца дзядулі Пятра, яна здала на захаванне ў абласны музей Героя Савецкага Саюза М. Шмырова на пачатку 1990-х гадоў. Такім чынам, у спадчыну нам засталіся толькі фотаздымкі Пятра і яго братоў.
У ходзе пошукаў у мяне ўзнікла некалькі пытанняў. Напрыклад, чаму дагэтуль не выстаўлены ў аб’яднаных базах дадзеных «Мемарыял» і «Памяць народа» дакументы, якія б змяшчалі інфармацыю аб даце смерці героя. Заяўленая дата смерці (03.10.1943) грунтуецца на пасмяротным прадстаўленні да звання Героя. У 1960-я гады мы наладзілі стасункі з аднапалчанамі капітана Далбешкіна, дзядзька ездзіў на Украіну, знайшоў сяло і хату, дзе некаторы час у 1943-м кватараваў Пётр Лук’янавіч. Брату аднапалчане паведамілі, што мінамётчык Далбешкін загінуў пазней, дзесьці ў лістападзе сорак трэцяга, і ўжо ведаў аб падпісанні Указа аб прысваенні яму ганаровага звання. Загінуў недарэчна: разам з сябрам выходзілі з зямлянкі, а тут прыляцеў шалёны снарад. Абодва кінуліся на зямлю. Выбух – і цішыня. Таварыш узняўся, а Пётр Лук’янавіч быў смяротна паранены ў бок…
– Раскажыце, як прыйшла ідэя скласці пантэон Герояў Савецкага Саюза, ураджэнцаў Віцебшчыны, і як вялася гэта праца?
– Ідэю скласці такі пантэон падказаў кандыдат тэхнічных навук Барыс Сцяпанавіч Мацвееў, з якім мы пазнаёміліся напрыканцы 2000-х гадоў. Ён ездзіў у камандзіроўкі ў Мінск, Магілёў, Смаленск, Маскву, працаваў у архівах і бібліятэках. Я ж пераправяраў гэтую інфармацыю, адсейваў непацверджаныя звесткі і рабіў электронную версію. Асноўны масіў інфармацыі быў складзены яшчэ ў 2007 – 2008 гадах. Так, першай ластаўкай стала выданне зборніка «Слава и гордость земли Витебской».
– Чаму вас зацікавіла тэма прадстаўлення да звання Героя Савецкага Саюза, але на гэтым рух спыняўся, і чалавек не атрымліваў вышэйшай узнагароды. Якія высновы вы зрабілі, займаючыся гэтай тэмай?
– З аднаго боку, прадстаўленне да вышэйшай узнагароды мае значную долю суб’ектыўнасці. Савецкая ўзнагародная сістэма вызначалася большай, у адрозненне ад перыяду царскай Расіі, дэмакратычнасцю, але мела дастаткова хібаў, каб змяніць статус узнагароды, часцей, у бок паніжэння. Існавалі розныя фактары: нацыянальны, папярэдняе знаходжанне на акупіраванай тэрыторыі ці ў палоне і г. д. Мела месца так званая разнарадка на герояў. Дакументы часта губляліся пры праходжанні праз шматлікія інстанцыі, узнагароды неаднаразова мянялі «афарбоўку». Мела месца такая акалічнасць: давайце ўзнагародзім тым, што ёсць у наяўнасці.
З другога боку, героем на той вайне быў кожны, хто ўзнімаўся ў атаку, хто зрабіў хаця б адзін баявы вылет ці выхад за лінію фронту і загінуў. І мне гэта бліжэй… Ствараючы пантэон герояў, мы аддаём даніну памяці кожнаму франтавіку.
– Вы працяглы час працавалі на Лёзненшчыне і зрабілі свой унёсак у захаванне памяці пра герояў-вызваліцеляў. Раскажыце падрабязней пра гэты перыяд вашага жыцця.
– Гэту працу я распачаў 12 гадоў назад, калі фарміраваўся аўтаматызаваны банк дадзеных «Кніга Памяці Беларусі». Аддзелам ідэалогіі і па справах моладзі Лёзненскага райвыканкама было даручана кожнай школе вылучыць настаўніка, які б правёў удакладненне спісаў пахаваных на падшэфных воінскіх пахаваннях.
