У савецкія часы амаль кожны хлопчык марыў стаць авіятарам. Гэта ваенная галіна хутка развівалася ў СССР пачынаючы з 30-х гадоў. Быў час, калі ў поўную моц гучаў «Марш авіятараў», а радкі «Всё выше, и выше, и выше стремим мы полет наших птиц…» спявала ўся краіна. Нямала нашых землякоў звязалі сваё жыццё з авіяцыяй, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны здзейснілі подзвігі, выконваючы баявыя заданні, загінулі як героі. Наш сучаснік - настаўнік Даўжанскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Канстанцін Гайдукоў — працяглы час збіраў матэрыялы пра нашых землякоў лётчыкаў — герояў часоў вайны. Некаторыя малавядомыя факты, спадзяёмся, будуць цікавы і нашаму чытачу.
Ас дальняй авіяцыі з Сенненшчыны
Сакавік 1942 года. На Крымскім паўвостраве войскі Чырвонай арміі вядуць наступальныя баі з мэтай выхаду ў тыл часцям вермахта, што блакіравалі Севастопаль. З паветра іх дзеянні падтрымлівае штурмавая і бамбардзіровачная авіяцыя.
Па важных аб’ектах у варожым тыле наносіць удары 6-ы дальнебамбардзіровачны полк са складу 132-й авіяцыйнай дывізіі далёкага дзеяння. Штурман палка капітан Міхаіл Бараноўскі вылятае на баявыя заданні. Адзін з вылетаў для яго стане апошнім – жыццёвы шлях ураджэнца Віцебшчыны абрываецца, а сам ён будзе ўлічаны як прапаўшы без вестак.
Што нам вядома пра яго? Нарадзіўся Міхаіл Бараноўскі ў вёсцы Каменка Сенненскага раёна 1 студзеня 1909 года. З 29 снежня 1931 года – на службе ў Чырвонай арміі. Баявое хрышчэнне прыняў на фронце савецка-фінляндскай вайны, у якасці штурмана зрабіў 13 вылетаў у глыбокі тыл праціўніка. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны старшы лейтэнант Бараноўскі сустрэў у Закаўказзі.
Штурман Бараноўскі без страт вадзіў сваю эскадрылью днём і ноччу ў складаных метэаралагічных умовах гарыстай мясцовасці, наносячы ўдары па аб’ектах у варожым тыле. 15 студзеня 1942 года ён вадзіў групу ДБ-3 на знішчэнне нямецкай авіяцыі на аэрадроме Марыупаль. Нягледзячы на воблачнасць і абледзяненне самалётаў, з уласцівай яму ўпартасцю і настойлівасцю здолеў адшукаць цэль і паразіць яе з вышыні 700 метраў пад агнём зенітак і знішчальнікаў. За мужнасць і гераізм быў прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам Леніна. Але да ўрачыстага ўручэння ўзнагароды, на жаль, не дажыў.
Калі кожны вылет як подзвіг
Павел Лепяшынскі з мястэчка Коханава Талачынскага раёна пачаў сваю службу ў Чырвонай арміі як курсант Харкаўскага ваеннага авіяцыйнага вучылішча. Марыў аб паступленні ў Ваенна-паветраную акадэмію, але пачалася вайна.
Штурманам звяна лятаў на знакамітай «Пешцы», бамбардзіроўшчыку Пе-2. Толькі за два месяцы, жнівень-верасень 1942 года, зрабіў 45 вылетаў на разведку.
Па стане на 1 кастрычніка 1942 года ў складзе экіпажа Павел Лепяшынскі зрабіў яшчэ 98 баявых вылетаў, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
Атрымаўшы дастатковую практыку вядзення авіяцыйнай разведкі, авіяполк быў перафарміраваны ў 366-ы асобны далёкаразведвальны авіяполк. Старшым штурманам палка Лепяшынскі працягваў лятаць на Пе-2. Ён ваяваў на Паўночнакаўказскім фронце. Перад апошнім вылетам вопытны штурман быў прызначаны ў склад экіпажа маладога лётчыка сяржанта Ястрабоўскага. 9 студзеня 1943 года іх самалёт узняўся ў неба. Паспяхова выканалі баявое заданне па разведцы войскаў і тэхнікі, аэрадромаў на краснадарскім і растоўскім напрамках, але на свой аэрадром так і не вярнуліся. Першапачаткова яны былі ўлічаны як прапаўшыя без вестак – звычайны лёс для лётчыкаў разведвальнай авіяцыі, якія выляталі на заданні адзіночнымі экіпажамі без належнага прыкрыцця.
