Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Хадзьба па канаце, палет над возерам, стральба па мішэнях. У Паставах прайшоў турзлет для пажылых (+ФОТА)

Калі вы думаеце, што жыццё ў палатках, гатаванне ежы на вогнішчы, фізічныя нагрузкі ў спаборніцтвах і конкурсах даспадобы толькі маладым, памыляецеся. У Паставах ужо трэці год запар збіраюцца прадстаўнікі залатога ўзросту на міжнародны злёт, з маладым запалам змагаюцца за перамогу і з задавальненнем бавяць час на сяброўскіх пасядзелках, дзе ўсім ёсць што ўспомніць, пра што пагаварыць.

Iніцыятарам і арганізатарам правядзення чарговай сустрэчы работнікаў сацыяльнай службы і іх падапечных актывістаў зноў выступіў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Пастаўскага раёна пры падтрымцы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама і Пастаўскага райвыканкама. Пакараць спартыўныя вяршыні, парадаваць сяброў добрай песняй прыехалі сёлета ў пастаўскія  «Азёркі» каманды Глыбоцкага, Астравецкага і Швянчонскага (Літва) раёнаў.

Выпрабаванні для турыстаў былі падрыхтаваны няпростыя. Першы этап уключаў канатную дарогу, стральбу па мішэнях, уздым па скаладроме, пера-адоленне вяровачных перашкод. Амаль 30 метраў па хісткіх канатах на вышыні 2,5 метра над зямлёй, палёт над возерам на 160-метровым тросе, карабканне па вертыкальнай сцяне не заўсёды ўдаецца  асіліць маладым, але ў «Азёрках» іх смела пераадольвалі тыя, каму за 70.

Пасля такой фізічнай і маральнай нагрузкі патрабаваўся адпачынак. І каманды  адправіліся ўладкоўваць свае стаянкі, гатаваць абеды. Першае і другое  таксама належала зрабіць з выдумкай і смакам.

Журы частавалася стравамі і ацэньвала карвінг (прыгожосць нарэзкі агародніны і садавіны), турысцкі быт. Глыбачане сустракалі песняй пра вішню і менавіта гэту ягаду выкарысталі для ўпрыгажэння стала. Астраўчане прапанавалі юшку з фарэлі, якая водзіцца ў рацэ Страчы, што працякае праз іх раён. Пастаўчане з кабачка выразалі імправізаваны карабель, на якім нібыта прыплылі на турзлёт і выканалі песню пра капітана. Літоўцы ў кацялку прыгатавалі адмысловы плоў. Пасля ацэнкі журы ўсе стравы панеслі на агульны абед, дзе і адбылося бліжэйшае знаёмства канкурсантаў.

А крыху пазней адбылася сустрэча і знаёмства з казачнымі героямі Уладзіміра Дубоўкі, што пасяліліся ў ляску на беразе возера. У гэты дзень яны таксама прымалі сяброў, якія прапаноўвалі свае конкурсы, загадкі… Каб пакатацца, напрыклад, на катамаране ці водным матацыкле, належала прайсці  «тунэль», змайстраваны Чарнаморам і Клеапатрай. Бабе Язе патрабаваўся яе партрэт. Адным словам,  падарожжа па казачным лесе з жартамі і песнямі аказалася вясёлым. Добраму настрою спрыяў і конкурс мастацкай самадзейнасці. Турысты аказаліся не толькі фізічна падрыхтаванымі, але і адоранымі рознымі талентамі. Хто спяваў, хто паказваў сцэнку, хто танцаваў – для кожнага хапіла воплескаў. Закончыўся напружаны дзень дыскатэкай і феерверкам.

Другі дзень злёта быў больш лёгкім. Гаспадары і госці забаўляліся ў конкурсах, абменьваліся напрацоўкамі ў пашырэнні сацыяльных паслуг, журы падводзіла вынікі. Хто перамог? Вядома, дружба – даўняя і сардэчная.

Фота прадастаўлена ТЦСАНам Пастаўскага раёна.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