Субота. Апошні дзень Вялікага тыдня. Дзень маўчання. Дзверы касцёлаў адчынены з раніцы да позняга вечара. Але ў храмах не цэлебруюцца святыя імшы. Адпраўляецца толькі літургія гадзін. У цішыні вернікі становяцца на калені, суперажываюць мукам і смерці Хрыста на крыжы, чакаюць хуткае яго ўваскрэсенне. Згодна з традыцыяй у святыню для бласлаўлення прыносяць у гэты дзень і стравы на велікодны стол.
У знаёмай, з якой разам чакалі бласлаўлення яек і пірагоў у браслаўскім касцёле Нараджэння Маці Божай, спытала, што азначае Вялікдзень для яе асабіста.
– Як і ва ўсіх хрысціян – дасягнуць еднасці з Богам, – адказала яна. – Хрыстос даў нам такую надзею. З ёй я і звязваю Вялікдзень. Але не падумай, што гэта тычыцца толькі канчатковай кропкі майго зямнога вандравання. З верай і надзеяй іду праз усё жыццё, бо яны даюць сілы. Так было, калі рана засталася сіратой, а пасля ўдавой, калі здарыліся іншыя беды. На мой лёс выпала шмат выпрабаванняў. Але любоў, якой атуліў Хрыстос, сіла, якую даў, дапамагалі і дапамагаюць у іх пераадоленні.
Так, усе мы адчуваем патрэбу ў духоўнай сіле і мудрасці, асабліва калі хварэюць блізкія ці сам, калі распадаецца сям’я ці перажываеш матэрыяльныя цяжкасці. Такім выпрабаваннем для ўсіх стала пандэмія, якая прынесла шмат праблем у грамадства і многія сем’і. З-за каранавіруса паменьшала вернікаў у храмах. Гэта было бачна і ў браслаўскім касцёле, парафія якога, бадай, самая вялікая ў раёне. Але гэта не азначае, што людзі страцілі веру ці перасталі маліцца. Малітва як была так і засталася галоўнай размовай з Усявышнім. Дзякуючы сучасным тэхнічным магчымасцям вернікі ўзносілі ўдзячную малітву Госпаду перад абразамі дома, з надзеяй углядаючыся ў яго твар, думалі пра будучае, якое жадалі будаваць з любоўю. Менавіта з любоўю, як зазначыць біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, бо толькі яна здольная навучыць чалавека размаўляць, прабачаць, быць спагадлівым і бачыць праблемы бліжніх, як гэта рабіў Хрыстос праз свой Крыж і Уваскрэсенне.
Любові і міласэрнасці штодня вучаць парафіян і святары. Пасля кожнай імшы браслаўчане маліліся за Айчыну, а ў будзённым жыцці імкнуліся жыць па Божых законах, клапоцячыся пра бліжніх.
Святары выконвалі сакрамэнты хрышчэння, вянчання і пахавання. У святліцы ішлі заняткі па вывучэнні Катэхізісу – больш за сто юных вернікаў рыхтуюцца да прыняцця камуніі пакаяння і бежмавання. Група дарослых паглыбляла свае веды ў Бібліі. Кожны тыдзень збіраліся на малітву касцёльныя суполкі, вернікі маліліся за хворых, за дзяцей і ўнукаў, аб Божай міласэрнасці для церпячых душ у чыстцы, духоўна ўсынаўлялі зачатых і не жаданых для бацькоў дзяцей. Касцёльны хор адточваў на рэпетыцыях спевы, каб імі ўпрыгожыць святочную імшу. Сёстры-эўхарысткі праводзілі сустрэчы з інвалідамі ў аддзяленні дзённага знаходжання ТЦСАНа, падчас якіх разважалі пра жыццё, веру, Божыя запаведзі. Своеасаблівай кульмінацыяй духоўнай падрыхтоўкі сталі рэкалекцыі на тэму «Шлях да вечнасці».
Больш актыўна займаліся парафіяне і дабрачыннасцю – праведвалі хворых, шматдзетныя сем’і абменьваліся дзіцячай вопраткай і абуткам, многія атрымалі прадуктовыя наборы. Адным словам прыход жыў у чаканні самага галоўнага хрысціянскага свята – Вялікадня, каб заўтра разам перажыць час праслаўлення Бога, радаснага спеву «Алілуя!».
Фота з архіва аўтара