Аляксандра Маскалейчык у канцы ліпеня стала гераіняй першай паласы нашай газеты. Дзяўчына, выпускніца Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа, была адной з першых, хто сеў за руль новенькага трактара ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Зараз яна малады спецыяліст. Высветлілі, ці падабаецца ёй быць механізатарам.
Сельгаспрадпрыемства працягвае прырастаць маладымі кадрамі. Вось і на мінулым тыдні ў гаспадарку прыйшло яшчэ некалькі работнікаў, якім наканавана пачынаць тут свой працоўны шлях і, улічваючы дастойную зарплату і сацыяльны пакет, магчыма, застацца тут на доўгія гады. Сярод навічкоў і адзіная на сёння ў Докшыцкім раёне дзяўчына-механізатар – Аляксандра Маскалейчык.
– Носіцца наша Саша на сваім трактары з ветрыкам, – смяецца кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Навіцкі. – Бачна, што ўпэўнена адчувае сябе за рулём, з першых дзён на яе работу няма ніякіх нараканняў. А галоўнае – агеньчык у вачах гарыць. Значыць, па душы справа і будзе з дзяўчыны толк. Думаю, стане нашай гордасцю.
Аляксандра родам з Бераснёўкі. Туды ж, у бацькоўскі дом, вярнулася пасля заканчэння Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа, дзе атрымала спецыяльнасці трактарыста-машыніста, слесара чацвёртага разраду і вадзіцеля катэгорыі С. А ў «Бягомльскі» прыйшла з радасцю, бо ўжо добра там асвоілася падчас праходжання практыкі.
У адказ на пытанне, ці не стрымлівала пры выбары разуменне таго, што ў сельгаспрадпрыемствах на тэхніцы не толькі ездзяць, але яе і рамантуюць, а для дзяўчыны гэта ўсё ж болей складана, чым для прадстаўнікоў моцнага полу, Саша ўсміхаецца:
– Многае я магу зрабіць сама, без парады і фізічнай дапамогі. Многаму яшчэ навучуся ад старэйшых калег. Ды і з першых дзён зразумела, што мяне падтрымаюць, а калі нешта будзе складана выканаць, абавязкова дапамогуць. Так што спадзяюся, усё будзе як належыць.
Зараз Аляксандра працуе на невялічкім МТЗ-340.2 – абслугоўвае стойлавыя памяшканні малочнатаварнага комплексу «Бягомль». Стараецца зарэкамендаваць сябе, каб з цягам часу перасесці на больш магутную тэхніку: «У ідэале – на МАЗ». І яшчэ запаветнае жаданне ёсць у абаяльнай дзяўчыны: у наступным годзе паступіць у Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт і стаць інжынерам. А «Бягомльскаму» і такія маладыя кадры патрэбны.
Алена НЕСЦЯРОНАК, Докшыцы, фота аўтара.