У першую нядзелю чэрвеня ў краіне адзначаць прафесійнае свята спецыялістаў у галіне меліярацыі зямель і воднай гаспадаркі, надзейных партнёраў аграрыяў. Напярэдадні мы сустрэліся з дырэктарам Міёрскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Уладзімірам Нікалаёнкам і пагутарылі пра стан спраў арганізацыі.
Міёрскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм створана ў 1986 годзе. Частка інжынерна-тэхнічных работнікаў, механізатараў і вадзіцеляў была пераведзена з Язненскай ПМК меліярацыі. У той час тут працавала больш за 300 работнікаў. Цяпер колькасць занятых дасягае прыкладна 100 чалавек. На балансе амаль 2,6 тысячы кіламетраў каналаў, 35 тысяч кіламетраў закрытай сеткі, 228 кіламетраў унутрыгаспадарчых дарог, вялікая колькасць гідратэхнічных збудаванняў. Некалькі год назад да прадпрыемства далучана Браслаўскае ПМС, дзе цяпер створаны ўчастак. На ім працуюць крыху больш за 30 чалавек.
– Мы пільна сочым за станам усіх меліярацыйных збудаванняў – гэта асноўны абавязак меліяратара, – падкрэслівае Уладзімір Нікалаёнак. – У гэты час вядзём рэканструкцыю меліясістэм на трох аб’ектах у Міёрскім раёне і на адным у Браслаўскім. За апошнія два гады набылі каля 20 адзінак новай сучаснай тэхнікі – бульдозеры, экскаватары, трактары, самазвалы. Менавіта дзякуючы гэтаму, а яшчэ і чалавечаму фактару мы выконваем даведзеныя планы. Так, выкананне падрадных работ за мінулы год у грашовым выражэнні склала 5 мільёнаў 450 тысяч рублёў. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг) перавысіла 6,5 мільёна рублёў. Чысты прыбытак склаў больш за 80 тысяч рублёў, рэнтабельнасць – 4,2 %, сярэдняя заработная плата – 1781 руб.
Дырэктар звяртае ўвагу, што з году ў год прадпрыемства займае лідзіруючыя пазіцыі сярод аналагічных арганізацый Віцебшчыны. Кожны з работнікаў прыкладае максімум намаганняў для стабільнага эканамічнага развіцця ПМС.
– Тым не менш хочацца адзначыць сумленную працу першага намесніка – галоўнага інжынера Валерыя Лісаковіча, галоўнага бухгалтара Аксаны Усціновіч, – гаворыць кіраўнік. – Слоў удзячнасці заслугоўваюць начальнікі ўчасткаў Тадэвуш Рудзь, Юрый Леўша, начальнік планава-вытворчага аддзела Сяргей Жук, а таксама шэраг трактарыстаў, бульдазерыстаў, экскаватаршчыкаў, вадзіцеляў, усіх тых, хто, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, самааддана працуе на станоўчы вынік.
Сам Уладзімір Нікалаёнак працуе ў галіне шмат гадоў. Пачынаў у Язненскай ПМК меліярацыі памочнікам экскаватаршчыка. Пасля тэрміновай службы зноў вярнуўся ў Язна. Прага да далейшай вучобы і прафесійнага росту паспрыяла таму, што паступіў і паспяхова закончыў Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум. З утварэннем у 1986 годзе Міёрскай ПМК меліярацыі перавёўся ў гэту арганізацыю, дзе стаў працаваць майстрам. Без адрыву ад вытворчасці завочна закончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. У Міёрах прайшоў усе прыступкі прафесійнай лесвіцы, што, безумоўна, паспрыяла назапашванню вопыту. У 2009 годзе ўзначаліў прадпрыемства.
– Ведаеце, ніколі не пашкадаваў аб выбранай прафесіі, – гаворыць суразмоўца. – Як вясковы хлопец я не шукаў лепшай долі, застаўся ў родных мясцінах, каб прыносіць карысць малой радзіме.
За шматгадовую сумленную працу Уладзімір Нікалаёнак мае шэраг узнагарод, сярод якіх граматы і падзякі раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. У 2011 годзе яму прысвоена званне «Ганаровы меліяратар Рэспублікі Беларусь», а сёлета з рук старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна ён атрымаў дыплом лаўрэата ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны». Гэта стала чарговым прызнаннем сумленнай працы Уладзіміра Нікалаёнка на карысць Бацькаўшчыне.
Сяргей Райчонак, фота аўтара.