«Асцярожна, злы цмок!». Такую шыльду ўбачыў у двары недалёка ад цэнтральнай плошчы Паставаў.
– На самай справе загрызе? – спытаў у сталага мужчыны, які сядзеў у глыбіні двара на высокім ганку дома.
А было б нядрэнна, — пачуў у адказ. – Напэўна, вы, уладальнікі аўто, заязджалі б на іх у кватэры, дазвалялі б толькі яе габарыты.
Адчувалася, што гаспадара дома машыны дапяклі, а яшчэ больш –бескультур'е вадзіцеляў. Пра гэта і разгаварыліся.
– Сцяпан, – прадставіўся мой новы знаёмы. – У гэтым доме жыву 50 гадоў. З ранейшых жыхароў застаўся, лічы, адзін. Бачыце, усё цяпер занята крамамі, з уладальнікамі якіх мае інтарэсы не супадаюць. Ім цікава мець больш пакупнікоў, якія цяпер таксама ў большасці на колах. Мне ж даражэй спакой і магчымасць свабоднага праходу і пад'езду да дома. Бо, не дай Бог, спатрэбіцца хуткая дапамога, выносіць да машыны давядзецца не адзін дзясятак метраў. Хто будзе гэта рабіць? Наўрад ці хто з вадзіцеляў машын, што загароджваюць дарогу, паспяшаецца на дапамогу.
Вядома, Сцяпан згушчаў фарбы, не ўсе навокал абыякавыя і чэрствыя. Людзі пастаянна падтрымліваюць і дапамагаюць адно аднаму ў цяжкіх сітуацыях.
Але Сцяпан вядзе барацьбу з тым, што яго раздражняе, даступным яму спосабам. Ён мастак і размаляваў «страшылкамі» сцены гаспадарчых пабудоў, разлічваў, што ў кампаніі з рознымі пачварамі мала каму захочацца адпачываць. Справа ў тым, што яго ўчастак, хоць і блізкі да цэнтра горада, але разам з тым і адасоблены, з пагорка спускаецца прама да рачулкі. Таму яго і аблюбавалі кампаніі ды парачкі, пасля якіх заставаліся ўпакоўкі ад чыпсаў, шкляныя і пластыкавыя бутэлькі і іншае смецце. Вось і вырашыў Сцяпан сілай мастацтва паўплываць на свядомасць няпрошаных гасцей. А для надзейнасці паставіў яшчэ таблічкі з іспанскім папярэджаннем «No pasaran!».
– Не зразумелі, – прызнаўся ён. – Тады пайшоў па дапамогу па інстанцыях. Магу сказаць, што праблему амаль вырашылі. Аднак камунальнікам трэба самім, без лішняга напаміну, часцей зазіраць у такія ціхія месцы.
Мы пагаварылі пра добраўпарадкаванне Пастаў, пра тое, як прыгажэе горад, прыводзяцца ў парадак вуліцы і, вядома, пра тое, каб з ростам дабрабыту ці нават хутчэй за яго расла культура чалавека, у тым ліку вадзіцеля.
Сцяпан звяртаў увагу на самае простае – паркоўку машыны. Вадзіцель можа паставіць яе на тратуары, прама перад пад’ездам, заехаць на газон. Здавалася, ну пра што гаварыць, усё гэта дробязі. Але колькі нязручнасцяў яны прыносяць іншым! Вось з гэтым і змагаецца немалады пастаўчанін, прымушае задумвацца пра тое, што не толькі вадзіцель і яго аўто з’яўляюцца цэнтрам сусвету. Разлічвае, што кагосьці закране яго напамін: мы ўсе жывём у адным доме, і яго належыць трымаць у парадку, а з суседзямі жыць у згодзе.
Пазіцыя, якая заслугоўвае павагі.
Фота Аляксандра Азерскага