Гэта праца прадугледжвала перагледзець наяўныя спісы і дапоўніць новымі імёнамі, якія па розных абставінах не ўвайшлі ў агульную базу дадзеных, а некаторыя, наадварот, выключыць. Я ўзяў на сябе смеласць і не толькі выпраўляў імёны і прозвішчы, але ўдакладняў вайсковую часць, месца нараджэння, адрас сваякоў (вобласць, раён, сельсавет, вёска, калгас), званне і пасаду, а таксама прыводзіў узнагароды. Спачатку былі «адпрацаваны» падшэфныя пахаванні ў вёсцы Пагосцішча і пры чыгуначнай станцыі Выдрэя. Затым працаваў з пахаваннямі ў вёсках Шарыкі, Вялікае Сяло, Хоцемля (два), Малыя Міснікі, Жукаўка (два), Высачаны, Смародзіна, у аграгарадках Крынкі і Адаменкі. Праца суправаджалася назапашваннем фотаархіва вызваліцеляў, вынікам чаго сталі прэзентацыі «Нашы вызваліцелі» і «Яны пахаваны ў Стасеве».
– Ці былі выпадкі, калі вы рабілі сапраўдныя адкрыцці ў вашай краязнаўчай дзейнасці?
– Такіх адкрыццяў было некалькі, але раскажу пра два. Імя Героя Савецкага Саюза, ураджэнца горада Глыбокае, якое не было прадстаўлена ў айчынных энцыклапедыях і даведачных выданнях. Гэта Канстанцін Максімавіч Пятроўскі. Артыкул пра яго быў надрукаваны ў мясцовай газеце «Веснік Глыбоччыны» ў ліпені 2013 года.
Яшчэ адзін факт. Як вядома, сярод ураджэнцаў вобласці няма двойчы Герояў Савецкага Саюза, але да звання «Двойчы Герой Савецкага Саюза» прадстаўляўся ўраджэнец Сянна Аляксандр Францавіч Пятаковіч. І ўсё ж атрымаў ён толькі ордэн Чырвонага Сцяга, за мужнасць і адвагу ў баях Берлінскай наступальнай аперацыі.
І яшчэ не магу не распавесці пра такую цікавую акалічнасць, якая стала для мяне адкрыццём: родны дзядуля Мікалай Лук’янавіч Гайдукоў, ураджэнец Бешанковіцкага раёна, ваяваў на фронце і ў баях на тэрыторыі Прыбалтыкі восенню 1944 года быў улічаны як прапаўшы без вестак. На пахаванцы быў зроблены запіс «Жывы». Пра гэта даведаўся дзякуючы АБД «Мемарыял». Дзядуля ўвогуле мала быў на фронце, а расказваў яшчэ меней, узнагароды ж былі згублены ў сынавых хлапечых гульнях…
– Наколькі моладзь і падлеткі сёння гатовы ўспрымаць інфармацыю пра падзеі ваеннага ліхалецця?
– Камерцыялізацыя пранікла ва ўсе сферы нашага жыцця, адбіваецца яна і на дзецях. Яшчэ гадоў дзесяць раней я не назіраў такога значнага імкнення да матэрыяльнага дастатку.
Таму з кожным годам дзецям усё складаней успрымаць інфармацыю пра падзеі ваеннага ліхалецця. У наш час важна захоўваць пераемнасць пакаленняў, паказваць больш фільмаў савецкіх часоў пра вайну, з іх больш удумлівым і беражлівым падыходам.
– Што імкнецеся прывіць сваім вучням, чаму навучыць?
– Імкнуся прывіць вучням любоў да Радзімы, бачыць ці чуць прыгожае ў расінцы, у павуцінні на досвітку, у плёску азёрнай вады ўвосень. Хачу навучыць быць самастойнымі і крытычна думаць, каб умелі чуць суразмоўцу і паважалі дарослых, каб умелі пераадольваць цяжкасці і мелі ўласную мару, хаця б і самую простую, але непахісна ішлі да яе здзяйснення.
Маім нязменным дэвізам для кожнага з класаў, дзе быў класным кіраўніком, застаюцца радкі Петруся Броўкі:
Дарог у свеце вельмі многа,
А ты між іх сваю знайдзі,
Няхай далёкая дарога,
А ты ідзі,
А ты ідзі...
Фота Дзяніса ВАСІЛЬЦА







