Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Наталля Дубіна: “Не ведаю, як перадаць словамі тыя пачуцці, што адчуваю, калі ўсе збіраюцца ў хаце”.

Дзень у Наталлі Дубіны з глыбоцкага Падсвілля выдаўся турботны. Адправіўшы дзяцей у школу і дзіцячы сад, яна збіралася цяплей апрануць маленькую Ясенію і навесці парадак на невялікай градцы ля дома. Вялікі агарод сям’я трымае на дачы ў кіламетры ад кватэры. Там таксама ёсць яшчэ што рабіць. Але разумела: з малой не напрацуеш. Таму лепш прыбрацца ў кветніку, і хай познія восеньскія хрызантэмы ды аксаміткі яшчэ парадуюць вочы.

Не паспела выйсці ў двор, як прыехаў муж. Прывёз дошкі, якія атрымаў як узнагароду за шчырую працу ў лясніцтве. Яны былі дарэчы. Патрабаваўся рамонт гаспадарчым пабудовам на сядзібе яго бацькі. І яе маці купіла кватэру ў суседнім доме, дзе таксама трэба ашкляніць балкон. Не паспела патэлефанаваць родным, як новы званок – з раёна паведамлялі, што прыйшло запрашэнне з аблвыканкама для яе сям’і на ўрачыстасць з нагоды ўручэння шматдзетным матулям ордэна Маці. У галаве закруціліся новыя думкі: што апрануць – вырашыла ехаць са старэйшай дачкой Палінай, – на чым дабрацца – давядзецца прасіць свёкра, бо свая машына ў рамонце; на гаспадарку трэба паклікаць маці, каб дагле­дзела меншых дзяцей…

А дзяцей у Наталлі і Аляксандра Дубінаў аж пяць. Усе адзін з-пад аднаго. Старэйшай Паліне 11 гадоў, вучыцца ў шостым класе. Самай малодшай Ясеніі – няма і двух. Паміж імі падрастаюць Арцём, Валерыя і Мікіта. Паліна і Арцём – вучні мясцовай сярэдняй школы. Школьную навуку асвойваюць старанна. Паліна, па расказах маці і настаўнікаў, дзяўчынка творчая. З усіх прадметаў ёй найбольш лёгка даюцца руская і беларуская мовы, літаратура. Ёй няма роўных, калі трэба пераказаць змест твора, напісаць сачыненне. За адзін такі твор стала другім прызёрам раённага конкурсу. А яшчэ Паліна добра малюе, і настаўнікі раюць маці аддаць дачку на мастацкае аддзяленне дзіцячай школы ў Глыбокім, магчыма, і на харэаграфічнае аддзяленне. Сёлета дзяўчынка захапілася валейболам і з задавальненнем наведвае спартыўную секцыю. Гэтым летам перажыла яшчэ адну падзею – атрымала таінства першай камуніі, сталее ў веры.

– Наогул сталее, – гаворыць пра дачку маці. – Пашыраецца кола інтарэсаў. Нечакана для нас, бацькоў, захапілася інфарматыкай, сістэмна паглыбляецца ў гэту навуку. Стала больш цікавіцца хатнімі справамі – гатаваннем страў, рукадзеллем. Бліны ў яе атрымліваюцца больш смачныя, чым у мяне, хоць я па прафесіі кандытар.

Арцём – другакласнік. Мамін сын, кажа пра яго Наталля. Любіць сам чытаць і каб яму пачыталі. Як і ўсе хлапчукі, ганяе мяч і на наступны год, калі споўніцца дзевяць, пойдзе ў спартыўную секцыю.

– Пра захапленні малодшых гаварыць яшчэ рана, – разважае маці. – Магу толькі сказаць, што ўсе будуць добра маляваць, танцаваць. Нават Ясенія ўжо размалёўвае па хаце шпалеры. Усе дружныя, адзін за аднаго гарой. Навучаны трымаць у парадку рэчы, засцілаць ложкі, прыбіраць у пакоях.

Кватэру ў Падсвіллі сям’я мае трохпакаёвую. Адзін пакой для бацькоў і маленькай Ясеніі, другі – для хлопчыкаў, трэці – для дзяўчынак. У бацькоўскім стаяць вялізныя ложак і тэлевізар. Гэта сямейная кіназала, дзе, сабраўшыся разам, дзеці з маці глядзяць мультфільмы, а ў выхадныя раскладаюць стол для гульні.

З бацькам іншы занятак: схадзіць на рыбалку, паганяць мяч, пакруціцца побач, калі ён рамантуе трактар ці аўтамабіль.

– Я заўсёды хацела вялікую сям’ю, – дзеліцца Наталля. – Не ведаю, як перадаць словамі тыя пачуцці, што адчуваю, калі ўсе збіраюцца ў хаце. Нас сем “Я”, і гэта паўнацэнная сям’я, у якой пануюць любоў і павага адзін да аднаго.

Муж з жонкай не дзеляць работу на мужчынскую і жаночую. Хто мае час, той займаецца з дзецьмі, корміць жывёлу. Канешне, Наталля не садзіцца на трактар, не арэ, і Аляксандр не бярэцца шыць уборы дочкам. Але, каб паехаць на дачу і накарміць парасят, жонка не будзе чакаць мужа. А ён стане ў градку і выпале пустазелле, выкупае, калі трэба, малых, а раніцай, хто ўстане першым, прыгатуе каву і занясе ў ложак спадарожніку па жыцці. Так і жывуць у каханні і згодзе, гадуюць дзяцей і радуюцца жыццю.

Фота з архіва сям’і ДУБІНАЎ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