Ужо пасля вайны высветліліся абставіны гераічнай гібелі экіпажа. У раёне горада Армавір Краснадарскага краю (Расія) іх «Пешка» была атакавана двума нямецкімі знішчальнікамі. Разведчыкі толькі ў выключных выпадках уступалі ў бой, бо павінны былі даставіць каштоўныя звесткі камандаванню. Але праціўнік узяў самалёт у «клешчы» з намерам прывесці яго на свой аэрадром. Савецкія лётчыкі перавялі машыну ў піке і загінулі, урэзаўшыся ў зямлю. Адбылося гэта ў раёне сяла Вольнае Успенскага раёна Краснадарскага краю. Калі наваколле было вызвалена перадавымі часцямі Чырвонай арміі, на грамадзянскіх могілках у Вольным адбылося ўрачыстае перапахаванне лётчыкаў, імёны якіх былі ўстаноўлены значна пазней.
З Дабрамысляў — у неба Запаляр’я
Ішоў трэці месяц вайны. Паветраныя налёты на Мурманск пачаліся з першага дня вайны. Нямецкае камандаванне планавала за некалькі дзён захапіць гэты важны стратэгічны пункт на Крайняй Поўначы, заняўшы ўзбярэжжа Кольскага заліва.
15 жніўня 1941 года нямецкая авіяцыя ў чарговы раз атакавала Мурманск. На перахоп праціўніка выляцелі лётчыкі 147-га знішчальнага авіяпалка. Для камандзіра звяна старшага лейтэнанта Яфіма Фаміна гэта быў 49-ы баявы вылет. Ён збіў два варожыя самалёты «Юнкерс-88», пасля чаго вырашыў знішчыць яшчэ адзін адыходзячы бамбардзіроўшчык. Адарваўся ад сваёй групы і трапіў у акружэнне нямецкіх знішчальнікаў, з якімі прыняў няроўны бой. Яго самалёт быў выведзены са строю, але вопытны лётчык, нягледзячы на цяжкае раненне, здолеў пасадзіць знішчальнік. Раны аказаліся несумяшчальнымі з жыццём. У палявым перасоўным шпіталі мужны і смелы лётчык памёр 16 жніўня 1941 года.
Вораг не прарваўся да Мурманска. І ў гэтым была заслуга нашага земляка – ураджэнца мястэчка Дабрамыслі сучаснага Лёзненскага раёна Яфіма Фаміна. Юнаку было ўсяго дзевятнаццаць гадоў, калі яго прызвалі ў Чырвоную армію па спецыяльным наборы. Якраз тады, на пачатку 1930-х гадоў, распачалася ў краіне індустрыялізацыя, а разам з ёй – карэнная перабудова арміі. Моладзь папаўняла рады артылерыі, асвойвала бранятанкавую тэхніку. А стаць авіятарам, скарыўшы паветраны акіян, марыў ці не кожны малады чалавек.
Фамін закончыў ваенную школу лётчыкаў у Харкаве. Восенню 1937 года ён як выдатнік атрымаў каманднае званне лейтэнанта і стаў служыць у знішчальнай авіяцыі. Праз два гады пачалася савецка-фінляндская вайна, і Яфім Фамін быў пераведзены ў
147-ы знішчальны авіяцыйны полк, які са студзеня 1940-га базіраваўся на аэрадромах Ваенга і Мурмашы пад Мурманскам. Тут, у суровым небе Запаляр’я, прыняў баявое хрышчэнне, праявіў сябе як адважны лётчык і ўмелы камандзір. За ўзорнае выкананне баявых заданняў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
Ужо вопытным лётчыкам Яфім Фамін сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай вайны. На самалёце МіГ-3 правёў 12 паветраных баёў. У той час першы ў савецкай авіяцыі знішчальнік МіГ-3 толькі асвойвалі, у яго былі яшчэ шматлікія недахопы.
1 ліпеня 1941 года Фамін на чале звяна штурмаваў наземныя войскі праціўніка, знішчыў да пяці аўтамашын і вывеў са строю зенітную гармату, а таксама ўзарваў склад з боепрыпасамі. Прывёў на базу звяно ў поўным складзе, захаваўшы матэрыяльную частку. 21 ліпеня лётчыкі пад яго камандаваннем зноў штурмавалі наземныя войскі на безыменнай вышыні і пераправе праз раку. Сваю групу камандзір зноў прывёў на аэрадром без страт. 13 жніўня Яфім Абрамавіч у чарговы раз узняў звяно ў неба, адбіваючы налёт люфтвафэ на горад і порт Мурманск. Лётчыкі не далі ворагу скінуць бомбы і збілі тры Ю-88. Сапраўды, яны неаднаразова дэманстравалі дзіўныя прыклады жывучасці. Яшчэ два знішчаныя «юнкерсы» наш зямляк запіша на ўласны лік у апошнім баі праз два дні…
Апошні прытулак ён знойдзе ў брацкай магіле на ўскраіне пасёлка Мурмашы Мурманскай вобласці Расіі. За праяўленыя мужнасць, доблесць і адвагу ў баях супраць нямецкіх фашыстаў яго пасмяротна ўзнагародзяць ордэнам Леніна – вышэйшай узнагародай у Савецкім Саюзе.
Канстанцін ГАЙДУКОЎ, настаўнік Даўжанскай сярэдняй школы Віцебскага раёна. Фота з адкрытых крыніц.